Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Больш за 150 чалавек выйшлі на плошчу


Мітынг супраць акумулятарнага заводу ў 2018 годзе

Нягледзячы на патрабаваньне міліцыі спыніць несанкцыянаваную акцыю, у цэнтры Берасьця прайшоў чарговы пікет супраць акумулятарнага заводу. Гэта ўжо 197-ы тыдзень запар, як берасьцейцы выходзяць пратэставаць.

у 12.40 на плошчы было больш за 150 чалавек, перадае БелаПАН са спасылкай на праваабаронцу Рамана Кісьляка.

Сёньня прысутныя абмяркоўвалі напад на праціўніцу прадпрыемства Марыю Галалюк. 14 жніўня побач з прахадной акумулятарнага завода актывістку некалькі разоў ударыў невядомы мужчына. Гэта адбылося тады, калі Галалюк здымала на тэлефон агрэсіўныя паводзіны гэтага чалавека ў дачыненьні да іншага актывіста, які паставіў свой аўтамабіль так, каб ня даць выехаць з тэрыторыі прадпрыемства грузавіку.

У Галалюк выявілі закрытую чэрапна-мазгавую траўму, удар мяккіх тканак скроневай вобласьці і ўдар хвастца. Ад шпіталізацыі яна адмовілася, таму што на наступны дзень з бальніцы павінны былі выпісаць яе дзіця-інваліда.

Марыя Галалюк, якая прыйшла сёньня на сустрэчу, паведаміла, што напісала заяву ў міліцыю і па гэтым факце праводзіцца праверка.

Пасьля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі завода зноў прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасьця — Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».

Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» пабудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст». На заводзе плянуецца наладзіць поўны цыкл вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасьця і Берасьцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадзкая кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзеньне 197 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг «Берасьцейчанкі супраць сьвінцу», на які прыйшлі каля дзьвюх тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG