Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ выявіў факты супрацьпраўных дзеяньняў сілавікоў, у тым ліку пасьля крытыкі з боку Лукашэнкі


Старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык адказвае на пытаньні журналістаў перад канфэрэнцыяй «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстаньня новых і найноўшых тэхналёгій» 3 верасьня ў Менску
Старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык адказвае на пытаньні журналістаў перад канфэрэнцыяй «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстаньня новых і найноўшых тэхналёгій» 3 верасьня ў Менску

КДБ Беларусі выявіў факты супрацьпраўных дзеяньняў у сілавых структурах, у тым ліку пасьля нарады 20 жніўня, на якой Аляксандар Лукашэнка выступіў з крытыкай работы праваахоўных органаў.

Пра гэта паведаміў журналістам старшыня КДБ Валеры Вакульчык 3 верасьня на міжнароднай канфэрэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, піша БелаПАН.

На пытаньне, ці ёсьць цяпер у КДБ справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў Сьледчага камітэту ці тых прадстаўнікоў сілавых структур, якія, як казаў Лукашэнка, займаліся фальсыфікацыямі спраў, Вакульчык адказаў:

«Мы выяўляем гэтыя прыкметы, перадаем Генпракуратуры, у Сьледчы камітэт па кампэтэнцыі». «Наша задача выявіць, задакумэнтаваць, аддаць туды, а яны ўжо самі расьсьледуюць», — дадаў ён.

На ўдакладняльнае пытаньне, ці былі выяўленыя супрацьпраўныя дзеяньні сілавікоў пасьля нарады з Лукашэнкам, кіраўнік КДБ запэўніў: «Вядома, і да, і пасьля. Натуральна, што гэтыя пытаньні ёсьць».

«Гэтыя праблемы, пра якія гаварылася, мы бачылі задоўга. Мы ўжо гадоў пяць у сябе ў ведамстве працуем над тым, каб такіх рэчаў не было — перагібаў, несправядлівага стаўленьня да людзей. Гэта няпростае пытаньне, тым ня менш мы гэтым займаемся», — адзначыў Вакульчык.

«Як бы там ні было, хоць нас так жорстка не крытыкавалі, але тым ня менш усё роўна пытаньні ёсьць, і праблемы падобнага характару час ад часу ўзьнікаюць. Таму, натуральна, што мы павінны, па-першае, самі ачысьціцца», — дадаў старшыня КДБ.

Аляксандар Лукашэнка 20 жніўня ўчыніў «разнос» на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, якую назваў «гістарычнай»: маўляў, «некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі». Ён заявіў, што агучвае дэталі з «сакрэтнага дакладу».

У прыватнасьці, Лукашэнка казаў пра:

  1. Кепскае сьледзтва і збор доказаў (што «паверхнева» правяраюць заявы аб злачынствах, занадта павольна выяўляюць злачынцаў, сьледчыя задоўга і з парушэньнямі зьбіраюць доказы, выстаўляюць неабгрунтаваныя абвінавачаньні і інш.)
  2. Злоўжываньні ўладай і гвалтам (праваахоўнікі ціснуць на падазраваных, абвінавачаных, абаронцаў і судзьдзяў, фальсыфікуюць доказы і заключэньні экспэртызаў, схіляюць да даваньня «патрэбных» паказаньняў або адмовы ад заяваў, празьмерна ўжываюць гвалт і спэцсродкі супраць грамадзянаў).
  3. Кіданьне за краты невінаватых (неабгрунтавана пачынаюць крымінальныя справы і кідаюць за краты, гоняцца за статыстыкай і колькасьцю распачатых справаў).
  4. Накіраваньне справы ў суд без аналізу доказаў (пракурорскія работнікі слаба кантралююць законнасьць дасудовай вытворчасьці, не аналізуюць доказы пры накіраваньні справы ў суд, а абвінаваўцы падтрымліваюць па іх абвінавачаньні ў поўным аб’ёме).
  5. «Палачная сыстэма» (органы працуюць на статыстыку, а не бароняць інтарэсы грамадзянаў, праз завышаныя паказьнікі зьніжаецца якасьць расьсьледаваньняў, сьледчыя вымушаныя ўхіляцца ад прыняцьця складаных справаў).
  6. Падкідваньне наркотыкаў, правакаваньне на іх ужываньне (замест барацьбы з гандлем наркотыкамі і спыненьня буйных паставак масава ловяць спажыўцоў і кур’ераў-закладнікаў, чыняць правакацыі і нават схіляюць грамадзян да ўжываньня наркотыкаў).
  7. Даказваньне карупцыі на словах (пры расьсьледаваньні карупцыйных справаў абвінавачаньне часта будуюць на «блытаных успамінах аб даўніх падзеях», не заўсёды зьбіраюцца доказы атрыманьня хабару).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG