Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўдмуртыі завялі крымінальную справу пасьля самаспаленьня абаронцы ўдмурцкай мовы


Альберт Разін

Ва Ўдмуртыі заведзена крымінальная справа па факце самаспаленьня навукоўца Альберта Разіна каля будынку Дзяржаўнага Савету рэспублікі.

Крыніца агенцтва «Інтэрфакс» у мясцовай пракуратуры паведаміла, што справа заведзена па артыкуле «давядзеньне да самагубства».

У аўторак раніцай Разін выйшаў зь пікетам да будынка Дзяржсавету з плякатамі, на адным зь якіх былі напісаныя радкі Расула Гамзатава: «І калі заўтра мая мова зьнікне, то я гатовы сёньня памерці».

Паводле словаў сяброў навукоўца, перад сэсіяй парлямэнту ён хацеў раздаць дэпутатам свае патрабаваньні. У які момант пляны Разіна зьмяніліся — пакуль ня ясна, але замест раздачы ўлётак ён абліў сябе бэнзінам і падпаліў.

Вучонага даставілі ў рэспубліканскую бальніцу ў крытычным стане з апёкамі амаль 100% цела. Ён быў уведзены ў мэдыкамэнтозны сон, але празь некалькі гадзін памёр.

Пасьля таго, што здарылася, пасяджэньне Дзяржсавету было перанесена на 24 верасьня.

  • Альберту Разіну было 79 гадоў. Ён — кандыдат філязофскіх навук, дацэнт, заслужаны дзеяч навукі Ўдмуртыі, актыўны ўдзельнік Удмурцкай нацыянальнага руху «Удмуртыя Кенеша».
  • Летам мінулага году Разін зьвярнуўся з адкрытым лістом да старшыні Дзяржсавету Ўдмуртыі Аляксея Прасолава і дэпутатаў Дзяржсавету з патрабаваньнем не падтрымліваць законапраект аб адмене абавязковага вывучэньня моў карэнных народаў Расеі ў сярэдніх школах, які быў накіраваны Дзяржаўнай Думай для ацэнкі ў рэгіёны.
  • У ліпені прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на пасяджэньні савета па міжнацыянальных адносінах заявіў аб недапушчальнасьці прымусу школьнікаў вывучаць іншыя мовы народаў Расеі, акрамя расейскай. Гэта выклікала незадаволенасьць у некалькіх рэспубліках — у прыватнасьці, ва Ўдмуртыі.
  • Па выніках ўсерасейскіх перапісаў насельніцтва 2002 і 2010 гадоў, за 8 гадоў колькасьць людзей, якія валодаюць удмурцкай мовай, скарацілася на 30% — з 463 тысяч чалавек да 324 тысяч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG