Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея накіравала ядзерныя бамбавікі на мяжу з Аляскай


Самалёт Ту-160, ілюстрацыйнае фота

Расейскія ўлады 14 жніўня абвясьцілі аб палёце двух ядзерных бамбавікоў Ту-160 на Чукотку — рэгіён на крайняй поўначы Расеі, які мяжуе празь Берынгаў праліў з амэрыканскім штатам Аляска, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У паведамленьні расейскага Мінабароны гаворыцца, што два Ту-160 за 8 гадзін пераадолелі адлегласьць у 6 тысяч км, якія разьдзяляюць базу ВПС на захадзе Расеі ад чукоцкага Анадыра.

Палёт адбыўся ў рамках вучэньняў, якія, па словах дзяржаўных СМІ, паказалі здольнасьць Масквы размясьціць ядзернае ўзбраеньне прама ля мяжы з ЗША.

​«Ад Анадыра да Аляскі менш як 600 кілямэтраў — для Ту-160 гэта 20 хвілін ходу разам з узьлётам і наборам вышыні», — адзначаюць аўтары нататкі «Ракетаносцы РФ разьмясьцілі ў 20 хвілінах палёту ад ЗША», якая была апублікаваная 14 жніўня ў «Российской газете», афіцыйным друкаваным органе расейскага ўраду.

У ёй таксама гаворыцца, што «магчымасьці ракет, якія нясе самалёт, дазваляюць пускаць іх, не выходзячы з паветранай прасторы Расеі. Пры неабходнасьці першачарговай мэтай ракетаносцаў могуць стаць разьмешчаныя на Алясцы радары і стартавыя пазыцыі перахопнікаў супрацьракетнай абароны ЗША».

Стратэгічны бамбавік Ту-160, які ў Расеі называюць «Белым лебедзем» — звышгукавы самалёт, створаны яшчэ ў СССР. Ён можа пераадолець без дазаправак адлегласьць у 12 тысяч км, на яго борце можна разьмясьціць да 12 ядзерных ракет малой далёкасьці. Цяпер Расея абнаўляе свой парк Ту-160.

Самалёты Ту-160 у мінулым зьдзяйсьнялі палёты з расейскіх вайсковых базаў у Сырыю, дзе з іх дапамогай праводзілі бамбардаваньні сіл, якія выступаюць супраць рэжыму Башара Асада, аднаго з самых блізкіх саюзьнікаў Масквы на Блізкім Усходзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG