Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве затрымалі 14 чалавек, некаторыя зь іх былі з сымболікай у падтрымку арыштаваных пратэстоўцаў


Расейскі муніцыпальны дэпутат і журналіст выданьня «Новая газета» Ільля Азар

У Маскве затрымалі 14 чалавек — актывістаў і журналіста «Новой газеты» — некаторыя зь іх былі апранутыя ў футболкі з сымболікай у падтрымку фігурантаў гэтак званай «маскоўскай справы».

Пра гэта паведамілі «ОВД-Инфо», а таксама сама «новая газета» са спасылкай на каардынатарку праекту «Аб’яднаныя дэмакраты» Тацьцяну Усманаву.

Сярод затрыманых: муніцыпальны дэпутат і журналіст выданьня «Новая газета» Ільля Азар, удзельніца гурту Pussy Riot Марыя Алёхіна, актывісты Вікторыя Іўлева, Максім Кандрацьеў, Марыя Чорных, Тацьцяна Усманава, Алена Філіна, Віктар Котаў, Анастасія Хромава, Марыя Кузьняцова, Ганна Лойка, Яўген Аўчароў, Станіслаў Тапаркоў і Крысьціна Тапаркова.

Па словах Азара, паліцэйскія заявілі, што ён знаходзіцца ў «сьпісе падазроных асобаў». Але канкрэтную прычыну затрыманьня ні яму, ні іншым затрыманым не патлумачылі.

Марыя Алёхіна расказала, што групай людзей яны прайшлі паліцэйскія рамкі на Цьвярской вуліцы, пасьля чаго іх затрымалі без тлумачэньня прычын.

Пасьля сэрыі пратэстаў у Маскве Сьледчы камітэт Расеі пачаў некалькі крымінальных спраў па розных артыкулах: удзел у масавых беспарадках, гвалт у дачыненьні да прадстаўнікоў улады, неаднаразовае парушэньне правілаў удзелу ў мітынгах, распальваньне нянавісьці з пагрозай гвалту. У двух выпадках пракуратура запатрабавала пазбавіць удзельнікаў мітынгаў бацькоўскіх правоў. Усе гэтыя працэсы вядомыя ў расейскіх мэдыях пад адной назвай — «маскоўская справа».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG