Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зафіксавалі новы тэмпэратурны рэкорд за ўвесь час мэтэаназіраньняў


Ілюстрацыйнае фота

Мінулай ноччу рэкорды холаду зафіксаваныя на 26 мэтэастанцыях, у Васілевічах перакрыты абсалютны мінімум тэмпэратуры 91-гадовай даўнасьці, піша БелаПАН са спасылкай на Белгідрамэт.

У Беларусі зафіксаваны новы начны тэмпэратурны мінімум за ўвесь час мэтэаназіраньняў. У Клічаве паветра астыла да 3,1 градуса. Ранейшы мінімум складаў 5,3 градуса (6 жніўня 1976 году ў Горках).

Антырэкорды абнавіліся на 26 мэтэастанцыях, у тым ліку ў адным абласным цэнтры — Гомлі. Яшчэ на адной мэтэастанцыі зафіксавана паўтарэньне начнога мінімуму.

У пяцёрку самых халодных месцаў увайшлі таксама:

  • раён мэтэастанцыі «Палеская» на ўсходзе Берасьцейскай вобласьці — 3,7 градуса вышэй за нуль (было +6 у 1999-м),
  • Бабруйск — 3,8 градуса (+6,2 у 1976-м),
  • Акцябар — градусы (было +7 у 2011-м),
  • Лынтупы — 4,1 градуса (+6,3 у 1987-м).

У Васілевічах абноўлены рэкорд холаду 91-гадовай даўнасьці: уначы 6 жніўня было 4,8 градуса (папярэдні рэкорд — 6,9 градуса 6 жніўня 1928 году). У Гомлі абноўлены мінімум 30-гадовай даўнасьці (+8 супраць 8,8).

Начныя антырэкорды абнаўляліся таксама 3, 4 і 5 жніўня (адпаведна ў 1, 11 і 19 населеных пунктах, дзе вядуцца мэтэаназіраньні). 5 жніўня быў зафіксаваны новы абсалютны мінімум ночы для ўсёй тэрыторыі Беларусі — 2,9 градуса цяпла ў Брагіне (папярэдні мінімум — +4 у Мар’інай Горцы ў 1944 годзе).

Паводле прагнозу сыноптыкаў, ноч на 7 жніўня будзе цяплейшай за папярэднія.

Раней Белгідрамэт адзначаў, што сярэдзіна цяперашняга лета аказалася самай халоднай за апошнія 20 гадоў. Тэмпэратурныя антырэкорды ночы абнаўляліся 4, 5 і 13-16 ліпеня. Між тым першая траціна лета была анамальна сьпякотнай, новыя рэкорды фіксаваліся 18 дзён чэрвеня (з 4-га па 17-е, 20-га, 21-га, 26-га і 30-га), а таксама 1 ліпеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG