Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэба перастаць называць Беларусь лёгкімі Эўропы, лічыць акадэмік Логінаў


Гэтую заяву галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтру кліматычных дасьледаваньняў Інстытуту прыродакарыстаньня НАН Беларусі акадэмік Уладзімер Логінаў зрабіў 30 жніўня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, прысьвечанай праблеме клімату, паведамляе БелаПАН.

«Трэба пазбавіцца ад гэтага штампу. Беларусь ня можа паглынуць нават тое, што сама выкідае, — сказаў навуковец. — Калі за год выкіды парніковых газаў Беларусі складаюць 70 млн тон, а лясы паглынаюць 25-30 млн тон вуглякіслага газу, то якія ўжо тут лёгкія Эўропы».

Разам з тым акадэмік адзначыў, што Беларусь сапраўды зрабіла шмат для зьмяншэньня выкідаў парніковых газаў у атмасфэру. Галоўны фактар у гэтым — пераход з вугальнага, нафтавага на газавае паліва.

«Калі ў 1970-х гадах газавае паліва займала 30% энэргетыкі, то цяпер недзе і больш за 90%. А ў цэлым прыблізна 65-70%, — сказаў Логінаў. — За мінулы час мы зьнізілі аб’ём выкідаў са 130-140 млн тон на год да 70-80 млн тон».

Навуковец таксама не пагадзіўся са сьцьвярджэньнямі пра вялікую ролю беларускіх балот у зьніжэньні выкідаў парніковых газаў. «Лясы застаюцца галоўным і адным з самых важных сьцёкаў вуглякіслага газу», — заявіў ён.

У сваю чаргу начальнік упраўленьня рэгуляваньня ўзьдзеяньня на атмасфэрнае паветра, зьмену клімату і экспэртызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Натальля Алейнікава адзначыла, што аднаўленьне тарфянікаў зьяўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў у справе зьніжэньня выкідаў парніковых газаў у атмасфэру.

  • Згодна са зьвесткамі Мінпрыроды, плошча выяўленых і вывучаных балот у Беларусі складае 2.560,5 тысячы гектараў, або 11,5% тэрыторыі краіны.
  • У натуральным або блізкім да натуральнага стану захавалася 1.348 балот агульнай плошчай прыкладна 863 тысяч га (33,7% ад першапачатковай плошчы), для выкарыстаньня ў сельскай гаспадарцы было асушана 946 тыс. га балот, для здабычы торфу — 300 тыс. га.
  • У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца прыблізна 900 тысяч га асушаных тарфяных глебаў, з якіх штогадовая эмісія вуглякіслага газу складае прыблізна 9,5–11,0 млн тон.
  • У выніку здабычы торфу ў атмасфэру паступае ад 1,5 да 3,0 млн тон вуглякіслага газу.
  • Сумарна з усіх асушаных і выпрацаваных тарфянікаў у атмасфэру паступае прыкладна 16 млн тон вуглякіслага газу на год.
  • Натуральныя балоты, якія захаваліся, паглынаюць 0,9 млн тон вуглякіслага газу на год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG