Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: ЗША шмат даведаліся ў выніку выбуху расейскай ракеты


Расейская вайсковая база Ненокса ў Архангельскай вобласьці, дзе адбыўся выбух ракеты (архіўнае фота 9 лістапада 2011 году)
Расейская вайсковая база Ненокса ў Архангельскай вобласьці, дзе адбыўся выбух ракеты (архіўнае фота 9 лістапада 2011 году)

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў 12 жніўня, што правал выпрабаваньняў расейскай ракеты дазволіў амэрыканскім спэцыялістам атрымаць нямала новай інфармацыі.

У сваім паведамленьні ў Твітэры Трамп напісаў: «Злучаныя Штаты шмат даведаліся ў выніку няўдалага выбуху ракеты ў Расеі. У нас ёсьць падобная, але больш дасканалая тэхналёгія. Выбух расейскай Skyfall прымусіў людзей занепакоіцца з нагоды чысьціні паветра ня толькі побач з палігонам, але і ўдалечыні ад яго. Ня добра!»

Skyfall — так NATO клясыфікуе расейскую экспэрымэнтальную крылатую ракету «Буревестник», якая, як мяркуецца, мае ядзерны рухавік і здольная несьці ядзерны зарад.

Паводле дадзеных прэсы, у амэрыканскіх экспэртаў няма пацьверджаньняў таго, што Расеі ўдалося стварыць дзейны ракетны ядзерны рухавік. Наяўныя зьвесткі ўказваюць на няўдалыя выпрабаваньні. ЗША адмовіліся ад стварэньня падобнай зброі ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя, палічыўшы гэтую ідэю па розных прычынах нерэалізуемай.

Паведамленьні пра буйны выбух на марскім палігоне непадалёк ад узьбярэжжа Белага мора ў Архангельскай вобласьці Расеі зьявіліся 8 жніўня. Тады ж, 8 жніўня, на афіцыйным сайце адміністрацыі Архангельскай вобласьці зьвялася інфармацыя пра перавышэньне радыяактыўнага фону ў горадзе ўдвая. 9 жніўня паведамленьне было выдаленае. Жыхары Архангельска пачалі масава скупляць ёд у аптэках.

У выніку выбуху загінулі пяць навукоўцаў Усерасейскага навукова-дасьледчага інстытуту экспэрымэнтальнай фізыкі, яшчэ трое атрымалі раненьні.

11 жніўня кіраўніцтва інстытуту прызнала, што навукоўцы сталі ахвярамі выбуху ядзернага рэактара, які распрацоўвалі на замову карпарацыі «Росатом». Той самай, якая будуе атамную электрастанцыю ля Астраўца. «Росатом» факт выбуху ядзернага рэактара пакуль афіцыйна не прызнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG