Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што беларуску з індыйскімі каранямі зьдзівіла ў Індыі


Пасьля першай у маім жыцьці паездкі ў Індыю я зразумела захапленьне майго бацькі-індыйца Беларусьсю і ягонае імкненьне застацца ў краіне, дзе я і нарадзілася.

Кацярына Яроміч
Кацярына Яроміч

Індыйская мудрасьць кажа: «Самае складанае, калі хочаш падняцца на верхнюю прыступку лесьвіцы, — гэта прабiцца праз натоўп ля яе падножжа». Ня ведаю, ці засвоіла я глыбокую мараль гэтага выразу, але ў літаральным сэнсе згодная цалкам.

Трапіць з пункту А ў пункт Б у Нью-Дэлі — сапраўднае выпрабаваньне. Змагацца прыходзіцца ня толькі зь вялізарным натоўпам, але і з паўсюдным смуродам і экстрэмальнай гарачынёй.

Першы месяц захоўвалася пачуцьцё, што ад мяне нешта хаваюць і возяць толькі па нейкіх бедных ускраінах. Калі да мяне дайшло, што гэта і ёсьць увесь Нью-Дэлі, я нарэшце скарылася.

Скарылася з тым, што казка ў жыцьці здараецца рэдка, а індыйскае кіно ствараецца на тое, каб індыйцы зь цяжкай доляй маглі ўцячы ў іншы сьвет, поўны спадзяваньняў, фарбаў і прыгажосьці.

І справа ўвогуле ня ў тым, што ў Дэлі няма чым захапляцца. Ёсьць. Але прыгожыя мясьціны гораду тут нават не мяжуюць, а перамяжоўваюцца з пакутамі, беднасьцю, болем і несправядлівасьцю.

Нешта з гэтага дасюль стаіць у мяне ўваччу, нешта патрапіла ў аб’ектыў. Вось некалькі кадраў з таго, што ў індыйскай сталіцы ўразіла мяне, беларуску з індыйскімі каранямі.

Неба над Дэлі. Заўсёды сумнае, заўсёды шэрае

Нягледзячы на тое, што летам тэмпэратура часта дасягае 45 градусаў, сонечных дзён ніколі не бывае. І справа зусім ня ў воблачнасьці, а ў смогу.

У 2018 годзе зарэгістраваны максымальны ўзровень канцэнтрацыі атрутных часьцінак, вядомых як PM 2,5, — 450. (Для параўнаньня: у Беларусі гэты ўзровень складае 72, а ў краіне з самым забруджаным паветрам — Манголіі — 171). Кожны дзень у Дэлі 80 чалавек гіне з прычыну забруджанасьці паветра. Дыханьне ў Дэлі забівае, літаральна.

«Калі і ёсьць рай на сьвеце, то ён тут»

Гэтыя словы высечаны над уваходам у Чырвоную Крэпасьць, галоўную славутасьць Старога Дэлі. У гэтым «раі» лёгка згубіцца, але зусім не абавязкова наймаць прафэсійнага гіда, каб пазнаёміцца з гістарычным цэнтрам. Дастаткова накінуць некалькі рупій рыкшам, і яны з душой і запалам пакажуць славутасьці, патаемныя месцы, найлепшыя пункты продажу спэцый і гарбаты (дзе працуюць іх сваякі), раскажуць ня толькі гістарычныя факты, але таксама параяць варажбітку, якая прачытае вашу будучыню і прыварожыць каханага чалавека (за асобную плату).

Усё зьмяшалася на сталічных дарогах

Апынуўшыся на дарогах без разьметкі або сьветлафораў, дзе сярод удзельнікаў руху людзі і каровы, матацыклы і ровары, машыны і рыкшы, эўрапеец скажа, што на дарогах пануе поўны хаос. Але нягледзячы на тое, што правілы дарожнага руху ў Індыі здаюцца чыстай умоўнасьцю, рух уяўляе сабой арганічную сыстэму, у якой аварыі адбываюцца не часьцей чым, напрыклад, у Расеі: у Індыі — 16,6 сьмярцей на 100.000 чалавек, у Расеі — 18.9 (у Беларусі радзей — 13.7 на 100.000).

Падобна жоўтым таксі ў Нью-Ёрку, рамантычным гандолам у Вэнэцыі і гістарычным трамваям у Празе, фірмовым відам транспарту ў Нью-Дэлі лічыцца трохколавы матацыкл «тук-тук». Менш чым за адзін беларускі рубель тук-тук даімчыць вас у любы пункт гораду, хоць пастаяць у заторах давядзецца ў любым выпадку, бо насельніцтва індыйскай сталіцы ў тры разы перавышае ўсё насельніцтва Беларусі.

Трушчобы? А вось і не. Хутчэй, гэта «хрушчобы» – звычайныя жылыя дамы ў самым цэнтры гістарычнай часткі Дэлі. Рэдка можна сустрэць нешта сярэдняе паміж элітным жыльлём і паўразбуранымі будынкамі – нездарма Індыя вядомая як – вы ўжо здагадаліся – краіна кантрастаў.

У такіх пабудовах жыве пераважна рабочая кляса. Траціна гарадзкога насельніцтва Індыі – у аднапакаёўках. А яшчэ больш людзей -- у трушчобах, ня маючы нават лядашчага даху над галавой. Такіх людзей у Дэлі восем мільёнаў. Многія беднякі начуюць на паркінгах, пад мастамі, дый проста на тратуарах.

Беларускія каровы жывуць дрэнна? Паглядзіце на індыйскіх

Кіруючая партыя настойвае на тым, што карова — сьвятая жывёла і павінна ахоўвацца. У некаторых штатах забаронена забіваць кароваў, парлямэнт нават разглядае закон аб сьмяротнай кары за гэта правапарушэньне.

Жывёлы сьвятыя, але жыцьцё маюць як сьвятыя пакутнікі. Скура ды хрыбет, рогі ды хвасты. Мала таго, што недаядаюць, дык на вуліцах ім часта дастаецца ад жыхароў за парушэньне руху.

Абаронцы правоў жанчын у Індыі абураюцца, што каровы лічацца больш важнымі, чым жанчыны: згвалтаванай даўжэй трэба чакаць правасудзьдзя, чым карове. А згвалтаваньне ў Індыі адбываецца кожныя 15 хвілін. Каб зьвярнуць увагу на гэтую праблему, індыйскі фатограф зрабіў праект, у якім сфатаграфаваў індыйскіх жанчын у масках каровы.

Бяздомныя сабакі, колькасьць якіх у сталіцы складае каля 400.000, часта застаюцца незаўважанымі турыстамі, чыя ўвага дастаецца менавіта славутым вулічным каровам.

Даводзіцца сабакам несалодка — часта яны становяцца ахвярамі надзвычайнай жорсткасьці. Часта яны настолькі зьнясіленыя голадам і сьпякотай, што няздольныя рухацца. Ляжаць і чакаюць, пакуль турысты ня зьлітуюцца і не накормяць.

На індыйскіх рынках кветкі купляюць за кіляграм

Часам на кветкавых рынках ня бачна зямлі — ўсё навакольле патанае ў аксамітках. Гэтыя прыгожыя кветкі займаюць вельмі важнае месца на любым індыйскім сьвяткаваньні, няхай гэта будзе цырымонія шлюбу, фэстываль або ўсхваленьне індуісцкага боства.

За ўсёй гэтай прыгажосьцю хаваецца велізарная праца, у асноўным жанчын і іх дзяцей, нават дашкольнага ўзросту. Працоўны дзень пачынаецца а 3-й гадзіне раніцы і працягваецца, пакуль усе вянкі ня сплеценыя і не распрададзеныя. Каб адагнаць стому і дрымоту, яны садзяцца колам і пачынаюць сьпяваць песьні. Але зусім не такія, як мы прывыклі бачыць у індыйскім кіно, — а ўдумлівыя і не разьлічаныя на зьнешні эфэкт.

У індыйскіх жанчын золата больш, чым у залатым запасе Беларусі ў 500 разоў

Ня верыцца? Паводле дадзеных Сусьветнай рады золата, у Індыі налічваецца 24 тысячы тон золата, а ў індыйскіх жанчын — 21 тысяча тон золата, што складае 11 працэнтаў усяго золата ў сьвеце. Столькі золата не налічваецца нават у вядучых па золаце краінах сьвету: Нямеччына — 3300 тон, Італія — 2450 тон, Францыя — 2400 тон, Расея — 1900 тон. Залаты запас Беларусі складае 41 тону.

Відавочна, што далёка ня ўсе жанчыны могуць дазволіць сабе залатую ліхаманку, і тады ім на дапамогу прыходзяць рынкі Нью-Дэлі, багатыя стразамі, бісэрам, штучнымі камянямі і залатымі напыленьнямі. Як гаворыцца, fake it till you make it.

Сярод мясцовых жыхароў старадаўні калодзеж Аграсэн Кі Баёлі мае асаблівую прывабнасьць, бо менавіта тут былі зьнятыя культавыя фільмы Балівуду. Аднак, далёка ня ўсе адважваюцца прыйсьці ў гэтае незвычайнае месца. Віной гэтаму – духі і прывіды.

Насельніцтва Індыі, асабліва сельскіх раёнаў, заўзята верыць у існаваньне зданяў. Так, мая сяброўка родам з паўночнай вёскі ў Індыі з жахам і страхам у вачах распавядала мне розныя гісторыі пра тагасьветныя сілы, зь якімі сутыкаліся яна і яе аднавяскоўцы. Нягледзячы на мае доўгія ўгаворы пайсьці са мной на агляд славутасьці, яна наадрэз адмовілася – раптам духі прымусяць яе скакаць у ваду.

Збольшага, яна мела рацыю. Скочыць у ваду і праўда вельмі хацелася, праўда каб выратавацца ад нашэсьця камароў, мошак і кажаноў, якія ахоўваюць Аграсэн Кі Баёлі.

Экзотыка — каму як

Шматлікія турысты выкарыстоўваюць гэтае слова, апісваючы свае ўражаньні ад індыйскай культуры. Ня дзіўна, што, трапляючы ў новае асяродзьдзе, яны пачынаюць мітусьліва фатаграфаваць усё, што бачаць: людзей, архітэктуру, жывёлаў. Затое, калі мясцовыя жыхары зьвяртаюць увагу на іх, — гэта выклікае крыўду і грэбаваньне: «Яны што, белых людзей ніколі ня бачылі?» Ня бачылі, таму што ні тэлебачаньня, ні інтэрнэту, ні ўвогуле электрычнасьці больш чым у паловы насельніцтва сталіцы няма.

Пра такія двайныя стандарты вандроўкі ў «экзатычныя» краіны часта забываюць. Але зьліўшыся з натоўпам, значна прасьцей атрымаць адчуваньне супольнасьці.

Праўда, на мяне там таксама часта азіраліся — ня столькі з-за рысаў твару, колькі, думаю, з-за росту — я там са сваім звычайным беларускім ростам была на галаву вышэйшая за большасьць мінакоў. Хоць, кажуць, ілюзіі лепш за ўсё бачныя не з вышыні, а з адлегласьці.

Кацярына Яроміч

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG