Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы прысабечваюць нашага Касьцюшку». Польскі часопіс напісаў пра спрэчку тыдня ў Беларусі


Помнік Тадэвушу Касьцюшку ў Мерачоўшчыне

Уплывовы польскі лева-лібэральны часопіс «Polityka» назваў спрэчку наконт Тадэвуша Касьцюшкі ў Беларусі «геапалітычнай справай».

У артыкуле пад назвай «Беларусы прысабечваюць нашага Касьцюшку» распавядаецца пра сутнасьць канфлікту, які на мінулым тыдні распаліў сацыяльныя сеткі ў Беларусі. Прычынай стала заява супрацоўнікаў Акадэміі навук аб тым, што Касьцюшка ня можа лічыцца нацыянальным героем Беларусі.

Стаўленьне да Касьцюшкі ў Беларусі журналіст Енджэй Вінецкі лічыць парадаксальным. Ён нагадаў, што ў Берасьцейскай вобласьці ёсьць помнікі як Касьцюшку, гэтак і Аляксандру Сувораву, які падавіў ягонае паўстаньне. З аднаго боку, піша аўтар, Акадэмія навук Беларусі кажа, што Касьцюшка не герой Беларусі, а зь іншага, беларускі пасол у Швайцарыі адкрываў ягоны помнік у горадзе Салюра.

Вінецкі нагадаў, як напярэдадні адкрыцьця беларусамі Швайцарыі помніка Тэдэвушу Касьцюшку ў Салюры, польскае пасольства запатрабавала зьмяніць надпіс на шыльдзе, дзе лідэра паўстаньня называлі «сынам Беларусі». МЗС Польшчы заявіла, што «Касьцюшка — гэта ўнівэрсальны герой», а не выключна «сын Беларусі» або «польскі генэрал».

«Дзеля справядлівасьці варта зазначыць, што на шэрагу помніках на сьвеце, напрыклад у ЗША, Касьцюшка падпісаны як „сын Польшчы“», — піша Вінецкі.

Паводле журналіста, канфлікт пра нацыянальнасьць Касьцюшкі, які для яго самога быў бы зусім абстрактным, дапамог папулярызаваць імя Касьцюшкі на Беларусі, бо афіцыйны Менск, які хоцькі-няхоцькі бараніў яго за мяжой, мусіў прызнаць яго сваім. Узгадаў аўтар і пра помнік Касьцюшку ў Мерачоўшчыне, які ўсталявалі дзякуючы краўдфандынгу.

Патлумачыць сутнасьць гэтага парадоксу «Polityka» папрасіла аналітыка з Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў Каміля Клысінскага. На думку экспэрта ў беларускіх справах, беларуская гістарычная палітыка, таксама як і замежная, шукае бясьпечную нішу паміж Усходам і Захадам.

«Адсюль і сынкрэтызм наратыву. Эўрапейскага, зьвязанага зь Вялікім Княствам Літоўскім, і расейскай спадчынай, царскай Расеяй і СССР. Сувораў — яго частка. Яго ня лічаць выбітным сынам Беларусі, але калі б Аляксандар Лукашэнка нападаў на яго так радыкальна, як апазыцыя, то ён бы перакрэсьліў гэтым сувязь з расейскай культурай, блізкай яму і многім беларусам».

Енджэй Вінецкі піша, што ў Беларусі зьяўляецца ўсё больш помнікаў і шыльдаў, якія нагадваюць пра вялікіх або лякальных герояў, а паволі зьнікаюць помнікі Леніну. Ён нагадаў, што ў Лідзе ў верасьні адкрыюць конны помнік вялікаму князю літоўскаму Гедзіміну, а каля замку ў Горадні ўжо ўсталявалі помнік Давыду Гарадзенскаму.

«Вялікае Княства Літоўскае, таксама як і Полацкае княства, якое згадваецца ў хроніках IX ст., лічыцца фундамэнтам беларускай ідэнтычнасьці. Чым бліжэй да сёньняшняга дня, тым гісторыя робіцца ўсё больш заблытанай. З гэтай пэрспэктывы Гедзімін больш бясьпечны, чым неспакойны дух Касьцюшкі», — піша Енджэй Вінецкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG