Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭЗ і NATO віталі абмен зьняволенымі паміж Украінай і Расеяй


Вызваленыя ўкраінцы і іх сваякі ў аэрапорце «Барыспаль» 7 верасьня 2019

У Эўрапейскім зьвязе і Паўночнаатлянтычным альянсе віталі абмен зьняволенымі паміж Украінай і Расеяй, які адбыўся раней 7 верасьня.

Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Дональд Туск пры гэтым зьвярнуў асаблівую ўвагу на вызваленьне з расейскага зьняволеньня рэжысэра Алега Сянцова і ўкраінскіх маракоў. «Я працягваю заклікаць Расею вызваліць усіх палітычных зньяволеных і паважаць тэрытарыяльную цэласьць Украіны», — напісаў ён у Твітэры.

Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Давід Сасолі выступіў з заявай аб вызваленьні менавіта Алега Сянцова. Ён нагадаў, што ўкраінскі рэжысэр атрымаў прэмію Эўрапарлямэнту за свабоду думкі імя Сахарава за 2018 год. «Чакаю хуткую асабістую сустрэчу з Алегам Сянцовым у Эўрапейскім парлямэнце, каб уручыць яму прэмію Сахарава», — заявіў ён.

«Сянцоў быў вызвалены ў рамках дамоўленасьці паміж Расеяй і Ўкраінай аб абмене групамі зьняволеных. Мы вітаем гэта як крок у правільным кірунку і прыкмету памяншэньня напружанасьці паміж дзьвюма краінамі», — дадаў старшыня Эўрапарлямэнту.

Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах, віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі Фэдэрыка Магерыні, вітаючы абмен, заявіла пра вызваленых Расеяй украінскіх зьняволеных: «Іх вызваленьне ёсьць сьведчаньнем намаганьняў і рашучасьці ўсіх, у тым ліку грамадзянскай супольнасьці, актывістаў і юрыдычных экспэртаў, якія нястомна працавалі для гэтага выніку». «Эўрапейскі зьвяз чакае, што ўсе бакі працягнуць разьвіваць цяперашні штуршок», — дадала яна.

Таксама віталі вызваленьне ўкраінскіх закладнікаў і ў Паўночнаатлянтычным альянсе. Зьвярнуўшы асноўную ўвагу на вызваленьне Алега Сянцова і ўкраінскіх маракоў, якіх Расея ўзяла ў палон у лістападзе 2018 году, прэс-сакратар NATO Оана Лунджэску назвала гэта крокам у правільным кірунку. «NATO працягвае заклікаць Расею выканаць усе свае абавязаньні ў менскіх дамоўленасьцях, у прыватнасьці вызваліць усіх зьняволеных», — гаворыцца ў заяве.

У рамках абмену ва Ўкраіну вярнуліся 35 утрымваных расейцамі ўкраінцаў — палітвязьняў і ваеннапалонных, у Расею перадалі 35 яе і ўкраінскіх грамадзян, якіх ва Ўкраіне судзілі за розныя крымінальныя злачынствы, у тым ліку за здраду Радзіме.

Паводле апошняй інфармацыю ўпаўнаважанай Вярхоўнай рады Ўкраіны па правах чалавека Людмілы Дзянісавай, Расея ўтрымлівае яшчэ 110 грамадзян Украіны на сваёй тэрыторыі і ў акупаваным ёю Крыме.

Акрамя таго, паводле дадзеных Службы бясьпекі Ўкраіны, яшчэ 227 украінцаў ўтрымліваюць баевікі са складу расійскіх гібрыдных сіл на акупаванай частцы Данбасу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG