Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Анісім упершыню наведала турму і сустрэлася з асуджаным за забойства


Алена Анісім пасьля сустрэчы са зьняволеным

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім у Магілёўскай турме № 4 наведала асуджанага на 18 гадоў за забойства Пятра Кучуру.

Чаму Анісім паехала ў турму?

З просьбай сустрэцца са зьняволеным зьвярнулася да дэпутаткі ягоная жонка Людміла Кучура, якая трывожыцца за ягоны лёс. Па яе словах, мужа на пачатку жніўня за нібыта парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня перавялі з Магілёўскай папраўчай калёніі № 15 у «крытую» турму № 4.

Яна настойвае, што пра суд, які пастанавіў зрабіць больш жорсткімі ўмовы адбыцьця пакараньня для асуджанага, ёй не паведамлялі. Да гэтага мужу не давалі магчымасьці сустрэцца з адвакатам і перашкаджалі абскардзіць вынесеныя яму дысцыплінарныя спагнаньні. Акрамя таго, да жонкі зьняволенага не даходзілі ягоныя лісты. Апошні атрымала 6 ліпеня.

Алена Анісім, магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель і жонка Пятра Кучуры Людміла Кучура
Алена Анісім, магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель і жонка Пятра Кучуры Людміла Кучура

Людміла Кучура сьцьвярджае, што ў красавіку яе мужа пабілі, калі ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары. Ён паскардзіўся ў Сьледчы камітэт. Па яе словах, муж — інвалід 3 групы па захворваньні сэрца.

Анісім пра сустрэчу са зьняволеным: Прыгнечанасьці ў яго не заўважыла

Алена Анісім не сказала журналістам, пра што гутарыла зь Пятром Кучурам.

«Мая задача была сустрэцца зь ім і пагутарыць па пытаньнях, якія я мела з сабою», — сказала яна.

Адказы на гэтыя пытаньні дэпутатка перадала жонцы зьняволенага, каб тая скарыстала іх, як палічыць патрэбным.

Па словах Алены Анісім, гутарка са зьняволеным доўжылася больш за гадзіну ў прысутнасьці двух прадстаўнікоў адміністрацыі турмы. Сваю прысутнасьць яны тлумачылі тым, што адказваюць за паводзіны зьняволенага і такім чынам дбаюць пра бясьпеку наведніцы. Падчас гутаркі з дэпутаткай прадстаўнікі адміністрацыі на скаргі зьняволенага не рэагавалі.

Начальнік турмы паабяцаў Анісім, што сустрэча зьняволенага зь ёю ня будзе мець для яго нэгатыўных наступстваў. Па яе словах, Кучура даволі адкрыта адказваў на яе пытаньні.

«Ён усьведамляе сваё становішча, але адчуваньня прыгнечанасьці ў ім я не заўважыла», — сказала Анісім.

Яна адзначыла, што турмы ёй не паказвалі і па камэрах не вадзілі.

«Як такога страху ў мяне не было, але гэта ня тая ўстанова, у якую марыш трапіць», — пераказала Анісім уражаньні ад першага наведваньня папраўчай установы.

За што сядзіць Пётар Кучура

Пятра Кучуру асудзілі на 18 гадоў за наўмыснае забойства дзяржінспэктара па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету. Кучуру затрымалі ў 2004 годзе, выйсьці на волю ён мае ў 2021-м. У 2016 годзе асуджаны зьвяртаўся з просьбай аб умоўна-датэрміновым вызваленьні, але яму адмовілі.

Жонка асуджанага ня верыць у вінаватасьць мужа. Яна стварыла пэтыцыю за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў Міністэрству юстыцыі. Па яе словах, пасьля гэтага ціск на мужа ўзмацніўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG