Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індыя скасавала аўтаномію рэгіёну, за які ўжо было дзьве вайны


Індыйскія вайскоўцы на вуліцы гораду Джаму ў Кашміры, 5 жніўня 2019

Урад Індыі скасаваў артыкул у канстытуцыі краіны, у якім вызначаны асаблівы статус рэгіёну Кашмір.

Артыкул 370 гарантаваў значную аўтаномію той часткі Кашміру, якая знаходзіцца пад індыйскім кантролем. Паводле Бі-бі-сі, чакаецца, што цяпер парлямэнт Індыі прыме закон, які падзеліць Кашмір на дзьве тэрыторыі, якія будуць кіравацца наўпрост з Дэлі, індыйскай сталіцы.

Пакістан ужо асудзіў рашэньне Індыі, назваўшы яго незаконным і абвясьціўшы, што будуць скарыстаныя «ўсе магчымасьці», каб яму супрацьдзейнічаць.

«Індыя гуляе ў небясьпечную гульню, якая будзе мець сур’ёзныя наступствы для рэгіянальнага міру і стабільнасьці,» — цытуе Бі-бі-сі міністра замежных спраў Пакістану Шаха Мэхмуда Курэшы.

Кашмір фактычна падзелены ў асноўным паміж Пакістанам і Індыяй (яшчэ частку ўтрымлівае Кітай), але абедзьве краіны прэтэндуюць на ўсю тэрыторыю і з 1947 году праз гэта ўжо мелі дзьве вайны. І Індыя, і Пакістан валодаюць ядзернай зброяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG