Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У заказьніку «Альманскія балоты» больш ня будуць пракладаць дарогі — Міністэрства лясной гаспадаркі


Будаўніцтва дарогі праз Альманы ў ліпені 2018 года
Будаўніцтва дарогі праз Альманы ў ліпені 2018 года

У рэспубліканскім ляндшафтным заказьніку «Альманскія балоты» сёлета скончаць будаўніцтва чацьвёртай па ліку дарогі. Аднак новых дарог, якія раней плянаваліся, пракладаць ня будуць.

Пра гэта 5 красавіка заявілі прадстаўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі на грамадзкай каардынацыйнай радзе пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Гаворка ідзе пра тое, што будзе завершаная лесагаспадарчая дарога № 3 даўжынёй 23 км і мост праз раку Сьцвігу. Дарога праходзіць па ўсходняй частцы заказьніка «Альманскія балоты». Летась грамадзкасьць патрабавала, каб дарогу ўвогуле не будавалі, бо яна парушае гідралягічны рэжым і ляндшафт прыроднай тэрыторыі.

Як пісала Свабода, сёлета мелася пачацца будаўніцтва яшчэ адной 19-кілямэтровай дарогі праз заказьнік — лесагаспадарчай дарогі № 4. Ужо быў гатовы праект. Таксама ў плянах лесьнікоў было будаўніцтва дарогі № 5, якая б перасякала амаль увесь заказьнік з усходу на захад.

Але, па словах Уладзімера Шута зь Мінлясгасу, ні дарогі № 4, ні дарогі № 5 сёлета будаваць не пачнуць. І ўвогуле бліжэйшым часам новыя дарогі праз Альманы не плянуюць.

На думку Аляксандра Вінчэўскага, дырэктара грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», такая пазыцыя Мінлясгасу — гэта і вынік грамадзкай увагі да будаўніцтва.

«Яны бачаць свае памылкі, але, можа, ня хочуць іх прызнаваць», — сказаў Вінчэўскі.

Аднак ён дадаў, што пляны на будучыя дарогі ў лесьнікоў усё ж ёсьць. Пра гэта ён даведаўся ад арганізацыі-праектанта «Белгіпралес».

«Яны плянуюць, але больш асьцярожна, і кансультуюцца з грамадзкасьцю», — дадаў Аляксандар Вінчэўскі.

Новыя дарогі праз заказьнік «Альманскія балоты» лабіруюць мясцовыя лясныя гаспадаркі. Дарогі праз балота ім патрэбныя, каб апэратыўна тушыць пажары на тарфяніках і каб вывозіць сьпілаваны лес зь цяжкадаступных месцаў.

У сваю чаргу, у экалягічнай супольнасьці падкрэсьліваюць, што Альманы — гэта заказьнік, і будаўніцтва дарог парушае гідралягічны рэжым аднаго з найбуйнейшых балотных комплексаў Эўропы. Што да пажараў, то эколягі адзначалі, што варта паставіць плаціны на старых мэліярацыйных каналах. Тады ўзровень вады падымецца, і пажараў ня будзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG