Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўкраінскіх школах вучаць, што Адам Міцкевіч прысьвяціў паэму «Сьвіцязь» валынскаму возеру


Возера Сьвіцязь

Ва Ўкраіне ў адным з падручнікаў «Замежная літаратура» для вучняў сёмай клясы сьцьвярджаецца, што паэт Адам Міцкевіч прысьвяціў сваю паэму «Сьвіцязь» аднайменнаму возеру ў Шацкім раёне Валынскай вобласьці.

Падручнік уклалі філёлягі Вольга Нікаленка, Тацяна Конева і Вольга Арлова
Падручнік уклалі філёлягі Вольга Нікаленка, Тацяна Конева і Вольга Арлова

У камэнтары да артыкулу пра паэму напісана: «Возер Сьвіцязь — адно з найцудоўнейшых месцаў Украіны, што знаходзіцца ў Валынскай вобласьці. У розныя часы гэтая тэрыторыя належала Беларусі, Літве, Польшчы. Са Сьвіцязьзю зьвязана шмат легендаў, паданьняў, павер’яў. У аснову сваёй баляды Міцкевіч узяў легенду, паводле якой некалі заможны горад схаваўся пад зямлю і ваду, а ягоныя жыхары ператварыліся ў водарасьці, якія каралі чужынцаў. Так нябесныя сілы дапамаглі народу пазьбегнуць няволі, ня стаць на калені перад прыгнятальнікамі».

Украінскае Міністэрства адукацыі рэкамэндавала гэты падручнік настаўнікам замежнай літаратуры
Украінскае Міністэрства адукацыі рэкамэндавала гэты падручнік настаўнікам замежнай літаратуры

Міністэрства адукацыі Ўкраіны рэкамэндуе для сёмай клясы шэсьць падручнікаў па замежнай літаратуры — тры зь іх зацьверджаныя ў 2007 годзе і ў іх для вывучэньня прапанавалася іншая паэма Адама Міцкевіча — «Альпухара».

Паэма «Сьвіцязь» уведзеная ў школьную праграму толькі ў 2015 годзе, тады ж рознымі ўкладальнікамі былі выдадзеныя тры новыя падручнікі. Але толькі ў адным зь іх, укладальнікамі якога ёсьць філёлягі Вольга Нікаленка, Тацяна Конева і Вольга Арлова, гаворыцца, што паэма прысьвечаная ўкраінскаму возеру. У гэтым жа падручніку сьцьвярджаецца, што Адам Міцкевіч «заўсёды ў сваіх творах абапіраўся на фальклёр, у тым ліку ўкраінскі, што адлюстравана ў ягоных балядах «Сьвіцязь», «Рыбка», «Чаты», «Вяртаньне бацькі».

У іншым падручніку дакладна апісана пра паэму «Сьвіцязь»
У іншым падручніку дакладна апісана пра паэму «Сьвіцязь»

Два гады таму Свабода пісала, як таксама ў падручніку замежнай літаратуры для вучняў сёмай клясы замест партрэта беларускага пісьменьніка Васіля Быкава зьмясьцілі фатаздымак Аляксея Мэстэргазі, які да Другой усясьветнай вайны працаваў у галоўным упраўленьні землеўпарадкаваньня Народнага камісарыяту земляробства СССР.

Тады ў Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны папрасілі прабачэньня за «тэхнічную» памылку з ілюстрацыяй і паабяцалі яе выправіць у наступным выданьні. Але дагэтуль у электроннай вэрсіі падручніка застаецца фатаздымак Аляксея Мэстэргазі замест Васіля Быкава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG