Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім парку Горкага праблемныя атракцыёны запускаюць зь людзьмі? ВІДЭА


Кола агляду ў парку Горкага

Дзяжурныя атракцыёнаў у Цэнтральным дзіцячым парку Горкага ў Менску кажуць пра няспраўнасьці абсталяваньня. Паводле іх, праблемы ёсьць як мінімум на двух атракцыёнах: коле агляду і «Задыяку». У адміністрацыі парку суцяшаюць: «Усё нармальна!».

Дзяжурныя атракцыёнаў са сталічнага Цэнтральнага дзіцячага парку Горкага забілі трывогу: некаторыя атракцыёны няспраўныя, а кіраўніцтва ніяк не рэагуе на шматлікія скаргі.

«Сёлета на пачатку сэзону я працаваў на коле агляду, — расказаў Свабодзе дзяжурны атракцыёнаў Аляксандар Гулевіч. — Там амаль ніколі не было капітальнага рамонту, нешта падфарбоўвалі толькі. Сёлета мы ўбачылі, што нават пры невялікім дажджы ў электрашчытавую зацякае вада. А пры ліўні там наогул жах. Мы прасілі зрабіць адміністрацыю гідралізацыю, але нічога пасьля яе не памянялася. На нашы звароты адміністрацыя не рэагавала. Мы зьвярнуліся ў Менгарвыканкам, але праверка нічога ня вырашыла, запыталіся пра сталовую».

Аляксандар, дзяжурны атракцыёнаў
Аляксандар, дзяжурны атракцыёнаў

Аляксандар Гулевіч сьцьвярджае, што пры дажджы «ўсё залівае, а там у электрашчытавой 380 вольт».

«Пасьля скаргаў прапанавалі звольніцца»

6 жніўня пасьля скаргаў і праверкі Менгарвыканкаму адміністрацыя паставіла на кола агляду другога дзяжурнага, а Аляксандра перавялі на іншы атракцыён. Тады ж кіраўніцтва парку забараніла дзяжурным заходзіць у электрашчытавыя, а Аляксандру Гулевічу прапанавалі звольніцца.

Кола агляду не адзінае праблемнае месца. Аляксанар кажа, атракцыён «Задыяк» запускалі разам зь людзьмі неправераным — пасьля паломкі.

Атракцыён «Задыяк»
Атракцыён «Задыяк»

«Прасьцей кажучы, у яго паляцелі „мазгі“, яго трэба было „перапрашыць“. Сьпярша атракцыён закрылі, прыехаў чалавек мяняць там электроніку. Ён паставіў абсталяваньне 2015 году, атракцыён трэба было тэставаць па ўсіх стандартах, класьці на зэдлікі мяхі зь пяском. Але гэта праігнаравалі, выклікалі дзяжурнага і сказалі яму, што ўсё працуе. Ён пачаў працаваць, ня ведаючы, што тэстуе атракцыён зь людзьмі. Ёсьць відэа 13 жніўня, дзе атракцыён спыняецца там, дзе ня мусіць, людзі пужаюцца. І так рабілі два дні, 12 і 13 жніўня», — расказвае Аляксандар Гулевіч.

Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў яшчэ адзін дзяжурны, які тады працаваў на «Задыяку». Цяпер атракцыён працуе зь невялікімі збоямі: «ён ня глючыць, ня едзе ў другі бок, але талерка можа спыніцца крыху правей ці лявей».

Аляксандар, дзяжурны атракцыёнаў
Аляксандар, дзяжурны атракцыёнаў

Дзяжурныя пісалі тлумачальныя ў службу кантролю і аналізу парку, калі з атракцыёнамі былі праблемы.

«Мы пісалі, што ня можам працаваць, бо атракцыёны няспраўныя. Я пісаў такую тлумачальную перад закрыцьцём атракцыёну „Задыяк“», — сказаў Аляксандар, які працаваў на гэтым атракцыёне.

«Наведнікаў просяць ня скардзіцца»

Іншая дзяжурная атракцыёнаў Кацярына кажа, што ёсьць праблемы і з атракцыёнам «Каліпса».

«Гэты атракцыён таксама ламаецца: гучнае скрыгатаньне, людзі пужаюцца, ідуць скардзіцца, а іх просяць у адміністрацыі нічога не пісаць, прапануюць бясплатна пакатацца на іншым атракцыёне, абы захаваць рэпутацыю. Я працую на надзіманым батуце, у мяне там перацёрся і агаліўся электрычны провад, два дні яго не рамантавалі. Людзі заўважылі ў патэлефанавалі ў МНС. Энэргетык сказаў мне, каб я пісала тлумачальную. Ад нашых заўваг проста адмахваюцца», — гаворыць Кацярына.

Аляксандар і Кацярына, дзяжурныя атракцыёнаў
Аляксандар і Кацярына, дзяжурныя атракцыёнаў

Дзяўчына прыводзіць прыклады іншых праблем: пераграваюцца разэткі, батут апускаецца разам зь дзецьмі ды рвецца, зашываць яго даводзіцца самой.

Супрацоўнікі парку зьвярнуліся ў пракуратуру, якая распачала праверку. Яны кажуць пра ціск з боку адміністрацыі парку, якая вымушае іх звольніцца. Хоць кантракты ў гэтых людзей дзейнічаюць да 30 верасьня — гэта апошні дзень працы атракцыёнаў у Парку Горкага ў гэтым сэзоне.

Афіцыйны прадстаўнік пракуратуры Менску Натальля Косач пацьвердзіла Свабодзе, што такі зварот сапраўды паступаў. Пракуратура ў сваю чаргу перанакіравала яго ў Міністэрства надзвычайных сытуацый і Менгарупраўленьню дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы. Пасьля пракуратура «праверыць, як будзе разгледжаны зварот і якія захады прынятыя, дасьць гэтаму ацэнку».

«Гэта паклёп!»

Начальнік парку Горкага Руслан Касевіч, да якога зьвярнулася Свабода, запэўнівае, што «ўсё ў парадку».

«Праблема была, але мы яе вырашылі. Цяпер катацца бясьпечна», — запэўнівае начальнік.

Інжынэр-энэргетык парку Юрый Завадзкі называе інфармацыю, агучаную дзяжурнымі, «паклёпам».

«Усе ўстаноўкі запушчаныя сумесна зь Дзяржпрамнаглядам, Энерганаглядам у пачатку сэзону, ніякіх прэтэнзій не было. Апошні акт агляду быў падпісаны перад 3 ліпеня», — адказаў Юрый Завадзкі.

У 2016 годзе ў парк выклікалі МНС з прычыны праблем з колам агляду. Але ў апошнія гады падобных выпадкаў не было: пра гэта Свабодзе паведаміў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі.

За сэзон атракцыёны правяралі тройчы

Атракцыёны ў Цэнтральным дзіцячым парку Горкага ўжо сёлета двойчы правяралі экспэрты менскага гарадзкога ўпраўленьня Дзяржпрамнагляду. Першы раз у красавіку, тады на працу далі дазвол. Другі раз — ужо ў жніўні.

«16 жніўня дзяржаўнымі інспэктарамі менскага гарадзкога ўпраўленьня Дзяржпрамнагляду ў рамках удзелу ў працы мабільнай групы выканкаму Партызанскага раёну Менску праведзена абсьледаваньне стану прамысловай бясьпекі атракцыёнаў, якія належаць „Менскзеленбуд“, — гаворыцца ў адказе Дзяржпрамнагляду на запыт Свабоды. — Абсьледаваны атракцыёны: „Вальс“, „Кола агляду“, „Дзікі цягнік“, „Міні-джэт“. Атракцыён „Карусель двайнога кручэньня „Задыяк““ падчас працы мабільнай групы знаходзіўся ў няспраўным стане, не эксплюатаваўся. Усе выяўленыя парушэньні тычыліся вядзеньня тэхнічнай дакумэнтацыі і былі ліквідаваныя ў ходзе работы мабільнай групы».

Да 15 верасьня атракцыёны правераць ужо трэці раз. Кола агляду ў Цэнтральным дзіцячым парку працуе з 2003 году, «Задыяк» — з 2011-га.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG