Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы беларускамоўны футбольны клюб зьняўся з чэмпіянату


Футбаліст менскага «Тарпэда» Павал Кляньнё, архіўнае фота

Клюб «Тарпэда» зь Менску паведаміў Беларускай фэдэрацыі футболу аб спыненьні выступаў у найвышэйшым дывізіёне чэмпіянату краіны. Клюб «памірае» другі раз — 12 гадоў таму яго адрадзілі фанаты.

«У тэксьце заявы падкрэсьліваецца, што „Тарпэда“ добраахвотна адмаўляецца ад далейшых выступаў у межах „Беларусбанк — вышэйшай лігі“ ў сувязі зь фінансавымі праблемамі», — гаворыцца на сайце АБФФ.

Пра магчымы канец каманды казалі і раней — у тым ліку 3 жніўня пасьля паразы ад БАТЭ ў Кубку Беларусі зь лікам 1:8 галоўны трэнэр менчукоў казаў, што «Тарпэда» «свой шлях завяршыла». Паведамлялася, што ўладальнік клюбу проста спыніў фінансаваньне «Тарпэда», а новага спонсара знайьсці не ўдалося — гульцам два месяцы не плацілі заробкі. Але яшчэ 4 жніўня дырэктар клюбу заяўляў, што не зьбіраецца здымаць «Тарпэда» з чэмпіянату.

Рашэньне аб выключэньні каманды яшчэ не прынятае фармальна — яно чакаецца на бліжэйшым паседжаньні кіроўнага органа фэдэрацыі.

На гэты момант менскае «Тарпэда» займае апошняе месца ў чэмпіянаце — за 15 гульняў каманда набрала 6 балаў.

Менскаму «Тарпэда» ўжо амаль 72 гады — гэта адзін з найстарэйшых футбольных клюбаў Беларусі. Ён быў заснаваны ў 1947 годзе, пяць разоў станавіўся чэмпіёнам БССР (у год заснаваньня і чатыры разы ў 1960-х), тры разы заваёўваў кубак БССР. Ад 1992 году выступаў у Вышэйшай лізе Беларусі, даходзіў да 4-га месца ў чэмпіянаце і да фіналу ў кубку краіны. У 2005 годзе празь фінансавыя праблемы клюб «Тарпэда» перайшоў у Другую лігу, нават перамог у ёй, але пасьля спыніў існаваньне. На базе клюбу ўтварыўся ФК «Менск».

Але ў 2007 годзе «Тарпэда» адрадзілі фанаты, клюб пачаў гуляць у чэмпіянаце Менску (4-ы ўзровень беларускіх лігаў). У 2014-м адроджаны клюб стаў прафэсійным і выйшаў у Другую лігу, а ў 2016-м пачаў выступаць у Першай лізе.

Паводле падлікаў юрыста Ігара Случака, «Тарпэда» быў у 2018 годзе самым беларускамоўным спартовым клюбам краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG