Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як каманда заводу гадзіньнікаў «Прамень» трапіла ў футбольную эліту пасьля скандалу з «дагаварнякамі»


"Падкідваньне" Івана Біёнчыка з нагоды выхаду ў найвышэйшую лігу

Адзін тур засталося правесьці ў найвышэйшай лізе футбольнага чэмпіянату Беларусі. Інтрыга з вызначэньнем пераможцы захоўваецца да апошняга — любая асечка на фінішы можа кардынальна зьмяніць расклад у тройцы лідэраў.

Галоўнае пытаньне — ці здолеюць менскае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр» парушыць шматгадовае дамінаваньне барысаўскага БАТЭ.

Ня меней адчайнае змаганьне ў хвасьце табліцы. Калі наваполацкі «Нафтан» дачасна разьвітаўся з групай наймацнейшых, то імя другога няўдачніка стане вядомым у наступныя выходныя. Кандыдаты на вылет — «Менск», сталічныя «Крумкачы» і мазырская «Славія». «Іслач» зь Менскага раёну, пакараная за дамоўныя матчы мінус сямю стартавымі баламі, уратавалася ад паніжэньня ў рангу дзякуючы ўдалай сэрыі ў канцы турніру.

Пакуль барацьба за выжываньне чакае сваёй разьвязкі, вызначыліся пераможцы першай лігі, якія на наступны сэзон дэбютуюць у элітным дывізіёне. Гэта менскі «Прамень» і «Смалявічы СТІ». Прычым «прамяністыя» гарантавалі сабе такое права загадзя, зрабіўшы яшчэ больш уражлівы камбэк, чым «Іслач».

За ўдзел некаторых футбалістаў у здадзеных гульнях каманда пачала чэмпіянат зь мінусам ажно ў 10 ачкоў, якія ня толькі кампэнсавала, а і фінішавала на верхнім радку з камфортнай перавагай над сапернікамі.

«Тыражуецца аўтсайдэрскае ўспрыманьне жыцьця»

Адным з тых, хто прычыніўся да беспрэцэдэнтнага выніку, — галоўны трэнэр «Промня» Іван Біёнчык. Ён адзін з самых маладых настаўнікаў у беларускім футболе — усяго 32 гады. Пачынаў у дзіцячай школе менскай каманды «Атака-Аўра», выступаў за сталічны «Сквіч». Там жа скончыў кар’еру і паспрабаваў сябе ў якасьці трэнэра. Непрацяглы час працаваў з «Крумкачамі», пасьля чаго ўзначаліў «Прамень».

У офісе галоўнага трэнэра ФК «Прамень» Івана Біёнчыка
У офісе галоўнага трэнэра ФК «Прамень» Івана Біёнчыка

Нягледзячы на заканчэньне сэзону, Біёнчык застаецца ў «працоўным стане». Рыхтуецца да іспытаў на атрыманьне прафэсійнай трэнэрскай катэгорыі, якая дазваляе працаваць з клюбамі найвышэйшай лігі. Акрамя таго, на парадку дня прагляд футбалістаў, якімі каманда зьбіраецца ўзмацніцца перад сэзонам.

Карэспандэнт Свабоды завітаў у офіс трэнэра менскага «Промня».

— Іван, дасягненьне клюбу актыўна абмяркоўваецца, пры гэтым далёка ня ўсе камэнтары добразычлівыя. Згадваюць і букмекерскія грахі, і адсутнасьць адпаведнай інфраструктуры, і фінансавую неакрэсьленасьць. Мяркуючы па ўсім, вас гэта крыху раздражняе...

— Сапраўды, такая ўвага крыху нязвыклая. Недзе прачытаеш адзін камэнтар, недзе другі. Спачатку брала за жывое, а цяпер стараюся асабліва не пераймацца, проста надакучыла. Калі кіравацца лёгікай камэнтатараў, дык у нас аўтсайдэрскае ўспрыманьне рэальнасьці — жыцьця, спорту, усяго ў цэлым. Першае, што рэтрансьлюецца ў камэнтарах, — «Ня будзь!». Ня будзь лепшым, ня будзь пасьпяховым, ня будзь настойлівым. Будзь пасрэднасьцю, будзь шэрым, будзь ніякім. То бок на ўзроўні, які не выклікае канкурэнцыі, не заклікае чалавека як асобу станавіцца лепшым адносна самога сябе ўчорашняга.

Я бачу, што любой краіне патрэбныя героі

Я б не сказаў, што яно знарок правакуецца СМІ ці яшчэ кімсьці. Гэта проста думка грамадзтва. Але, як я бачу, любой краіне патрэбныя героі. Ну вось ёсьць героі на лякальным прамежку часу. Чаму пра іх не гаварыць? Няўжо не заслужылі? Зь «мінус 10» адыгралі, да фінішу прыйшлі з запасам у 5 ачкоў, загадзя вырашылі ўсе пытаньні. Вось вам рэальныя героі! Хтосьці сумяшчае працу з футболам, хтосьці апантаны прафэсіянал і ад пачатку адданы справе. Няўжо ня прыклад? Прыклад. Зайздрасьць ці проста ня хочам бачыць добрае? Ну тады справа іншая...

Матч паміж менскімі камандамі «Прамень» і «Тарпэда»
Матч паміж менскімі камандамі «Прамень» і «Тарпэда»

— У якім вы цяпер стане — адпачынак, вытворчая паўза, кадравая рэформа? Чым найперш заклапочаныя?

— Ды які тут адпачынак? Працы нават больш, чым падчас сэзону. Зборы, плянаваньне, арганізацыйныя пытаньні. Засталіся б у першай лізе — як той казаў, мы тут былі, усё ведаем, можна дух і перавесьці. А так, я скажу, ужо сёньня адчуваецца куды большая напружанасьць. Не да расслабленасьці.

Пэсымізм у галаве ўжо настолькі захліствае, што ўспрымаецца як належнае

Не кажу ўжо пра вонкавую ўвагу. Паўтаруся, пакуль атрымліваем ледзь не суцэльны нэгатыў. Пэсымізм у галаве ўжо настолькі захліствае, што ўспрымаецца як належнае. На жаль, паступова адаптаваліся да ўсяго дрэннага, што ўспрымаецца як норма.

Да чаго крытыкі заклікаюць? Сядзець і ня рыпацца? Спорт жа для таго і існуе, каб перамагаць. Дзеля чаго ўдзельнічаць у турніры? Толькі адзначыцца ці пазмагацца за большае? Мы хацелі перамагчы і гэта зрабілі. Паэтапна ішлі да гэтага, дык чаму раптам павінны адмовіцца? Ня ўдзельнічаць? Кантэкст зразумелы — ня вельмі прыгожая перадгісторыя. Дык што, першая ліга да такіх маніпуляцый і створана? У цябе нічога няма, імкнуцца нікуды ня трэба, грошай зарабіць ня можаш, слава табе ня сьвеціць. Проста інэртна боўтацца? Не, гэта не для «Промня», што каманда і даказала.

— На ваш погляд, што штурхае ўдзельнічаць асобных футбалістаў у афёрах са стаўкамі — усё тое ж безграшоўе?

— Зразумела, што грошы можна зарабляць самымі рознымі спосабамі, у тым ліку і так. Гэта пытаньне выбару. Аднак дарослыя людзі здольныя самастойна вырашаць, варта гэта той рызыкі ці не. Таму даваць ацэнку нечым дзеяньням не лічу карэктным, хай гэта застанецца на сумленьні кожнага...

Менскі «Прамень», пераможца першай лігі
Менскі «Прамень», пераможца першай лігі

​"Беларуская назва падкрэсьлівае тутэйшасьць«

— Як паказвае практыка папярэднікаў, навічкі часьцяком не ацэньваюць фінансавыя запатрабаваньні найвышэйшай лігі. Як зь відамі на сэзон? Наколькі ўпэўнена сябе адчуваеце?

— Аптымістычна, усё добра. Хоць я ў гэтым пляне не зусім тая асоба, такія пытаньні разумней адрасаваць заснавальнікам...

— Дарэчы, пад якой назвай плянуеце выступаць — «Прамень» ці «Луч»? Бо паралельна ўжываюцца розныя вэрсіі...

— Пакуль не магу дакладна сказаць, таму што ёсьць пэўныя юрыдычныя нюансы. Як па мне, хай бы быў «Прамень» — па-беларуску гучыць прыгожа, адразу відаць, што каманда мясцовая. З другога боку, «Луч» ужо даўно выкарыстоўваецца і як брэнд, мабыць, больш вядомы. Якім чынам на будучы сэзон вырашыць гэтыя моманты кіраўніцтва — шчыра кажучы, не зусім у курсе.

Хай бы быў «Прамень» — па-беларуску гучыць прыгожа

— Глядзячы з боку, складваецца ўражаньне, што каманда прайшла дыстанцыю настолькі ўпэўнена, што гэтак жа пакаціць і далей.

— Калі мы толькі дэбютавалі, у заяўцы большай паловы гульцоў у графе «згуляныя матчы ў першай лізе» стаяў нуль. Тое ж самае датычыццы і найвышэйшага дывізіёну. Вядома, будзе яшчэ дакамплектаваньне, некага запросім, хто, магчыма, ужо выступаў у эліце. У любым выпадку гэта дэбютны сэзон пасьля году эмоцый. І для многіх стане моцнай псыхалягічнай нагрузкай, зь якой трэба нейкім чынам спраўляцца.

Плюс сам турнір — гэта ўжо ўзровень, які мы паважаем. Прынамсі найлепшае, што ў Беларусі на сёньня ёсьць. Гаварыць, што зараз туды прыйдзем і ўсіх жыцьцю навучым, дык гэта глупства. Там хапае ўмелых гульцоў, трэнэраў і ў цэлым клюбаў.

Казаць, ці задаволены мы тым, што апынуліся сярод мацнейшых? Безумоўна, задаволеныя. Цяпер «Прамень» будзе гуляць у найлепшай лізе поруч з наймацнейшымі футбалістамі. Чаго чакаем? Безумоўна, у нас маецца плян таго, як мы хочам рухацца праз год, праз два. Бо рухацца трэба паступова, не наскокам. Толькі так можна стаць камандай посьпеху, камандай перамогі.

Галоўны трэнэр таксама ў гульні
Галоўны трэнэр таксама ў гульні

— Наколькі цяжка будзе разьвітвацца зь некаторымі футбалістамі, як кажаце, у момант эйфарыі? І ў якой ступені зьбіраецеся адкарэктаваць склад? Пакуль «Прамень» стопрацэнтна ўкамплектаваны беларусамі.

— Цяжка, але такое жыцьцё, такі спорт. У любой дзейнасьці з гэтым даводзіцца сутыкацца. У гэтым выпадку ўмовы дыктуе ўзровень — у найвышэйшай лізе ён крыху іншы, патрабаваньні таксама. Склад зьбіраемся памяняць досыць адчувальна, максымум на 70%. Як будзе насамрэч, паглядзім. Папярэдне дамоўленасьці наконт арэнды футбалістаў ёсьць, некаторыя пазыцыі аб’ектыўна неабходна ўмацоўваць. Не таму, што хлопцы слабыя, а таму, што мяркуецца і нагрузка на арганізм крыху іншая, і ступень адказнасьці, і ўвогуле трэнэру хочацца мець кадравы выбар.

Што тычыцца легіянэраў, то, калі яны будуць адпавядаць таму, што мы ім прад’яўляем, безумоўна, яны зьявяцца. Калі не — значыць, бязь іх. Прынамсі гэта не самамэта. Існуюць патрабаваньні, якія або выконваюцца, або не выконваюцца. Таму якая розьніца, беларус гэта ці іншаземец? Галоўнае, каб каманда рухалася наперад.

— Наогул ці ёсьць з каго выбіраць, наколькі радуе рэзэрв?

— Так, па школах, па той жа першай лізе глядзім. Зь некаторымі вяліся папярэднія перамовы яшчэ ў сэзоне. Як той казаў, ёсьць пэўныя людзі на алоўку, зь якімі мы ўжо спрабавалі супрацоўнічаць, але з тых ці іншых прычынаў не атрымалася. Цяпер да сьнежня маем час вырашыць аргпытаньні, каб потым у часе падрыхтоўчага працэсу лепш прыгледзецца, бліжэй пазнаёміцца.

«Прамень» у атацы
«Прамень» у атацы

— Адна з умоваў, якая прад’яўляецца да каманды найвышэйшай лігі — наяўнасьць дзіцячай футбольнай школы. Пацягнеце?

— Пацягнем, само сабой. Пад атрыманьне ліцэнзіі нядаўна спэцыяльна хадзіў, глядзеў, як хлопцы гуляюць. Магу сказаць, што ўзровень досыць нядрэнны. Гэта доказ таго, што школа функцыянуе, працуе ў правільным кірунку.

Варта адзначыць, што «Прамень» — сама па сабе маладая каманда. Можа, не настолькі спрактыкаваная, але моладзі хапае. Сярэдні ўзрост — дзесьці 22 гады. Гэта хлопцы, якія прагрэсуюць і разьвіваюцца. У якасьці пацьверджаньня магу прывесьці факт, што сёлета ў моладзевую зборную выклікалі трох нашых гульцоў, якія досыць добра там сябе зарэкамэндавалі. Зь першай лігі, заўважце.

«Скарачэньне найвышэйшай лігі як пагібель для футболу»

— Як мяркуеце, ці ўдасца пакінуць у якасьці хатняй арэны стадыён комплексу «Алімпійскі»? Або давядзецца станавіцца ў чаргу на арэнду да «Менску»?

— Натуральна, усім хацелся б, каб гэта быў САК «Алімпійскі». Мы там выступаем ужо даўно, і не хацелася б адтуль сыходзіць. Для нас гэта хатняя арэна, і мы ўспрымаем усё, што там ёсьць, сваім «домам». Прынамсі, нам гэта блізка і застацца там было б надзвычай важна. Безумоўна, спатрэбяцца пэўныя карэктывы, але нібыта не такія істотныя нюансы, іх цалкам можна вырашыць... Прыгожы, невялікі, камфортны стадыён недалёка ад мэтро, побач яшчэ і батанічны сад. Выдатнае месца.

На хатнім стадыёне «Промня»
На хатнім стадыёне «Промня»

— У апошнія гады перад пачаткам сэзону нязьменна ўзьнікае ажыўленая дыскусія наконт фармату найвышэйшай лігі. Усё гучнейшыя галасы наконт яе радыкальнага скарачэньня ледзь не да 12 камандаў...

— Якраз думаў на гэтую тэму... Я прыхільнік найперш здаровага сэнсу. Зьмяншэньне колькасьці клюбаў неадкладна пацягне скарачэньне фінансаваньня ўсёй футбольнай галіны. Магу са свайго досьведу гаварыць, папрацаваўшы ў першай лізе. Для ўдзелу ледзь назьбіралі 16 камандаў. Але цягам сэзону яны напрактыкаваліся, прыцерліся. І вось пайшлі размовы пра абразаньне «вышкі» да 12 клюбаў. Гэта значыць, чатыры давядзецца панізіць у ранжыры, вывесьці ў першую. Нават калі яе пакінуць у ранейшым фармаце, столькі ж трэба будзе скінуць у другую. А для іх гэта гібель.

Зьмяншэньне колькасьці клюбаў неадкладна пацягне скарачэньне фінансаваньня ўсёй футбольнай галіны

Крычаць, што найвышэйшай ліга паступова ператвараецца ў турнір Менску і вобласьці. Дык менавіта яе скарачэньне прывядзе да таго, што гэта стане фактам. Ня будзе футболу ў Асіповічах, Бабруйску, Баранавічах. Бо што такое другая ліга? Сабрацца і згуляць для галачкі. Гэта ў пэўнай ступені ўжо прафанацыя. Ці варта пагаршаць сытуацыю далей? Мне задаецца, што не. Сёньня на дзьве лігі — 32 клюбы, і гэта фармат аптымальны. Хочам справакаваць адкат — давайце. Толькі вярнуць усё назад будзе цяжка.

— Вы маеце досьвед працы з «Крумкачамі», якія два гады таму сталі гэткай жа сэнсацыяй, як цяпер «Прамень». Сёлета каманда змагаецца за выжываньне. Дзе адбыўся збой у мэханізьме? І ці задаволеныя, што лёс зьвёў з «Промнем»?

— Гэта трэба зь іх дырэктаратам размаўляць, чаму ўсё так здарылася. Бо казаць, што я зрабіў вялікі ўнёсак у іх разьвіцьцё, прынёс нешта фантастычнае, на чым яны едуць цэлы год, было б няправільна. Як сталася, так сталася...

Што тычыцца «Промня»... Не скажу, што гэта лёс склаўся. Насамрэч гэта вынік грунтоўнага аналізу сытуацыі. Не кімсьці зьверху закладзена, а прыняў абгрунтаванае рашэньне. Вось так і апынуўся. Каму дзякаваць? Вядома, заснавальнікам. За тое, што бесьперабойна функцыянавалі, за тое, што на плыву і рухаемся далей. Зробленае камандай — само па сабе выдатная дэманстрацыя волі, спартовае дасягненьне, якое рэдка сустракаецца нават у сусьветнай практыцы. Трэба мець магутны ўнутраны стрыжань і байцоўскі характар, каб з такога мінусу і пад беспрэцэдэнтным ціскам выйсьці ў плюс і перамагчы — насуперак размовам, чуткам і непаразуменьням.

Пераможныя пырскі шампанскага
Пераможныя пырскі шампанскага

«Нерэальна заскочыць у эўракубкі з вуліцы»

— Так разумею, што замахваецеся на мэты крыху большыя, чым ня вылецець з найвышэйшай лігі ў першым жа сэзоне. Магчыма, адразу будзеце матываваць выхаванцаў эўракубкамі?

— Ну не, куды на злом галавы? Я ўжо казаў, што мы паважаем турнір, паважаем клюбы, якія там гуляюць. Таму ніякіх беспадстаўных замашак, на мой погляд, быць не павінна. Неабходна, каб быў нармальны, здаровы, пасьлядоўны рух. Немагчыма скочыць вышэй за галаву і адразу трапіць у эўракубкі. У нашым чэмпіянаце хапае добрых камандаў, якія вартыя ўдзелу ў гэтым турніры.

У першую чаргу хацелася б як мага хутчэй адаптавацца ў найвышэйшай лізе, пасьля чаго ўжо думаць пра больш аддаленую пэрспэктыву. Тым больш пляны разьвіцьця ў нас ёсьць, і як дабівацца пастаўленых мэтаў, мы таксама ведаем.

— Усе апошнія гады нацыянальны чэмпіянат праходзіць пры дамінаваньні трох клюбаў — БАТЭ, салігорскага «Шахтара» і менскага «Дынама». Сёлета інтрыга наконт таго, хто стане чэмпіёнам, захоўваецца да апошняга туру. Што павінна здарыцца, каб іншыя сапернікі пачалі падпіраць гэтую тройцу больш актыўна?

— Гэта не беларускі фэномэн. Паглядзіце, нават у самых моцных эўрапейскіх чэмпіянатах — Гішпаніі, Італіі, Нямеччыны, Брытаніі, Францыі — стабільнае дамінаваньне некалькіх клюбаў. Амаль паўсюль ёсьць гіганты, якія маюць магчымасьць быць лепшымі за астатніх. Таму асабіста ня бачу тут нічога дрэннага. Так, яны нашмат лепш фінансава забясьпечаныя, дыктуюць умовы трансфэрнай палітыкі, але зноў жа: што кепскага ў тым, што «Барсэлёна», ПСЖ ці «Баварыя» могуць набыць самых дарагіх футбалістаў сьвету? Наадварот, усе іншыя за імі цягнуцца. Не было б такіх моцных клюбаў, зьніклі б арыентыры, на каго варта раўняцца.

Тое ж тычыцца і Беларусі. Таму БАТЭ, «Дынама», «Шахтар» — гэта клюбы, якія задаюць вэктар руху, кірунак разьвіцьця футболу ў нашай краіне. Так што ў гэтым выпадку магу выказаць толькі добрыя словы — ёсьць з каго браць прыклад. Малайцы...

Група падтрымкі менскага «Промня»
Група падтрымкі менскага «Промня»

Кароткая гісторыя каманды

Футбольны клюб «Прамень» бярэ пачатак ад 2007 году, калі была заснавана аматарская футбольная ліга Менсу, незалежная ад Беларускай фэдэрацыі футболу. У 2012-м на афіцыйны чэмпіянат сталіцы была выстаўлена зборная лігі «АЛФ-2007» (Ассоциация любительского футбола).

На наступны год каманда заявілася ў другую лігу чэмпіянату Беларусі, у рамках якой атрымала перамогу ў рэгіянальным Кубку Беларусі, а ў якасьці ўзнагароды — пуцёўку на Кубак рэгіёнаў УЭФА.

У 2014-м спонсарам клюбу стаў менскі гадзіньнікавы завод «Прамень», пад назвай якога пачаўся шлях да павышэньня ў клясе. Па выніках сэзону-2015 задача была выкананая, «Прамень» заслужыў права выступаць у першай лізе.

Зь мячом футбаліст «Промню»
Зь мячом футбаліст «Промню»

Калектыў адразу стаў адным з фаварытаў першынства, замацаваўшыся ў верхняй частцы табліцы. Аднак летам 2016-га шэраг гульцоў былі абвінавачаны ў арганізацыі дамоўных матчаў. «Прамень» пазбавілі ўдзелу ў Кубку рэгіёнаў УЭФА, а Дысцыплінарны камітэт БФФ ануляваў вынікі сумнеўных сустрэч, прысудзіўшы тэхнічныя паражэньні.

У розыгрыш 2016/2017 гадоў клюб уступіў з рэхам леташніх санкцый — «мінус 10» ачкоў за «дагаварнякі». Аднак упэўнена прайшоў усю дыстанцыю, пацярпеўшы толькі адну паразу і на 5 балаў апярэдзіўшы на фінішы найбліжэйшага саперніка — «Смалявічы СТІ». У 2018-м «Прамень» дэбютуе ў найвышэйшай лізе нацыянальнага першынства.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG