Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмен вязьнямі паміж Расеяй і Ўкраінай. Што вядома на гэты момант


Галоўны рэдактар "РІА-Навіны Украіна" Кірыл Вышынскі падчас суду ў Кіеве. Улады Ўкраіны заяўляюць, што ён адзін з людзей, якіх абмяняюць на ўкраінскіх грамадзян, якія сядзяць у расейскіх турмах

Украінскія ўлады паведамілі 30 жніўня, што абмен зьяволенымі паміж Масквой і Кіевам адкладзены да пачатку верасьня. Дакладная дата, калі менавіта адбудзецца абмен, пакуль не называецца.

Каго абменьваюць

Удзень 28 жніўня прэс-сакратар генпракурора Ўкраіны Ларыса Сарган заявіла, што ўрад гатовы да абмену зьняволенымі з Расеяй у фармаце «35 на 35». Праз два дні офіс прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага заявіў, што перамовы ўсё яшчэ працягваюцца.

Вядома, што расейскі бок павінен перадаць 24 маракоў, якіх захапілі ў лістападзе 2018-га ў Керчанскай пратоцы. Паведамляецца таксама, што ў сьпісе на абмен могуць апынуцца:

  • Рэжысэр Алег Сянцоў, якога ў Расеі асудзілі на 20 гадоў калёніі строгага рэжыму паводле абвінавачваньня ў «тэрарызьме»;
  • Павел Грыб, якога расейскія спэцслужбы падманам выманілі з Украіны і прысудзілі да шасьці гадоў калёніі паводле абвінавачаньняў у «тэрарызьме»;
  • Мікалай Карпюк, член арганізацыі «Правы сэктар», якога ў Расеі асудзілі на 22,5 гадоў калёніі паводле абвінавачаньняў у забойстве расійскіх вайскоўцаў падчас Першай чачэнскай вайны;
  • Станіслаў Клых, які ад 2016 году адбывае 20-гадовы тэрмін паводле тых жа абвінавачваньняў, што і Карпюк;
  • Уладзімір Балух, яго расейскі суд прысудзіў да 5 гадоў калёніі за захоўваньне зброі.

Кіеў, паводле Сарган, павінен перадаць Маскве галоўнага рэдактара выданьня «РИА-Новости Украина» Кірылы Вышынскага, якога ва Ўкраіне падазраюць у дзяржаўнай здрадзе. Сам Вышынскі сьцьвярджае, што ён не падпісваў дакумэнты на абмен.

Астатніх імёнаў Кіеў не прадставіў. Але са жніўня 2018-га вядомыя імёны як мінімум 31 чалавека, якія напісалі лісты амбудсмэну Ўкраіны і прэзыдэнту Расеі з просьбай абмяняць іх на ўкраінцаў, якія сядзяць у расейскіх турмах. Большую частку гэтага сьпісу складаюць асуджаныя за ўдзел у баявых дзеяньнях на баку сэпаратыстаў так званых «ДНР» і «ЛНР», якіх абвінавачваюць у дэзэрцірстве, забойстве ўкраінскіх вайскоўцаў, дзяржаўнай здрадзе або ўдзеле ў «тэрарыстычных арганізацыях».

Калі стала вядома пра меркаваны абмен

Аб плянах Расеі і Ўкраіны правесьці абмен вязьнямі стала вядома ў сярэдзіне жніўня 2019-га. Паведамленьні пра гэта зьявіліся пасьля таго, як пяцёх украінцаў, якія атрымалі тэрміны ў Расеі, перавялі з калёній у маскоўскі СІЗА «Ляфортава». Масква і Кіеў афіцыйна пацьвердзілі перамовы наконт абмену, але не ўдакладнялі, наколькі пасьпяхова яны ідуць. Паведамленьне аб пераводзе Алега Сянцова з калёніі ў горадзе Лабытнангі ў «Ляфортава» зьявіліся толькі ў чацьвер, напярэдадні абмену.

У той жа час зь ліпеня 2018 году ўкраінская амбудсмэнка Людміла Дзянісава накіроўвала ў МЗС Украіны і далей у адміністрацыю прэзыдэнта Расеі лісты расейскіх грамадзян, асуджаных ва Ўкраіне, з просьбай абмяняць іх на ўкраінскіх грамадзян, асуджаных у Расеі. Да сярэдзіны жніўня 2018 году стала вядома, што прашэньне да амбудсмэна падаў 31 чалавек.

Чаму затрымліваецца абмен

Першапачаткова СМІ са спасылкай на крыніцы ў расейскіх і ўкраінскіх уладах паведамілі, што абмен палоннымі можа адбыцца ў ноч на 29 жніўня, але гэтага не адбылося. Таксама некаторыя выданьні са спасылкамі на крыніцы пісалі, што абмен завяршыўся раніцай 30 жніўня, але прадстаўнікі Расеі і Ўкраіны гэта абверглі.

Адвакат расейцаў ва Ўкраіне Валянцін Рыбін заяўляў, што абмен паміж Расеяй і Ўкраінай зацягнуўся з прычыны не да канца аформленых дакумэнтаў. Паводле яго, украінскі бок яшчэ не апублікаваў указы аб памілаваньні для некаторых людзей са сьпісу на абмен. Ён таксама падкрэсьліў, што самалёты з палоннымі ні з Расеі, ні з Украіны не выляталі.

Таксама былы дэпутат Вярхоўнай Рады Мустафа Найем піша са спасылкай на свае крыніцы, што абмен зацягваецца меркавана з прычыны патрабаваньня Масквы выдаць Уладзіміра Цемаха. Цемах — былы начальнік супрацьпаветранай абароны ў адным з атрадаў так званай «ДНР». Лічыцца, што ён можа быць ключавым сьведкам у справе аб крушэньні малазійскага Боінга MH17 улетку 2014-га.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG