Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На плоце беларускай амбасады ў Вільні павесілі інсталяцыю, прысьвечаную міліцэйскаму гвалту


Інсталяцыя на плоце беларускай Амбасады ў Вільні

У Вільні 27 жніўня на плоце беларускай амбасады ў Літве ўдзельнікі кампаніі DissidentBY павесілі інсталяцыю, прысьвечаную міліцэйскаму гвалту, напісала Свабодзе актывістка кампаніі Марына Касінерава.

Паводле Касінеравай, інсталяцыя правісела некалькі гадзін, ніхто з амбасады не падыходзіў.

Навошта інсталяцыя?

Інсталяцыю зрабілі ў кантэксьце крымінальнага перасьледу анархіста Зьмітра Паліенкі і інцыдэнту з горадзенцам Дзянісам Лукʼянавым.

Чым займаецца DissidentBY?

Як напісала Касінерава, кампанія DissidentBY зьбіраецца дапамагаць беларускім палітвязьняў і дамагацца перагляду крытэраў праваабарончых арганізацый, па якіх чалавека прызнаюць палітвязьнем.

Напрыклад, на думку Касінеравай, палітвязьнямі мусяць лічыцца людзі, якія перасьледуюцца за гвалт ў выпадку самаабароны. Сярод іх ​Сьвятаслаў Барановіч і Зьміцер Паліенка.

Што важна ведаць пра справу Барановіча?

Сьвятаслаў Барановіч у судзе
Сьвятаслаў Барановіч у судзе

Сьвятаслаў Барановіч 12 сакавіка 2018 году быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за гвалт супраць міліцыянта. Сваю віну вязень прызнаў часткова. Паводле Барановіча, ён думаў, што ўжывае сілу супраць хулігана, які напаў на ўдзельнікаў «маршу недармаедаў».

Раней, у 2011 годзе, Сьвятаслава Барановіч асудзілі за Плошчу-2010 на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня. Праваабаронцы тады прызналі яго палітвязьнем.

Што важна ведаць пра справу Паліенкі?

Зьміцер Паліенка
Зьміцер Паліенка

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што ён скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).

Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачваньняў:

  • «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341),
  • «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
  • «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
  • «Распальваньне сацыяльнай варожасьці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасьці» — за тое ж графіці (ч. 1 арт. 130),

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG