Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ня будзе браць паўзу ў прасоўваньні ініцыятывы «Хэльсынкі-2», — старшыня міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі


Генэральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер у Менску, 3 верасьня

Беларусь прадоўжыць лабіраваць сваю ініцыятыву «Хэльсынкі-2», заявіў 4 верасьня старшыня міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі Сяргей Рахманаў, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды. Журналіст нагадаў палітыку, што 3 верасьня генэральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер сказаў Свабодзе, што час для гэтай ініцыятывы яшчэ не надышоў.

«Мы ня можам спыняцца. Калі мы гэта пачалі, то будзем і працягваць. Інакш навошта ж было каламуціць ваду?!» — заявіў Рахманаў.

Ён дадаў, што паважае генсэка АБСЭ як дасьведчанага палітыка, але лічыць. што той у дадзеным выпадку памыляецца.

«Менская канфэрэнцыя аб неабходнасьці барацьбы з тэрарызмам яшчэ раз пераканала мяне, што „Хэльсынкі-2“ можна было ініцыяваць нават раней. Паглядзіце на падзеі ў сьвеце. Тэрарызм — страшэнная, але не адзіная пагроза. Калясальна абвастрылася, напрыклад, праблема клімату. Вось чаму трэба як мага хутчэй каардынаваць агульныя намаганьні. „Хэльсынкі-2“ неабходныя не для рэклямы Беларусі, яны неабходныя ўсяму сьвету», — заявіў старшыня міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі Сяргей Рахманаў.

Летась Беларусь распрацавала канцэпцыю ініцыятывы «Хэльсынкі-2», якая магла б стаць аналягам Хэльсынскага працэсу. Паводле афіцыйнага Менску, яна мае дапамагчы вырашыць асноўныя праблемы на тэрыторыі Эўра-Атлянтыкі і Эўразіі.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG