Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто адказны за выбухі ў жылых дамах у Расеі? Пытаньне, якому 20 гадоў


На месцы выбуху на вуліцы Гур’янава ў Маскве, 9 верасьня 1999 году

20 гадоў таму, у ноч на 9 верасьня 1999 году, у жылым доме ў Маскве на вуліцы Гур’янава адбыўся магутны выбух, які цалкам зьнішчыў два пад’езды. 13 верасьня, у дзень жалобы па загінулых на вуліцы Гур’янава быў узарваны яшчэ адзін маскоўскі жылы дом — на Кашырскай шашы. У доме на вуліцы Барысаўскія Пруды выявілі гатовую да падрыву выбухоўку. 16 верасьня быў зьнішчаны дом у Валгадонску. Загінулі амаль 250 чалавек, пацярпелі каля паўтары тысячы.

Афіцыйная вэрсія

Паводле афіцыйнай вэрсіі, у ліпені 1999 году кіраўнік нейкага Ісламскага інстытуту «Каўказ» Аль-Хатаб даручыў групе «ўстаноўленых і неўстаноўленых сьледзтвам асобаў» падарваць у Расеі некалькі жылых дамоў. Адзіны афіцыйны дакумэнт, у якім гэтая вэрсія выкладзена адносна падрабязна, — прысуд Маскоўскага гарадзкога суду, вынесены ў 2004 годзе Юсуфу Крымшамхалаву і Адаму Дэкушаву. Ні ФСБ, ні Генэральная пракуратура, ні прэзыдэнт Расеі не палічылі патрэбным больш ці менш дэталёва і доказна інфармаваць грамадзтва пра тое, як, на іх думку, адбылося забойства 250 грамадзян Расеі. Ёсьць і іншая вэрсія: выбухі арганізавала кіраўніцтва ФСБ.

Якая выбухоўка і адкуль?

Першае пытаньне пры расьсьледаваньні выбухаў у дамах: якая выбухоўка была выкарыстаная? Калі яна была прыгатавана саматужным спосабам, трэба шукаць хімікаў, якія ведаюць, як гэта можна зрабіць і дзе дастаць неабходныя інгрэдыенты.

У верасьні 1999 году, калі ў расьсьледаваньне былі ўцягнутыя сотні людзей і фальсыфікаваць інфармацыю было цяжка, стала вядома, што дамы падрывалі гексагенам ў сумесі з трацілам ці іншымі выбуховымі матэрыяламі. Пра гэта ў тыя дні шмат пісалі СМІ са спасылкай на супрацоўнікаў ФСБ. Вырабіць гексаген ў хатніх умовах немагчыма. Аднак зьвесткі аб праверцы прадпрыемстваў, якія яго вырабляюць, ды складоў, арсэналаў і іншага, так і не зьявіліся. Між тым гаворка ішла не пра кіляграмы, а пра некалькі тон гэтага рэчыва.

Пасьля выбуху на Кашырскай шашы, 13 верасьня 1999 году
Пасьля выбуху на Кашырскай шашы, 13 верасьня 1999 году

Хто падклаў выбухоўку?

Іншае ключавое пытаньне: хто зьмясьціў выбухоўку туды, дзе яна выбухнула?

Паводле вэрсіі сьледзтва, арганізатарам выбухаў быў нехта Ачымэз Гачыяеў, які арандаваў склад, дзе захоўвалася выбухоўка, і памяшканьні ў дамах на Кашырскай шашы, вуліцах Гур’янава і Барысаўскія Пруды. Ён з двума памочнікамі заклаў у кожнае з памяшканьняў па 2–3 тоны выбухоўкі і прылады для яе падрыву. Пасьля выбухаў гэтая тройца сьпешна пакінула Маскву і зьнікла ў Чачні, далучыўшыся там там да тэрарыстычных груповак.

Усе гэтыя дзеяньні выклікаюць зьдзіўленьне. Улетку 1999 году ў Маскве мала хто афармляў арэнду памяшканьняў на некалькі дзён ці тыдняў. З прычыны крызысу ў многіх арандатараў спыніўся бізнэс. Насамрэч тады можна было без праблемаў зьняць кватэру, заплаціўшы гаспадару пару сотняў даляраў наяўнымі, а не спыняцца ў гатэлі, дзе трэба было прад’яўляць дакумэнты. Да таго ж у Гачыяева была свая кватэра ў Маскве. Але Гачыяеў, калі верыць уладам, ледзь не сьвядома наводзіў сьледзтва на сьляды — свае і аднаго з памочнікаў, зь якім яны спыніліся ў гатэлі.

У афіцыйнай вэрсіі ёсьць і іншыя прарэхі. Незразумела, напрыклад, адкуль Крымшамхалаў і Дэкушаў атрымалі 13 тон самаробнай выбухоўкі.

Ратавальнікі нясуць цела адной з ахвяраў выбуху ў Валгадонску 16 верасьня 1999 году
Ратавальнікі нясуць цела адной з ахвяраў выбуху ў Валгадонску 16 верасьня 1999 году

Вэрсія Гачыяева

У 2002 годзе Гачыяеў, які хаваўся ці то ў Грузіі, ці то на Блізкім Усходзе, перадаў журналістам відэазапісы і пісьмовыя паказаньні, у якіх выклаў сваю вэрсію падзей лета і восені 1999 году.

У канчатковым выглядзе яго гісторыя выглядае так. З 1996 году Гачыяеў жыў у Маскве, разам зь нейкім Аляксандрам Кармішыным валодаў будаўнічай фірмай «Капстрой-2000». У пачатку лета 1999 году да яго прыйшоў яго школьны таварыш, Рамазан Дышэкаў, прапанаваў разам заняцца продажам мінэральнай вады. Гачыяеў даручыў гэтую справу свайму земляку, які працаваў у фірме «Капстрой-2000», Раулю Чынчыкаву. Затым Дышэкаў папрасіў дапамагчы арандаваць памяшканьні пад склады. Чынчыкаў знайшоў адпаведныя памяшканьні, якія Дышэкаў асабіста арандаваў пад сваю фірму. 13 верасьня, пасьля выбуху на Кашырскай шашы, па тэлебачаньні паказалі фота Гачыяева, ён зразумеў, што яго хочуць падставіць, зьвязаўся з Чынчыкавым, даведаўся ў яго пра іншыя арандаваныя памяшканьні, патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра склады на Барысаўскіх Прудах і ў Капотне.

Пасьля гэтага ён пакінуў Маскву, вярнуўся ў Карачаева-Чаркесію, вымушаны быў хавацца. Неўзабаве Чынчыкаў быў забіты. Пасьля Гачыяеў даведаўся, што ўлетку 1999 году Дышэкаў быў сакрэтным агентам ФСБ, а потым адкрыта працаваў у гэтым ведамстве. Гісторыі Гачыяева можна верыць або і не, але многія яе моманты, напрыклад, яго месца жыхарства ў Маскве, лёс Чынчыкава, асобу Дышэкава, можна лёгка праверыць.

Датычнасьць ФСБ?

Iншае сьведчаньне датычнасьці ФСБ да верасьнёвых выбухаў зьвязана з так званымі «вучэньнямі» ў Разані. Увечары 22 верасьня 1999 году жыхар аднаго з дамоў у гэтым горадзе ўбачыў, што трое невядомых заносяць з аўтамашыны ў склеп нейкія мяшкі. Была выкліканая міліцыя, выявілі, што з аднаго з мяхоў тырчаць драты, прыехалі выбухатэхнікі і апэратыўнікі абласнога ФСБ. Зь мяшка вынялі дэтанатар з гадзіньнікам. Газааналізатар паказаў, што ў мяшках знаходзіцца гексаген. На наступны дзень расейскія СМІ са спасылкамі на Разанскае ўпраўленьне ФСБ паведамілі, што прадухілены тэракт.

Увечары 23 верасьня гэта пацьвердзіў і сам прэм’ер-міністар Пуцін. Рэч аднак была ў тым, што ўвечары 23 верасьня ў Разані былі затрыманыя тры падазроныя ў падрыхтоўцы тэракту, якія аказаліся супрацоўнікамі цэнтральнага апарату ФСБ. Насьпяваў жахлівы палітычны скандал. Гэтыя людзі, выбухоўка і дэтанатар былі тэрмінова адпраўлены ў Маскву. А шэф ФСБ Патрушаў распавёў зьдзіўленай публіцы, што ў Разані праводзіліся вучэньні, у мяшках знаходзіўся цукар, а дэтанатар быў нейкай імітацыяй.

Уладзімір Пуцін наведвае ў шпіталі салдат, параненых у Чачні. 28 сьнежня 1999 году
Уладзімір Пуцін наведвае ў шпіталі салдат, параненых у Чачні. 28 сьнежня 1999 году

Каму выгадна

І нарэшце, стандартнае пытаньне: cui prodest — каму выгадна? Каму спатрэбілася падрываць домы ў расейскіх гарадах? Улетку 1999 году, сьцьвярджаюць расейскія ўлады, лідэры баевікоў рыхтавалі ўварваньне ў Дагестан і, каб адцягнуць увагу Масквы, арганізавалі сэрыю тэрарыстычных актаў у Расеі. Аднак кіраўнікі гэтых груповак, як бы да іх ні ставіцца, ідыётамі не былі. Яны не маглі не разумець, што «чачэнскі сьлед» будзе адразу знойдзены і прывядзе да новай вайны ў Чачні, якая рана ці позна скончыцца іх паразай. Іншымі словамі, рацыянальнага матыву ў Хатаба, Басаева і ім падобных на той момант не было.

Але такі матыў цалкам мог быць у часткі расейскіх уладных вярхоў. Адразу пасьля выбухаў аналітыкі праваахоўных органаў разьлічылі час, патрэбны на падрыхтоўку такіх тэрактаў — 4–4,5 месяцы. Гэта значыць, што рашэньне аб падрыхтоўцы тэрактаў было прынятае ў красавіку-пачатку траўня 1999 году. Сытуацыя ў Маскве тады станавілася ўсё больш напружанай.

12 траўня ў адстаўку быў адпраўлены тагачасны прэм’ер Яўген Прымакоў. Барыс Ельцын ліхаманкава шукаў пераемніка, які мог бы перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах 2000 году. Але шанцаў на гэта было няшмат. Прымакоў пры падтрымцы мэра Масквы Юрыя Лужкова і шэрагу іншых уплывовых рэгіянальных лідэраў пачаў барацьбу за прэзыдэнцкі пост. Улетку 1999 яго рэйтынг прыкметна перавышаў рэйтынг Сяргея Сьцяпашына, прызначанага ў траўні прэм’ерам і разгляданага ў якасьці магчымага пераемніка Ельцына. Можна меркаваць, што менавіта тады высьпеў плян, які прадугледжваў пачатак новай вайны ў Чачні і сэрыю тэрактаў — падзеі, якія дазволілі б увесьці надзвычайнае становішча і адмяніць выбары.

Падобна на тое, што выбухі ў Маскве і Валгадонску былі пачаткам рэалізацыі гэтага пляну, але пасьля скандалу з «вучэньнямі» ў Разані яго прыйшлося адмяніць.

Поўная вэрсія матэрыялу тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG