Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм паводле кнігі Віктара Марціновіча атрымаў дзьве ўзнагароды на кінафэстывалі ў Нэвадзе


Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

Фільм Lake of Happiness беларускага рэжысэра Аляксея Палуяна паводле рамана Віктара Марціновіча «Возера радасьці» атрымаў дзьве ўзнагароды («Best of the Fest» and «Best Narrative») на кінафэстывалі ў Нэвадзе (ЗША).

Пра гэта Віктар Марціновіч паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

«Праз два тыдні фільм будзе паказаны на Drama International Short Film Festival у Грэцыі, пасьля будзе гішпанская прэм’ера ў Галіцыі (FICBUEU), потым партугальская прэмʼера ў Порту Beast International Film Festival, пасьля зноўку Францыя — Dijon Film Festival, затым адбудзецца нямецкая прэмʼера на Hof International Film Festival, самым олдскульным фэсьце, створаным у 60-я бацькамі нямецкай новай хвалі Фасбіндэрам, Гэрцагам, Вэндэрсам як канкурэнт „Бэрлінале“ (Бэрлінскі міжнародны кінафэстываль. — РС) для прасоўваньня новага аўтарскага нямецкага кіно», — расказаў Віктар Марціновіч.

Паводле пісьменьніка, раней фільм Lake of Happiness быў паказаны на трох акрэдытаваных «Оскарам» фэстывалях, і адмыслоўцы кажуць, што «ёсьць вялікая імавернасьць выстаўленьня яго на ўзнагароду кінаакадэміі ў наступным годзе».

У Беларусь «Возера радасьці» прыедзе ў лістападзе.

Фільм, які зьяўляецца экранізацыяй часткі аднайменнай кнігі Віктара Марціновіча, апавядае пра дзевяцігадовую Ясю, жыцьцё якой кардынальна зьмянілася пасьля сьмерці маці. Яся пачынае будаваць сваё новае жыцьцё пасьля таго, як бацька адвозіць яе ў інтэрнат.

Галоўную ролю ў фільме выканала выхаванка магілёўскага інтэрнату Настасься Пляц. У ім таксама здымаліся вядомыя акторы тэатра і кіно — Ігар Сігаў, Сьвятлана Анікей, Аляксандар Малчанаў, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Тацяна Мархель, Дзяніс Тарасенка ды іншыя.

У фільме гучыць музыка беларускага гурту Vuraj, музыкі якога ўзялі ўдзел у здымках.

Рэжысэр — Аляксей Палуян, які стала жыве і працуе ў Нямеччыне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG