Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Эўрапейскай Рады прапанаваў запрасіць Украіну замест Расеі на наступны саміт «Вялікай сямеркі»


Старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск падчас наведванmня Станіцы Луганскай ва ўсходняй Украіне, 7 ліпеня 2019 году

Старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск раскрытыкаваў 24 жніўня прапанову прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб запрашэньні Расеі ў склад «Вялікай сямёркі» (G7), паведамляе Reuters.

Туск заявіў, што прычыны, па якіх Маскву выключылі з групы, нікуды не падзеліся. Больш за тое, паўсталі новыя падставы, якія не дазваляюць Расеі ўвайсьці ў склад G7, у тым ліку «расейская правакацыя ў Азоўскім моры».

«Калі Расею ўпершыню запрасілі ў G7, меркавалася, што [Масква] рухаецца на шляху да лібэральнай дэмакратыі, вяршэнства закону і абароны правоў чалавека. Ці ёсьць сярод нас хоць хто-небудзь, хто можа сказаць з поўнай упэўненасьцю, не кіруючыся пытаньнямі вядзеньня бізнэсу, што Расея стаіць на гэтым шляху?» — сказаў Туск.

Ён заявіў, што падчас саміту паспрабуе пераканаць лідэраў G7 у тым, што лепш запрасіць на наступную сустрэчу прэзыдэнта Украіны, а не спрабаваць вярнуць Расею ў склад «Вялікай сямёркі». Пакуль, аднак, гаворка ідзе не пра паўнавартаснае прыняцьце Ўкраіны ў G7, а толькі пра ўдзел украінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага ў перамовах.

Лідэры Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі на гэтым тыдні таксама адкінулі магчымасьць запрашэньня Уладзіміра Пуціна на саміт «Вялікай сямёркі».

Чарговы саміт «Вялікай сямёркі» пачаўся ў францускім горадзе Біярыцы 24 жніўня. Удзельнікі саміту «Вялікай сямёркі» — Вялікая Брытанія, Нямеччына, Італія, Канада, ЗША, Францыя і Японія. Форум працягнецца да 26 жніўня.

Раніцай 25 жніўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што на саміце абмяркоўвалася тэма Расеі. Паводле Трампа, ён пакуль ня ведае, ці будзе прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін запрошаны на саміт G7 ў будучым годзе, аднак назваў гэта верагодным. Іншых падрабязнасьцяў абмеркаваньняў расейскай тэматыкі Трамп не прывёў, паведамляе Bloomberg.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG