Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На што скардзяцца беларусы ў адміністрацыю Лукашэнкі. Інфаграфіка


Архіўнае фота. Сустрэча «Маці 328» у адміністрацыі Лукашэнкі

За першае паўгодзьдзе 2019-га году ў адміністрацыю Лукашэнкі паступіла больш за 13 тысяч зваротаў грамадзян, паведамляе БелаПАН.

Вялікая колькасьць скаргаў ўзнікае па пытаньнях, якія датычацца не індывідуальных праблемаў, а ўсяго грамадзтва ў цэлым.

Каля сотні зваротаў кожны працоўны дзень. На што скардзяцца

За студзень-чэрвень 2019 году прэзыдэнцкая адміністрацыя зафіксавала 13 058 зваротаў ад грамадзян — каля сотні на працоўны дзень. Пры гэтым ў аглядзе, падрыхтаваным галоўным упраўленьнем па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў, паміж зваротамі і скаргамі фактычна ставіцца знак роўнасьці.

Найбольшы рост скаргаў — зь Менскай і Берасьцейскай абласьцей.

Часьцей за ўсё зьвяртаюцца па пытаньнях капітальнага і бягучага рамонту жылых дамоў, добраўпарадкаваньня месцаў агульнага карыстаньня і населеных пунктаў, аплаты камуналкі, стану дарог у раённых і сельскіх населеных пунктах.

У першым паўгодзьдзі 2019 году адміністрацыя Лукашэнкі атрымала на 16% больш скаргаў на сыстэму аховы здароўя (у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году). Сярод прычынаў у аглядзе названыя праблемы забесьпячэньня ільготнікаў мэдыцынскімі прэпаратамі. «На іх думку, беларускія аналягі ў разы горшыя за імпартныя», — гаворыцца ў аглядзе.

Пытаньні занятасьці, архітэктуры і будаўніцтва таксама ўздымаюць часьцей. «Актуальная тэма працаўладкаваньня, асабліва для асобаў перадпэнсійнага ўзросту. У рэгіёнах існуе праблема рэарганізацыі і закрыцьця малых прадпрыемстваў», — адзначаецца ў аглядзе.

Сярод папулярных тэм — скаргі на сьледчыя органы і рашэньні судоў

На 78% вырасла колькасьць скаргаў на «органы сьледзтва» ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. «У іх гаворыцца пра незаконныя мэтады сьледзтва, прыняцьці неправамерных рашэньняў», — адзначаецца ў аглядзе.

Апроч таго, сярод папулярных тэм для зваротаў — пытаньні, якія тычыліся рашэньняў судоў і дзеяньняў органаў унутраных спраў, што ў аглядзе «ў значнай меры» зьвязваюць са зваротамі маці асуджаных па «наркатычным артыкуле».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая паведаміла БелаПАН, што ёй таксама даводзіцца ўвесь час атрымліваць звароты грамадзян па пытаньнях сьледзтва, работы судоў і органаў унутраных спраў.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

«Людзі скардзяцца на тое, што падазраваных зьбіваюць, аказваюць на іх псіхалягічны ціск. Даходзіць да таго, што сваякі пацярпелых дасылаюць кампакт-дыскі з пацьверджаньнем такіх выпадкаў. Гэта сьледзтва ў тым ліку і таго, што ў нашай краіне адсутнічае грамадзкі кантроль за дзейнасьцю сілавых структур», — тлумачыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG