Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 паэтычных зборнікаў трапілі ў доўгі сьпіс прэміі імя Натальлі Арсеньневай


Алесь Разанаў, ляўрэат прэміі імя Натальлі Арсеньневай 2018 году
Алесь Разанаў, ляўрэат прэміі імя Натальлі Арсеньневай 2018 году

Журы паэтычнай прэміі Натальлі Арсеньневай вызначылася з доўгім сьпісам сёлетніх прэтэндэнтаў на ўзнагароду.

У доўгі сьпіс увайшлі:

  • Уладзімер Арлоў «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». Выдавецтва «Кнігазбор», Менск.
  • Надзея Артымовіч «Краявід зь невідочнай памылкай». Выдавецтва «Праграмная рада тыднёвіка „Ніва“», Беласток.
  • Вера Бурлак «Фантазюркі». Выдавецтва «Галіяфы», Менск.
  • Марыя Мартысевіч «Сарматыя». Выдавецтва «Янушкевіч», Менск.
  • Кацярына Масэ «Беланоч». Выдавецтва «Чатыры чвэрці», Менск.
  • Алег Мінкін «Мяне тут не было». Выдавецтва «Кнігазбор», Менск.
  • Людка Сільнова «Матылёк на кары дрэва». Выдавецтва «Янушкевіч», Менск.
  • Галіна Сіўчанка «Зоў звычаю». Выдавецтва «Медысонт», Менск.
  • Уладзімер Сьцяпан «Папяровая шапка». Выдавецтва «Кнігазбор», Менск.
  • Віктар Сямашка «Ромб». Выдавецтва «Agencja Wydawnicza Ekopress», Беласток.

У мінулыя гады доўгі сьпіс у прэміі за найлепшую кнігу паэзіі не прадугледжваўся, але сёлета была рэкордная колькасьць заявак — 27 кніг. Таму аргакамітэт прэміі і сябры журы вырашылі дадаткова стварыць доўгі сьпіс, каб адзначыць усе вартыя паэтычныя зборнікі.

Кароткі сьпіс прэміі будзе вядомы ў канцы жніўня, а пераможцу назавуць на цырымоніі ўзнагароджаньня, якая адбудзецца 10 верасьня.

У склад журы прэміі сёлета ўвайшлі паэт і загадчык літаратурнага музэю Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі; паэтка, перакладчыца і літаратуразнаўца Марыяна Кіяноўская; літаратуразнаўца і доктар філялягічных навук Анжэла Мельнікава; паэтка і бард Лера Сом; паэт Дзьмітры Строцаў.

Арганізатары прэміі імя Натальлі Арсеньневай: Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонду Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі.

Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Натальлі Арсеньневай (1903–1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Першым ляўрэатам прэміі стаў Уладзімер Някляеў за зборнік паэзіі «Толькі вершы», другім — Алесь Разанаў з кнігай «Перавыбранае».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG