Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Італіі падасьць у адстаўку. На новых выбарах добрыя шанцы мае прыхільнік Пуціна


Прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ
Прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ

Прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ у аўторак падчас свайго выступу ў сэнаце заявіў, што мае намер падаць у адстаўку. Паводле словаў палітыка, ён праінфармуе пра гэта прэзыдэнта краіны пасьля абмеркаваньня ўрадавага крызісу ў сэнаце. Пра гэта паведамляе La Repubblica.

Контэ патлумачыў сваё рашэньне расколам паміж партыямі «Рух пяці зорак» і «Ліга», кааліцыя якіх утварае ўрад. У сваёй прамове перад сэнатам прэм’ер-міністар раскрытыкаваў віцэ-прэм’ера і лідэра «Лігі» Матэа Сальвіні за тое, што той нібыта справакаваў ўрадавы крызіс.

Раней Сальвіні заяўляў пра раскол у італьянскім урадзе і пра неабходнасьць датэрміновых парлямэнцкіх выбараў. Прычынай канфлікту стала галасаваньне «Лігі» разам з апазыцыяй за будаўніцтва хуткаснай чыгункі ў Францыю — насуперак пазыцыі «Руху пяці зорак».

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, партыя Сальвіні можа прэтэндаваць на посьпех у выпадку датэрміновых выбараў. «Рух пяці зорак» губляе падтрымку выбаршчыкаў.

Сальвіні на пасадзе міністра ўнутраных спраў праводзіць жорсткую палітыку ў адносінах да мігрантаў. Італія не пускае ў свае парты тыя караблі, якія ратуюць ў моры нелегальных мігрантаў. Сальвіні таксама вядомы сваёй станоўчай ацэнкай расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і палітыкі Крамля.

Пасьля публікацый у СМІ пракуратура Італіі ў мінулым месяцы адкрыла расьсьледаваньне па факце перамоваў эмісара Сальвіні і расейскіх прадстаўнікоў у Маскве. На іх, як сьцьвярджаецца, гаворка ішла аб утоеным фінансаваньні партыі «Ліга» расейскімі структурамі. Сальвіні абвінавачваньні адпрэчвае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG