Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэст на „чый Крым?“ здымае любыя пытаньні». Украінскі рэстаратар адмовіўся прадаваць беларусам франшызу «П’яная вішня»


Андрэй Худо, заснавальнік украінскай сеткі рэстарацыяў «Фэст»

Непаразуменьні паміж беларускімі і ўкраінскімі бізнэсоўцамі ўзьніклі, калі ў Менску адкрыўся бар «П’яная вішня».

«Назву бару ў Менску варта ўсё ж зьмяніць!» — украінскі бізнэсовец

Менскі бар прадае толькі адзін напой — вішнёвую настойку. Як толькі пра адкрыцьцё бару стала вядома, шмат хто зь беларусаў згадаў папулярныя львоўскія бары з такой жа канцэпцыяй і з такой жа назвай.

Падазрэньні пацьвердзіў адзін з заснавальнікаў украінскіх вінных бараў Андрэй Худо. На сваёй старонцы ў фэйсбуку ён абвінаваціў заснавальнікаў менскага бару ў плягіяце.

Андрэй Худо — уплывовы ва Ўкраіне бізнэсмэн, які разам з двума іншымі сузаснавальнікамі валодае кампаніяй «!FEST». Гэта больш як два дзясяткі аўтарскіх рэстарацый і кавярняў, сярод іх культавыя сярод беларусаў «Криївка», «Мазох-café», «Львівська копальня кави» ды іншыя. Ён патлумачыў Радыё Свабода, чаму кампанія калісьці прыняла стратэгічнае рашэньне — не разьвіваць бізнэс у Беларусі і ў Расеі.

«Каштоўнасьці цывілізаванага сьвету — яны аднолькавыя, як у гарантыях для бізнэсу, так і ў палітычным кантэксьце, так і ў чалавечым. Менавіта таму эўрапейскія каштоўнасьці для нас бліжэйшыя.

На жаль, Беларусь цяпер разьвернутая ў іншы бок. Гэтаксама і Расея і яе дзеяньні сёньня — па-за цывілізаванымі каштоўнасьцямі. І відавочна, што сама пазыцыя краіны што да дзеяньняў Расеі і яе лідэраў — гэта адзін з вызначальных аргумэнтаў у прыняцьці рашэньняў. Тэст на „чый Крым?“ хутка здымае любыя пытаньні. І зноў жа такі Беларусь тут не дае правільнага адказу», — кажа бізнэсовец.

Андрэй Худо кажа, што права на інтэлектуальную ўласнасьць — гэта адна з такіх каштоўнасьцяў.

«Стварэньне ідэй, канцэптаў, прадуктаў, брэндынгу — усё гэта сур’ёзная праца, і яе вынікі абароненыя ва ўсім цывілізаваным сьвеце. І калі хтосьці гэта капіюе — гэта адназначна крадзеж. Вось гэта мы хочам данесьці да ўласьнікаў кнайпы, якая ёсьць копіяй нашай „П’янай вішні“. Гэта крадзеж, і вы злачынцы. А красьці нядобра, і паводле беларускіх законаў таксама гэта амаральна і непрыстойна».

«Рэстаранны бізнэс пабудаваны на эмоцыях да гасьціннасьці, і ён ніколі ня можа быць пабудаваны на крадзяжы, — папярэджвае Андрэй Худо. — Бо людзі гэта адчуваюць. Гэтаксама як гэта адчуваецца ў Крыме. Тое, што ён скрадзены, ведаюць усе цывілізаваныя людзі».

«Ліцэнзійны» бар у Варшаве:

Андрэй Худо кажа, што ня варта капіяваць фармат і называць яго сугучна зь львоўскай «П’янай вішняй».

«Гэта не крэатыў, — зьвяртаецца ён да ўласьнікаў менскага бару. — Зразумейце — найбольш паведамленьняў мы атрымалі ад саміх жа беларусаў, бо яны былі ў Львове і ведаюць нас. Яны ведаюць брэнд, і нікога ў глябальным кантэксьце ўжо не абдурыш. Сьвет стаў бліжэйшы. І зь юрыдычнага боку нашая гандлёвая марка запатэнтаваная на міжнародным узроўні ў EUIPO (Упраўленьні інтэлектуальнай уласнасьці Эўрапейскага Зьвязу). Усім міру і канструктыву, а назву бару ў Менску варта ўсё ж зьмяніць! Жыве Беларусь!».

«Яны на тэрыторыі РБ не былі зарэгістраваныя» — беларускі бізнэсовец

«Я пра гэта ўпершыню чую», — кажа Свабодзе сузаснавальнік менскага бару Ўладзімер Кужэльны. — Да мяне ніхто не зьвяртаўся. Я адкрыты чалавек, гатовы камунікаваць з кім заўгодна. Але ў нас розныя краіны, нават ня Мытны зьвяз. Можам вырашыць любое пытаньне, калі яно ёсьць. Але я тут разыходжаньняў ня бачу«.

Уладзімер Кужэльны кажа, што, адкрываючы свой бар разам з другім заснавальнікам — Сяргеем Клянцовым, яны кіраваліся беларускім заканадаўствам.

«Мы падалі на рэгістрацыю гандлёвага знаку і праходзім яе. Цяпер прыярытэтная назва за намі. Я ўвогуле не разумею прэтэнзій украінскага боку — яны на тэрыторыі РБ не былі зарэгістраваныя».

Кужэльны кажа, што яны распрацавалі арыгінальную рэцэптуру напою, зьвярталіся ў Акадэмію навук да экспэртаў у алькагольнай вытворчасьці. Да таго ж плянуюць працаваць з новымі напоямі.

Падабенствы паміж менскім і львоўскім фарматам бізнэсовец прызнае. Але зьвяртае ўвагу, што выраз «п’яная вішня» існуе даўно і паўсюль. І сама канцэпцыя монабару таксама ўжо вядомая.

«Згадка ідзе ад Ільфа і Пятрова, мульцік ёсьць „П’яная вішня“. У Расеі зарэгістраваны гандлёвы знак яшчэ раней, чым у Львове і Ўкраіне, — тлумачыць ён. — Прынцып монабару яны самі падгледзелі ў партугальскага „жыньжыньня“ (партугальскі вішнёвы лікёр. — РС). Гэта ўсё ў адкрытым доступе ёсьць. Мы зрабілі тое самае па аналёгіі партугальскай, назвалі „П’яная вішня“. Паралеляў можна праводзіць колькі заўгодна», — кажа менскі бізнэсовец.

Менскія заснавальнікі «П’янай вішні» кажуць, што летась зьвярталіся да ўкраінцаў з запытам, каб купіць франшызу.

«Яны адмовілі, сказалі, што запытаў ад беларусаў шмат, і яны не плянуюць. Мы моцна не перажывалі і вырашылі з нашымі беларускімі тэхнолягамі, людзьмі, якія штосьці разумеюць у алькагольнай вытворчасьці. Абсалютна не капіявалі, абсалютна іншая рэцэптура», — запэўнівае Ўладзімер Кужэльны.

Што кажа юрыст:

Нават калі ўкраінская кампанія не рабіла захадаў, каб абараніць свой гандлёвы знак на тэрыторыі Беларусі, у яе па-ранейшаму ёсьць шанцы дамагчыся справядлівасьці. Так лічыць адвакатка, экспэртка ў аўтарскім праве Марыя Колесава-Гудзіліна. Бізнэсоўцам трэба зьвярнуцца па адпаведную рэгістрацыю.

Пасьля гэтага варыянты дамоўленасьцяў могуць быць розныя, але заключэньне паміж бакамі дадатковага пагадненьня аб выкарыстаньні гандлёвага знаку магчымае, — сказала Свабодзе адвакатка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG