Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Валынскай вобласьці Ўкраіны абмялела возера Сьвіцязь. Вінавацяць беларускі кар’ер


Возера Сьвіцязь на Валыні, 11 ліпеня 2019 году. Фота: Валынская абласная дзяржаўная адміністрацыя

Вада на возеры адышла ад берагоў на 60–80 мэтраў. Украінцы лічаць, што галоўная прычына праблем іх унікальнага возера — распрацоўка кар’еру ў Беларусі.

У Шацкім нацыянальным парку Ўкраіны, на тэрыторыі якога больш як 30 азёр, занепакоеныя анамальным абмяленьнем найглыбейшага ў краіне возера Сьвіцязь. Яны просяць беларускіх калегаў з заказьніку «Прыбускае Палесьсе» падзяліцца інфармацыяй пра назіраньні за гідралягічнай сытуацыяй на сумежнай тэрыторыі.

«Раней ваганьне ўзроўню вады адбывалася ў межах сэзоннага цыклю. Але сёлета ў чэрвені адбыліся найбольшыя страты вады — не было дажджоў, а тэмпэратура паветра падымалася да 40 градусаў. Найперш мы мяркуем, што абмяленьне выкліканае кліматычнымі фактарамі, але не выключаем і ўплыву распрацоўкі Хаціслаўскага кар’еру на тэрыторыі Беларусі», — сказаў Свабодзе навуковы супрацоўнік Шацкага нацыянальнага парку Пятро Юрчук.

Паводле яго, вада на возеры Сьвіцязь адышла ад берагоў на 60–80 мэтраў:

«Мы зьвярнуліся зь лістом да беларускіх калегаў з просьбай падзяліцца вынікамі гідралягічнай сытуацыі на іхным баку, і найперш нас цікавіць, як паводзяць сябе грунтовыя і напорныя воды ў Маларыцкім раёне Берасьцейскай вобласьці, паблізу Хаціслаўскага крэйдавага кар’еру. Мы ня можам выключаць гэты фактар уплыву, але дакладных зьвестак ня маем».

Юрчук удакладніў, што запыт беларускім калегам накіравалі 14 жніўня, але адказу яшчэ не атрымалі.

Тэрміновая нарада ў Луцку

У сувязі з катастрафічным абмяленьнем возера Сьвіцязь, якое ва Ўкраіне лічыцца курортнай пэрлінай, у Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі правялі тэрміновую нараду. На ёй пастанавілі неадкладна падрыхтаваць плян захадаў, каб спыніць абмяленьне азёраў. Кіраўніцтва абласной адміністрацыі таксама зьвярнулася да цэнтральнай улады ў Кіеве з просьбай выдзеліць грошы на ратаваньне валынскіх азёраў.

На нарадзе кіраўнік абласнога ўпраўленьня водных рэсурсаў Расьціслаў Краўчук заявіў, што ўзровень вады зьніжаецца ў першую чаргу з прычыны ўмоў надвор’я:

«Апроч таго, значная частка каналаў знаходзяцца на балянсе аб’яднаных тэрытарыяльных грамад, якія не займаюцца іх ачысткай, бо дзяржава неналежна фінансуе рамонт шлюзаў і водных збудаваньняў. Трэба ўзводзіць дадатковыя водарэгулявальныя збудаваньні, але пытаньне — зноў жа ў грашах».

Што кажуць навукоўцы

На пачатку ліпеня Інстытут водных праблем і мэліярацыі Нацыянальнай акадэміі аграрных навук Украіны накіраваў у Шацкі нацыянальны парк аналіз прычын абмяленьня возера Сьвіцязь.

Навукоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што ва Ўкраіне назіраюцца самыя высокія ва Ўсходняй Эўропе тэмпы павелічэньня сярэднегадавой тэмпэратуры — на 0,6 градуса за апошнія 10 гадоў. Таму клімат ва Ўкраіне робіцца ўсё сушэйшы.

Але ў апошнія гады, паводле навуковага маніторынгу, які ажыцьцяўляецца ў раёне Шацкіх азёраў з 1972 году, хаатычныя ваганьні ўзроўняў грунтавых водаў на гэтай тэрыторыі не заўсёды можна патлумачыць кліматычнымі зьменамі. Напрыклад, пасьля мэліярацыйнага асушэньня валынскіх зямель на пачатку 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя на Сьвіцязі назіраўся самы нізкі ўзровень грунтавых водаў. Гэтая тэндэнцыя назіралася да сярэдзіны 1990-х, пакуль тут вялося актыўнае землекарыстаньне.

У 2007–2010 гадах узровень вады ў возеры Сьвіцязь дасягнуў максымальных значэньняў, нягледзячы на кліматычныя зьмены, а потым зноў пачаў патроху зьніжацца. Навукоўцы лічаць, што гэта адбываецца пад тэхнагенным уплывам, адзін з фактараў якога — распрацоўваньне беларускага кар’ера.

Крэйдавы кар’ер на мяжы з Украінай

Хаціслаўскае крэйдавае радовішча — на тэрыторыі Беларусі, за трыста мэтраў ад дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, то бок зусім побач з сыстэмай азёраў Ратнаўскага раёну Валынскай вобласьці і Шацкага нацыянальнага прыроднага парку.

Паводле ацэнак, радовішча мае каля 500 мільёнаў тон запасаў высакаякаснай крэйды, вапняку, пяскоў высокіх фракцый, яно найбуйнейшае ў Беларусі. Вапняк выкарыстоўваецца ў вытворчасьці цэмэнту, а кварцавы пясок — для вырабаў з жалеза- і сылікатабэтону. Паводле ацэнак адмыслоўцаў, карысныя выкапні, якія можна здабываць цягам 200 гадоў, знаходзяцца на плошчы ня менш як 2 тысячы гектараў.

У 2008 годзе гэтае радовішча атрымала ў канцэсію кампанія «Трайпл». Спачатку распрацоўваўся толькі пясчаны кар’ер, пабудавалі два заводы, якія выраблялі сылікатныя цэглу і блёкі. У 2014 годзе пачалі будаваць трэці завод — па вытворчасьці крэйды і вапны.

У 2009 годзе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі правяло ацэнку ўзьдзеяньня распрацоўкі радовішча на навакольле і водныя рэсурсы. У дасьледаваньнях адзначаўся магчымы нэгатыўны ўплыў на найбліжэйшае на тэрыторыі Ўкраіны возера Сьвятое (Ратнаўскі раён Валынскай вобласьці), але возера Сьвіцязь, паводле навуковых разьлікаў, у зону пагрозы не трапляла. Найбольш уразьлівай да прамысловай распрацоўкі кар’ера экспэрты назвалі беларускую раку Маларыту — да 2040 году яе воднасьць можа скараціцца на 50 адсоткаў.

У той жа час беларускія экспэрты палічылі, што нэгатыўны эфэкт можна мінімізаваць — яны прапанавалі распрацоўваць кар’ер на максымальнай адлегласьці ад мяжы з Украінай, стварыць сыстэму інфільтрацыйных каналаў з арганізацыяй падачы ў іх вады, а таксама сетку зь некалькіх маніторынгавых сьвідравін.

У 2013 годзе ацэнкай магчымага ўплыву займаліся беларускія і ўкраінскія навукоўцы пад эгідай Эўрапейскай эканамічнай камісіі ААН у межах ініцыятывы «Навакольнае асяродзьдзе і бясьпека» — правялі некалькі палявых дасьледаваньняў і дамовіліся аб супольным маніторынгу. Але гэты праект завяршыўся ў 2014 годзе.

Шацкі нацыянальны парк уваходзіць у склад памежнага біясфэрнага запаведніка «Заходняе Палесьсе» разам зь беларускім заказьнікам «Прыбускае Палесьсе» і польскім біясфэрным запаведнікам. У 2012 годзе трохбаковая запаведная тэрыторыя атрымала міжнародны статус UNESCO.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG