Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш такіх „крымаў“ у запасе ў Пуціна няма, нічога ўжо ў запасе няма», — Радзіхоўскі


Затрыманьні падчас акцыі апазыцыі ў Маскве 3 жніўня 2019

Госьць «Інтэрвію тыдня» — расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі. Ён тлумачыць, чаму ня верыць у сур’ёзныя пратэсты ў Маскве, распавядае, чаму ўлада Пуціна асуджаная і гістарычна, і каляндарна, і раіць расейскім апазыцыянэрам выступаць у стылі «адняць і падзяліць»

Сьцісла:

  • Пуцін адступае толькі ў двух выпадках — калі гэта масавыя выступы і калі патрабаваньні не палітычныя.
  • Абывацель па ўсёй Расеі ненавідзіць усю Маскву — ад чыноўнікаў да бамжоў.
  • Гэта грубы, дурны паліцэйскі рэжым, які не выконвае нават сваіх «законаў». Але гэта не рэжым, які перайшоў у нейкую новую якасьць, у адкрытую дыктатуру.
  • Я ў сур’ёзныя пратэставыя дзеяньні бліжэйшым часам ня веру.

Расейскі рэжым не перайшоў у нейкую новую якасьць, у адкрытую дыктатуру

— Як можна ацаніць падзеі 27 ліпеня і 3 жніўня? Калі некаторыя расейскія публіцысты пішуць пра кардынальную эвалюцыю рэжыму — ці няма тут перабольшваньня? Ці сапраўды гэта нейкія новая тактыка Крамля, ці гэта цалкам звычайныя, традыцыйныя дзеяньні аўтарытарнай улады, якія можна назваць звычайнай рэакцыяй на пратэст?

— Я ніякай новай якасьці пуцінскага рэжыму ў гэтай гісторыі ня бачу. Я разумею, што ў людзей шмат эмоцый — але калі абстрагавацца, то нічога новага няма.

Дарэчы сказаць, у Пуціна сапраўды было шмат магчымасьцяў зьмяніць якасьць рэжыму, але ён імі не карыстаўся. Напрыклад, укараніць у натоўп дзясяткі два правакатараў — і ўсё. Перакуленыя аўтамабілі, падпаленыя сьметніцы, разьбітыя вітрыны, некаму з АМАПаўцаў рэальна праламілі галаву — і таго, хто гэта зрабіў, ніколі не знайшлі. І тутака ж выходзіць зусім іншы спэцназ, і пускае ў справу гумовыя, а то і сапраўдныя кулі. І звычайны абывацель усё гэта лёгка падтрымае — вось яны, лібэралы і дэмакраты, паказалі сваё сапраўднае аблічча.

Леанід Радзіхоўскі
Леанід Радзіхоўскі

Няўжо гэта цяжка было зрабіць? Няўжо ў ФСБ зьнік запас правакатараў? Не. Але на гэта ўлады не пайшлі. Пры ўсёй неадэкватнасьці, жорсткасьці затрыманьняў — бо хапалі абсалютна мірных, неагрэсіўных, бяскрыўдных людзей, якіх у прынцыпе не было за што затрымліваць. Гэта абсалютнае бяспраўе. Аднак пры ўсім гэтым Пуцін утрымаўся ў пэўных рамках. Хаця, паўтаруся, арганізаваць «падпал рэйхстагу» і з крывёю раздушыць натоўп Пуціну нічога б не каштавала.

Выснова — гэта па-ранейшаму грубы, дурны паліцэйскі рэжым, які не выконвае нават сваіх «законаў». Але гэта не рэжым, які перайшоў у нейкую новую якасьць, у адкрытую дыктатуру. Гэтага я ня ўбачыў.

— Ужо прагучалі сацыялягічныя лічбы, што падзеі ў Маскве ў гэтыя дні хвалююць толькі невялікі працэнт расейцаў, а звыш 60 адсоткаў ухваляюць дзеяньні паліцыі. Калі 4 гады запар у Расеі падаюць даходы, — можа, умоўнага сярэдняга расіяніна ўсё ж хвалююць не пратэсты інтэлігенцыі з прычыны выбараў у маскоўскую Думу, а іншыя пытаньні?

— Па-першае, гэта проста брахня сацыёлягаў, што 60 працэнтаў ухваляюць дзеяньні паліцыі. Сацыёлягі задалі людзям пытаньне «Ці ўхваляеце вы дзеяньні паліцыі па разгоне забароненага несанкцыянаванага мітынгу?» Натуральна, любы чалавек адкажа «так» — я зьдзіўляюся, адкуль узяліся тыя 30 працэнтаў, якія не ўхвалілі. Але калі б прагучала пытаньне «Ці павінна паліцыя хапаць мірных людзей на мітынгу, на якім няма гвалту, пагрозаў гвалту, нейкіх небясьпечных дзеяньняў?» — адказы былі б зусім іншыя. Таму гэта вядомыя сацыялягічныя штукі: задаюць фармуючае пытаньне, а адказ выдаюць за ўхваленьне канкрэтных дадзеных.

Што тычыцца таго, колькі людзей гэтыя падзеі хвалююць. Так, вельмі мала гэта людзей хвалюе, зь дзьвюх прычын. Па-першае, пра гэта амаль не гавораць па тэлевізары, а калі што і кажуць, то заведама скажоныя рэчы. Па-другое, абывацель па ўсёй Расеі ненавідзіць Маскву, усю Маскву — ад чыноўнікаў да бамжоў. І абывацель не адрозьнівае маскоўскага працаўніка ад маскоўскага чыноўніка. Ім убіваюць у галаву адну думку — «з раскошы шалеюць», маскоўская залатая моладзь, ні чорта ня робяць.

І другая прычына — гэта дурныя дзеяньні саміх апазыцыянэраў. Яны нават унутры Масквы не тлумачаць людзям сацыяльна-эканамічны сэнс пратэстаў супраць улады. Яны засяродзіліся на чыстай палітыцы, на выбарах і гэтак далей. А гэтыя выключна палітычныя тэмы людзей, вядома, турбуюць вельмі мала. А калі б людзям тлумачылі ў стылі «адняць і падзяліць» — адняць тыя грошы, якія мэрыя выкідае на брукаванку, на бессэнсоўныя бардзюры, на бясконцае перакладаньне асфальту, і падзяліць гэтыя грошы сярод масквічоў — гэта выклікала б значна большы інтарэс у сярэдняга масквіча.

Аднак тая інтэлігенцыя, якая ладзіць гэтыя мітынгі, па-ранейшаму замкнёная ў сваёй тусоўцы, для якой вельмі важныя палітычныя лёзунгі. Таму, паводле Леніна, «Узок круг этих революционеров, страшно далеки они от народа».

Пуцін ніколі не саступае ў пытаньні ўлады, ні на мікрон

— Апошнія месяцы ў Расеі адбываліся падзеі, якія можна было ацаніць як саступкі ўлады — крызіс вакол храма ў Екацерынбургу, вызваленьне журналіста Івана Галунова. Ці азначае гэта, як камусьці магло падацца, што грамадзянская супольнасьць набірае сілу, а ўлада слабее? Ці гэта такая тонкая гульня розных вежаў Крамля? І ці ня лічыце вы, што ў гэтыя дні, 27 ліпеня і 3 жніўня, Крэмль узяў рэванш за справу Галунова?

— Наконт разгонаў апошніх мітынгаў — паўтаруся, гэта ня новая якасьць улады. Наконт адступленьня ў справе Галунова і РПЦ — гэта звычайная тактыка Пуціна. Пуцін заўжды адступае перад патрабаваньнямі народу ў двух выпадках. Па-першае, гэта павінны быць масавыя патрабаваньні, а ня купкі інтэлігенцыі. Па-другое, гэта павінны быць не палітычныя патрабаваньні. Пуцін ніколі не саступае ў пытаньні ўлады, ні на мікрон.

Ва ўсіх астатніх пытаньнях улада манэўруе, адступае, умее адступаць. Пакуль не стаіць пытаньне аб уладзе, яна гатовая да любых кампрамісаў, перамоваў. Калі размова ідзе пра ўладу — абмяркоўваць няма чаго.

— Апошнім часам у Расеі прыкметна ўзмацнілася пратэставая актыўнасьць: «сьмецьцевыя» пратэсты, галасаваньне на губэрнатарскіх выбарах (супраць «Адзінай Расеі»), беспрэцэдэнтны пратэст у сувязі са справай Івана Галунова. Адбываецца падзеньне рэйтынгу Ўладзіміра Пуціна. Некаторыя мяркуюць, што ўсё гэта — прадвесьце кардынальных палітычных зьменаў у Расеі, новай Балотнай, а то і Майдана. Ці прывядзе рост незадаволенасьці і падзеньне рэйтынгу ўлады да нейкіх канкрэтных масавых пратэставых дзеяньняў?

— Я ў сур’ёзныя пратэставыя дзеяньні бліжэйшым часам ня веру. Але ўлада Пуціна асуджаная — гістарычна і каляндарна. У 2024 годзе сыходзіць тэрмін прэзыдэнцтва Пуціна. Каб застацца, ён павінен зламаць Канстытуцыю і абвясьціць пажыцьцёвае прэзыдэнцтва, як Лукашэнка. Другі варыянт — зьмяніць так, каб Расея ператварылася з прэзыдэнцкай у парлямэнцкую рэспубліку. І тое, і другое тэхнічна зрабіць нічога не каштуе — Дума і Канстытуцыйны Суд прагаласуюць за любое глупства.

Але зрабіць гэта псыхалягічна для Пуціна будзе немагчыма ў 2024 годзе. З той простай прычыны, што раздражненьне і адчужэньне асабіста ад ягонай асобы вырастуць да неймаверных памераў. А ніводнага ўцямнага матыву і тлумачэньня для народу, чаму ён павінен застацца назаўжды — у яго ня будзе.

Крызіс пуцінізму пачаўся з Балотнай, у 2012 годзе. І ў 13-м годзе рэйтынг Пуціна быў даволі нізкі. Пуціна ўратаваў Крым. Ён штучна, з дапамогай моцнага наркотыку, узбадзёрыў свой рэйтынг, узьнёс яго да нябёсаў. Але такая штука працуе толькі адзін раз. Крым — гэта быў рэальны бзік, рэальны пункцік расейскага грамадзтва. Больш такіх «крымаў» у запасе ў Пуціна няма, нічога ўжо няма.

Удзельнікі акцыі пратэсту ў Маскве, 3 жніўня 2019
Удзельнікі акцыі пратэсту ў Маскве, 3 жніўня 2019

Народу патрэбная альбо пуга, альбо пернік. Пернікі скончыліся. Эканамічны пернік быў на пачатку нулявых, рост узроўню жыцьця. Палітычным пернікам стаў Крым. Прайшлі, праехалі. Засталася пуга. Але кіраваць адной пугай немагчыма. Гэта магчыма, калі ты Сталін, Гітлер, Пол Пот, Мао Цзэдун. Але Пуцін да гэтай слаўнай кагорты ніякага дачыненьня ня мае.

— Ці можна прагназаваць, што цяпер у Расеі пачнуцца даволі рэзкія і жорсткія рэпрэсіі — пасадкі, разгром фонду Навальнага, крымінальныя справы супраць удзельнікаў мітынгаў, працяг выцясьненьня яркіх лідэраў за мяжу?

— Вы правільна сказалі — «працяг». Так. працяг, нічога новага ў гэтым няма. Крымінальныя справы, пасадкі, выцясьненьні будуць. Але пераходу да рэальнага тэрору — хаця б таго ўзроўню, які быў у Беларусі ў 90-я гады, з «эскадронамі сьмерці» — ня будзе. Тым больш ня будзе па туркменска-таджыцкім тыпе.

— Вы ўжо ўзгадалі «праблему 2024» для Пуціна. Многія расейскія публіцысты і палітолягі абмяркоўваюць варыянт нейкага аб’яднаньня Расеі зь Беларусьсю, стварэньня новага дзяржаўнага фармаваньня, — дзеля таго каб пакінуць Пуціна ва ўладзе. Чаму вы лічыце гэты варыянт малаверагодным?

— Я лічу гэта не малаверагодным, я лічу гэта немагчымым. Гэта немагчыма. Бо гэтага катэгарычна ня хоча Лукашэнка. Ён ня хоча і не дапусьціць, каб яго з раўнапраўных прэзыдэнтаў, з кіраўніка дзяржавы разжалавалі ў чыноўнікі.

Гэтага катэгарычна ня хоча тая частка беларускага грамадзтва, якая арыентаваная на Захад, і тая, якую складаюць патрыёты, нацыяналісты — тыя, хто катэгарычна не жадае губляць сваю дзяржаўнасьць, якая б яна ні была.

Што тычыцца «калгасьнікаў», то гэтая публіка сапраўды пасіўная — што скажуць, тое і зробяць. А сказаць гэта, пра далучэньне да Расеі, няма каму. «Бацька» гэтага ня скажа, актыўныя гараджане ніколі ня скажуць, і беларускія чыноўнікі гэтага таксама ня хочуць — атрымліваць маскоўскае начальства.

А варыянт далучыць Беларусь сілай — гэта нават не абмяркоўваецца. Гэта да такой ступені абсурдна і настолькі супярэчыць усім устаноўкам расейскага грамадзтва — што з тым жа посьпехам можна «далучыць» Фінляндыю, Манголію, любую дзяржаву, зь якой мяжуе Расея.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG