Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зыбіцкая праўда». Як мы схадзілі ў бар Kalinoŭski. Фота


Праверылі, як чарка і скварка спалучаюцца з ідэяй барацьбы за незалежнасьць.

Бар з гучнай назвай Kalinoŭski адкрыўся на славутай вуліцы Зыбіцкай у Менску на мінулым тыдні, аб чым тут жа раструбілі ў сацсетках. «Выдатная ідэя!», «Чаму гэта зрабіў ня я?», «Трэба туды схадзіць!» — прыкладна так камэнтавалі ў фэйсбуку паведамленьні аб адкрыцьці новага месца. Ажыятаж можна зразумець. Унівэрсытэту, помніка ці хаця б школы імя Кастуся Каліноўскага ў Менску няма, а бар — ёсьць. Мы не маглі застацца ўбаку і пайшлі праверыць патрыятычнасьць установы на справе.

На ўваходзе ў бар сустракае ветлівы адміністратар. На мой «Добры дзень» паслужліва адказвае «Добрый вечер! Куда бы вы хотели присесть?». Накіроўваюся ў самы дальні і цёмны куток, адначасова разважаючы, што за прывітаньне па-расейску ў далёкім 1863-м маглі б зрабіць зь ветлівым адміністратарам паўстанцы Каліноўскага. Праз хвіліну прыносяць мэню. Ужо лепш, яно беларускамоўнае. Ангельская таксама ёсьць, але нават амэрыканскі бурбон названы «кукурузнай гарэлкай», а лацінаамэрыканскі ром — «трысьняговай». Паўстанцы б ацанілі.

Выбіраю са сьпісу фірмовых, названых у гонар месяцаў году кактэйляў. «Чэрвень». «Ещё один червень», — кажа афіцыянт бармэну. Напой гатовы празь пяць хвілін. Нагадвае вішнёвы кампот зь дзяцінства, куды ўлілі крыху самагонкі. Так і ёсьць. Толькі замест самагонкі — віскі. Цікава, ці ацаніў бы такое спалучэньне кіраўнік гераічнага паўстаньня.

Уладальнік бара Аляксей Славута абяцае адмысловую імпрэзу ў дзень афіцыйнага адкрыцьця. А таксама гаворыць пра пляны адкрыць аднайменную ўстанову ў Вільні. Яму ўжо давялося апраўдвацца за расейскамоўнасьць бармэнаў. Маўляў, цяжка яшчэ ў Менску зь беларускамоўнымі. Таму пакуль як ёсьць. Акрамя назвы на ўваходзе (лацінкай, дарэчы), мэню і цытат з «Мужыцкай праўды» на сьценах, беларускай мовы ў новым бары на Зыбіцкай няма. Аматары львоўскай «Крыіўкі» могуць быць расчараваныя.

Кактэйль «Чэрвень» тым часам сканчаецца. Заўважаю ў мэню «Жнівень» з сапраўдным самагонам, але вырашаю замовіць «Люты». «Осторожно, очень крепкий. Если что, лучше дождаться таяния кубика льда», — адміністратар упарта ня хоча пераходзіць на беларускую (пры гэтым застаецца падкрэсьлена ветлівым). Фонам гучыць прыемны ангельскамоўны соўл, «Люты» на смак сапраўды моцны. У мэню пазначана, што там віскі, лікёр і таямнічае «варэньне з гузоў».

Цэны ў Kalinoŭski сярэднія для Зыбіцкай. Кава — 2,5, піва — 5,9. Апісаныя вышэй кактэйлі, названыя ў гонар беларускіх месяцаў — больш за 13 рублёў. Часта сюды не находзісься.

Дарэчы, пад’есьці ў Kalinoŭski не атрымаецца. У мэню выключна напоі. Да іх вам прынясуць хіба што крыху арэшкаў. Так што жарт пра «чарку і скварку» не пра новы бар. Хаця ўладальнік не выключае ў будучыні зьяўленьня ў сваёй установе ежы.

Наведнікаў у новым месцы з патрыятычнай назвай пакуль няшмат. За дзьве гадзіны, што мы тут знаходзіліся, у Kalinoŭski зайшло каля дзесяці чалавек. Нягуста для вечара серады і хайпу ў сацсетках. Тэрасы суседніх з новым барам установаў былі запоўненыя амаль цалкам. Афіцыйна адкрыюць установу 3 ліпеня, у Дзень вызваленьня Менску з-пад нямецкай акупацыі. Адміністрацыя абяцае канцэрт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG