Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаньне па справе аб крадзяжы зброі ў Баранавічах чыталі два дні


Пад канец другога судовага дня на працэсе ў Баранавічах па справе аб крадзяжы зь мясцовай вайсковай часткі зброі і выбухоўкі прадстаўнікі пракуратуры закончылі чытаць абвінавачаньне. На лаве падсудных 10 чалавек. Кожнага суд спытаў, ці прызнае ён віну і ці згодны даваць паказаньні.

Былы загадчык аддзелу матэрыяльнага забесьпячэньня в/ч 29969 Юры Марчанка фігуруе фактычна ва ўсіх эпізодах абвінавачаньня. Паводле сьледзтва, ён быў рухавіком злачынстваў са зброяй — замаўляў выкраданьні пісталетаў Макарава і аўтаматаў Калашнікава ў вайскоўца Дзьмітрыя Кульжыка і дапамагаў яму выносіць зброю, развозіў яе па схронах, шукаў пакупнікоў і вызначаў кошты скрадзенага.

Цікавасьць да ягоных паказаньняў найвялікшая. Але выявілася, што Юры Марчанка са сьледзтвам пераважна нязгодны. Толькі па адным з 7 абвінавачаньняў былы вайсковец прызнае сябе цалкам вінаватым — у спробах незаконнага збыту скрадзенай зброі. А вось па ўсіх астатніх, у тым ліку ў незаконным набыцьці зброі і паплечніцтве ў яе крадзяжы — толькі часткова.

Юры Марчанка пагадзіўся даваць паказаньні, але з умовай, каб спачатку дапыталі іншых абвінавачаных і ўсіх сьведак. А іх каля 30 чалавек, плюс некалькі пацярпелых. Але суд пайшоў падсуднаму насустрач і зацьвердзіў такі парадак судовага сьледзтва. Заўтра, 12 верасьня, а 10 гадзіне пачнуць дапытваць Дзьмітрыя Кульжыка, потым астатніх падсудных, пасьля сьведак, і толькі тады дасьць паказаньні Марчанка. Дзьмітры Кульжык, як сьцьвярджае абвінавачаньне, выносіў з часткі зброю і выбухоўку. Сваю віну ў гэтым Кульжык прызнае таксама часткова.

Дзьмітры Кульжык
Дзьмітры Кульжык

З 10 абвінавачаных толькі 3 ужо цяпер цалкам прызналі сваю віну па ўсіх пунктах. Гэта Мікалай Чорны, Дзяніс Шавель і Віталь ​Суднік-Грынкевіч. Апошні нават пасьпеў паведаміць, што раскайваецца ва ўчыненым. Але гэтыя падсудныя ў справе фігуруюць толькі ў асобных эпізодах, іх роля вельмі нязначная. А вось з боку іншых абвінавачаных назіральнікі чакаюць сапраўднага абарончага бою.

Сярод такіх — былы опэрупаўнаважаны раённай міліцыі Аляксандар Века, якому, паводле сьледзтва, пастаўляў частку скрадзенай зброі Юры Марчанка. Тры з чатырох пунктаў выстаўленага яму абвінавачаньня Века не прызнаў цалкам. У жалезнай клетцы, дзе трымаюць падчас працэсу 8 з 10 падсудных, ён выглядае самым незламаным і нават час ад часу ўсьміхаецца.

Аляксандар Века
Аляксандар Века

Юрыя Марчанку ахоўнікі трымаюць асобна ад іншых — на першай ад пракурораў лаве, з ланцужком на руцэ. 11 верасьня ў суд прыйшоў ягоны бацька, але сакратар суду папрасіла яго пакінуць памяшканьне. Бацьку Марчанкі выклічуць у суд як сьведку, і таму на паседжаньнях ён пакуль ня можа прысутнічаць.

Дзе зброя, якую скралі са складу вайсковай часткі ў Баранавічах?

У матэрыялах абвінавачваньня, якое прагучала ў судзе, фігуруюць 26 пісталетаў Макарава,

  • больш за 5 аўтаматаў Калашнікава,
  • ствольная скрынка карабіна,
  • падствольны гранатамёт з гранатамі,
  • некалькі корпусаў гранат, узрывальнікі да іх,
  • 1878 патронаў да пісталета Макарава,
  • 2185 патронаў да аўтамата Калашнікава,
  • прыцэлы (колькасьць не называецца).

Абвінавачваньне не казала, дзе цяпер гэты арсэнал. Адзін з адвакатаў на ўмовах ананімнасьці сказаў, што нібыта Юры Марчанка на сьледзтве даў падрабязныя паказаньні, якія дазволілі вярнуць зброю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG