Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «Шклоўскіх страсьцяў» да «Выпадковага прэзыдэнта». 12 кніг пра Лукашэнку


30 жніўня Аляксандру Лукашэнку спаўняецца 65 гадоў. Свабода сабрала кнігі, напісаныя пра яго. Глядзім, што ў іх.

Вольга Паўлава. «Шклоўскія страсьці». 1999.

Публіцыстычныя нататкі журналісткі шклоўскай раённай газэты «Ўдарны фронт» пра гады знаёмства з Аляксандрам Лукашэнкам да яго абраньня першым прэзыдэнтам. У кнізе шмат цікавых зьвестак пра жыцьцё Аляксандра Лукашэнкі і ягоныя адносіны з падначаленымі, жанчынамі, жонкай Галінай.

Владимир Якутов. «Александр Лукашенко». Документально-художественная повесть. 2000.

Гэта біяграфічная аповесьць у стылістыцы афіцыйнай дзяржаўнай ідэалёгіі. Па словах Аляксандра Фядуты, рукапіс зьявіўся ўсяго праз пару месяцаў пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах у 1994 годзе, а сам твор «не вытрымліваў ніякай крытыкі». Некаторы час выхаду кнігі перашкаджала фармулёўка «нізкая мастацкая якасьць». Але ў 2000 годзе аповесьць усё ж выйшла ў часопісе «Немига литературная». Уладзімер Якутаў вядомы тым, што пісаў падобныя кнігі пра кіраўнікоў БССР Чарвякова, Прытыцкага, Машэрава.

Владимир Матикевич. «Нашествие». 2003.

Сапраўднае імя аўтара кнігі невядомае, яна падпісаная псэўданімам. У кнізе аўтар публікуе зьвесткі, нібыта патаемна сабраныя сьледчымі КДБ пра сакрэтныя апэрацыі Лукашэнкі і яго дапрэзыдэнцкае жыцьцё.

Светлана Калинкина, Павел Шеремет. «Случайный президент». 2003.

Журналісты Павал Шарамет і Сьвятлана Калінкіна ў сваёй кнізе спрабуюць раскрыць «фэномэн Лукашэнкі» і патлумачыць, як першы прэзыдэнт Беларусі змог прыйсьці да ўлады. У Беларусі кнігу ня раз канфіскоўвалі, у Расеі яна ёсьць у свабодным продажы.

Уладзімер Падгол. «Куля для прэзыдэнта». 2004.

Мастацкі твор пра Аляксандра Лукашэнку ад палітоляга і філёзафа Ўладзімера Падгола. У ім аўтар глядзіць на падзеі з гісторыі сучаснай Беларусі праз фантастычныя вобразы і легенды. Пасьля таго як першую частку раману надрукавалі ў віцебскай газэце «Выбар» у чэрвені 1997 году, пракуратура Віцебскай вобласьці распачала крымінальную справу па факце зьнявагі «вышэйшай службовай асобы». У лістападзе 1998 году крымінальную справу прыпынілі.

Александр Федута. «Лукашенко. Политическая биография». 2005.

Палітычная біяграфія Аляксандра Лукашэнкі ад сябра ягонага перадвыбарчага штабу ў 1994 годзе. Пасьля аўтар сышоў з каманды Лукашэнкі — у апазыцыю. У кнізе прыводзяцца размовы як з прыхільнікамі кіраўніка Беларусі, так і з апанэнтамі.

Рой Медведев. «Александр Лукашенко. Контуры белорусской модели». 2010.

Кніга ад расейскага гісторыка Роя Мядзьведзева хутчэй хваліць і асобу самога Лукашэнкі, і тую мадэль, якую ён пабудаваў у сучаснай Беларусі.

Валерий Карбалевич. «Александр Лукашенко. Политический портрет». 2010.

Кніга палітоляга Валера Карбалевіча ахоплівае ўсе этапы палітычнай кар’еры першага і пакуль што адзінага прэзыдэнта Беларусі. На 720 старонках аўтар робіць падрабязны экскурс у мінулыя падзеі, якія спрычыніліся да зьяўленьня на палітычнай арэне невядомага дзеяча, былога дырэктара саўгасу, а пазьней — дэпутата Вярхоўнага Савету Лукашэнкі.

Николай Жигоцкий. «Александр Лукашенко — Первый Президент Республики Беларусь». 2013.

Кніга былога музэйнага супрацоўніка Міколы Жыгоцкага распавядае пра школьныя гады Лукашэнкі, ягоную радзіму, іншыя факты ягонай біяграфіі. Хоць аўтар і выдаваў кнігу на энтузіязьме, зьвесткі ў ёй супадаюць зь лініяй дзяржаўнай ідэалёгіі. Да гэтага Мікола Жыгоцкі напісаў як мінімум яшчэ тры кнігі пра Лукашэнку, як па-расейску, так і па-беларуску.

Grigory Ioffe. «Reassessing Lukashenka» («Пераацэньваючы Лукашэнку»). 2014.

Кніга напісаная амэрыканскім прафэсарам геаграфіі Рыгорам Ёфэ ў пазытыўным ключы. Ён спрабуе аналізаваць палітычную кар’еру Лукашэнкі як прадукт беларускага грамадзтва. Гэта ці не адзіная кніга, напісаная пра Лукашэнку па-ангельску.

Andrzej Brzeziecki, Małgorzata Nocuń. «Łukaszenka. Niedoszły car Rosji» («Лукашэнка, які ня стаў царом Расеі»). 2014.

Малгажата Ноцунь і Анджэй Бжэзецкі, якія спэцыялізуюцца на тэмах, зьвязаных з Усходняй Эўропай, разглядаюць надзвычайную кар’еру былога кіраўніка саўгасу. У кнізе, поўнай трагікамічных анэкдотаў і жахлівых фактаў, яны расказваюць, якімі мэтадамі ён утрымлівае ўладу на працягу дваццаці гадоў, хто людзі зь яго бліжэйшага атачэньня і хто і калі возьме ўладу пасьля яго.

Иван Турлай. «Александр Лукашенко. К столетию белорусской государственности». 2018.

Кніга зьмяшчае матэрыялы да біяграфіі Лукашэнкі, распавядае пра мадэль разьвіцьця. Адна з новых прадзяржаўных кніг. Таксама ў дацэнта БДУ Івана Турлая выходзілі кнігі «Минск — город Сталина» і «Урок отца народов Сталина и батьки Лукашенко, или Как преодолеть экономическое отставание».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG