Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія аграрыі ня могуць «адвязацца» ад расейскага рынку


Ілюстрацыйнае фота

78,2% усяго харчу, які Беларусь за першае паўгодзьдзе 2019 году паставіла на замежныя рынкі, прыпадае на долю адной краіны — Расеі.

Гэта на 1,8% меней, чым за той жа пэрыяд летась. На астатнія 94 краіны, зь якім ішоў падобны гандаль, прыпадае толькі каля 22% паставак.

Такія лічбы назваў 26 жніўня журналістам начальнік галоўнага ўпраўленьня замежнаэканамічнай дзейнасьці міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Аляксей Багданаў. Але невялікае зьмяншэньне адбылося не таму, што беларускія аграрыі здолелі хоць крыху дывэрсыфікаваць пастаўкі. Увесну расейцы ўвялі часовыя абмежаваньні на ўвоз мяса-касьцявой мукі і бялковых брыкетаў са жвачных, а затым і ялавічыны на костцы і буйной рагатай жывёлы. Страты ад непрададзенай ялавічыны і прывялі да меншага выхаду на расейскі рынак.

Багданаў заявіў, што ў ідэале беларускія харчы трэба экспартаваць у Расею, Эўропу і краіны «далёкай дугі» (Азіі, Акіяніі, Афрыкі, Блізкага Ўсходу, Лацінскай Амэрыкі) у аднолькавай прапорцыі. Але да гэтага, як відаць, яшчэ вельмі далёка.

У Эўразьвязе беларускія харчы найбольш купляюць літоўцы, палякі і немцы

Але колькасьць харчоў на рынкі Эўразьвязу невялікая. За першыя шэсьць месяцаў 2019 году іх прададзена толькі на 92,7 мільёна даляраў. Цяпер вядуцца перамовы аб экспарце бульбы, ялавічыны і птушкі. Але, паводле спадара Багданава, гэта «працэс доўгі».

Ці выратуе «прарыў» на кітайскі рынак?

У 2018 годзе экспарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі і харчаваньня ў Кітай вырас у 4,4 раза і дасягнуў 82,4 мільёна даляраў. Пасьля гэтага чыноўнікі загаварылі аб прарыве на кітайскі рынак.

Сёлета беларусы могуць пахваліцца, што кітайцы купілі істотна болей ялавічыны і субпрадуктаў птушкагадоўлі. Але агулам гэта дало прырост толькі на 12 мільёнаў даляраў.

Нават пры лепшым сцэнары Кітай можа даць за ўвесь 2019 год прыбытак у 100 мільёнаў даляраў. А расейскі рынак толькі за паўгода прынёс прыбытак у памеры 2 мільярды даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG