Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін беларускі добраахвотнік атрымаў грамадзянства Ўкраіны


Дзяніс Прохараў (са сьцягам) на акцыі каля Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны 20 верасьня 2018 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб наданьні ўкраінскага грамадзянства дзевяці замежным грамадзянам, якія абаранялі тэрытарыяльную цэласнасьць краіны на Данбасе.

Адзін зь іх — грамадзянін Беларусі Дзяніс Прохараў. Ён ваяваў спачатку ў добраахвотніцкім батальёне «Азоў», а потым у складзе Тактычнай групы «Беларусь».

Як паведамілі Свабодзе ў Тактычнай групе «Беларусь», апошні раз Дзяніс Прохараў быў на фронце ў 2015 годзе пад Мар’інкай у Данецкай вобласьці, а цяпер займаецца грамадзкай дзейнасьцю.

Ва ўказе прэзыдэнта адзначаецца, што атрыманьне Дзянісам Прохаравым украінскага грамадзянства адпавядае «дзяржаўным інтарэсам Украіны».

У чэрвені Ўладзімір Зяленскі падпісаў першы ўказ аб наданьні ўкраінскага грамадзянства замежным грамадзянам, якія абаранялі тэрытарыяльную цэласнасьць краіны на Данбасе. У ліку першых 14 такіх грамадзян былі два беларусы — Рудольф Егарэнка і Дзьмітры Белагорцаў (ваявалі ў батальёне «Данбас»).

Раней народная дэпутатка Ўкраіны Натальля Весялова зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з просьбай даць украінскае грамадзянства беларусу Дзьмітрыю Палойку.

У 2014 годзе тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам надаў грамадзянства Сяргею Кароткіх (былая мянушка «Малюта», у добраахвотніцкім батальёне «Азоў» ён меў пазыўны «Боцман»). Паводле некаторых зьвестак, Кароткіх, магчыма, быў зьвязаны з прарасейскай фашыстоўскай арганізацыяй РНЕ.

Усе іншыя грамадзяне Беларусі, якія ваявалі ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў на Данбасе, не змаглі атрымаць нават від на сталае жыхарства ва Ўкраіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG