Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі спрасьціў атрыманьне ўкраінскага грамадзянства для расейцаў. А для беларусаў?


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі спрасьціў працэдуру атрыманьня грамадзянства Ўкраіны.

На ўкраінскае грамадзянства цяпер змогуць прэтэндаваць грамадзяне Расеі, якія зазналі «перасьлед за палітычныя перакананьні». Акрамя таго, украінскі пашпарт змогуць атрымаць іншаземцы і асобы без грамадзянства, якія дапамагалі нацыянальнай бясьпецы і абароне Ўкраіны.

Як адзначаецца ў тэксьце адпаведнага ўказу, падпісанага 13 жніўня, грамадзянін Расеі мае падаць дэклярацыю аб адмове ад свайго грамадзянства і даведку, якая пацьвярджае перасьлед з боку праваахоўных органаў з палітычных матываў або за перакананьні.

Адпаведны дакумэнт аб перасьледзе можна будзе атрымаць у Міністэрстве замежных справаў Украіны або дыпляматычнага прадстаўніцтва Ўкраіны ў Расеі. Адначасова ўкраінскае грамадзянства будзе давацца і дзецям бацькоў, якіх перасьледуюць у Расеі.

У той жа час гэтыя мэханізмы ня будуць распаўсюджвацца, напрыклад, на палітычна перасьледаваных грамадзян Беларусі.

Але канчаткова ўрэгуляваць пытаньне наданьня ўкраінскага грамадзянства іншаземцам, якія перасьледуюцца ў краіне свайго паходжаньня з палітычных матываў, мусяць два адпаведныя законы — аб спрашчэньні парадку атрыманьня грамадзянства Ўкраіны для расейцаў і іншаземцаў, а таксама аб парадку даваньня палітычнага прыстанішча. Згодна з указам прэзыдэнта Ўкраіны, гэтыя законы павінен распрацаваць кабінэт міністраў Украіны цягам трох месяцаў.

Тыя іншаземцы, якія ваявалі ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў на баку ўкраінскіх урадавых войскаў альбо служаць ва Ўзброеных сілах Украіны, для атрыманьня грамадзянства Ўкраіны таксама павінны цяпер падаваць дэклярацыю аб адмове ад грамадзянства краіны паходжаньня. Раней адпаведны дакумэнт трэба было атрымліваць у краіне свайго грамадзянства. Цяпер дастаткова толькі пісьмова заявіць пра адмову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG