Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусам ужо варта сачыць за падзеямі ў Расеі


Шанец беларусаў на кардынальны адрыў ад Расеі, шанец на эўрапейскую будучыню (у шырокім сэнсе) залежыць ад таго, наколькі моцна могуць аслабнуць кіпцюры расейскага мядзьведзя.

Сьцісла

  • У сытуацыі застою народы Савецкага Саюзу ня мелі ніякіх варыянтаў здабыць сабе незалежнасьць.
  • Шанец Беларусі на эўрапейскую будучыню залежыць ад таго, наколькі моцна могуць аслабнуць кіпцюры расейскага мядзьведзя.
  • Цяпер у Расеі ствараецца якасна новая сытуацыя, у якой турбулентнасьць больш імаверная, чым стабільнасьць.
  • Найлепшыя часы для беларускай незалежнасьці прыходзяць у найгоршыя часы для расейскай дзяржаўнасьці.

Прызнаюся, апошнія гады ня вельмі пільна сачу за падзеямі ў Расеі. Вядома ж, існуе нейкі неабходны мінімум, які трэба ведаць і разумець палітычнаму журналісту — тым больш у тэмах, непасрэдна зьвязаных зь беларуска-расейскімі адносінамі. Аднак у цэлым да нейкага моманту я ня бачыў вялікага інтарэсу ў тым, каб уважліва адсочваць падзеі ў краіне, у якой даўно ўжо кардынальна нічога не мяняецца.

Аднак я выдатна ўсьведамляю, што ёсьць рэчы і вехі, пасьля якіх мой інтарэс да расейскіх падзей імгненна вырасьце.

Гэта адбудзецца ў той момант, калі ў Маскве «пачнецца» нешта сурʼёзнае — тады я адназначна пачну сачыць за падзеямі ў суседняй краіне з максымальнай увагай і адданасьцю.

Мы можам пераконваць сябе, што ў лёсе Беларусі ўсё залежыць толькі ад нас, «толькі самі беларусы»... і ўсё такое. Але відавочна, што ня толькі беларусы, але нават праэўрапейскія прыбалты і нацыяналістычныя ўкраінцы не дасягнулі б незалежнасьці ў 1991-м, калі б не перамены ў Маскве. Калі б не адбылося радыкальнага аслабленьня цэнтральнай улады, калі б не эканамічны і палітычны крызіс, калі б не сацыяльныя і палітычныя перамены. У сытуацыі стабільнага застою народы Савецкага Саюзу ня мелі ніякіх варыянтаў здабыць сабе незалежнасьць.

Так і цяпер. Трэба разумець, што шанец Беларусі на кардынальны адрыў ад Расеі, шанец на эўрапейскую будучыню (у шырокім сэнсе) залежыць ад таго, наколькі моцна могуць аслабнуць кіпцюры расейскага мядзьведзя. Выскачыць зь ягоных абдымкаў, зафіксаваць нейкую фармальную юрыдычную форму незалежнасьці ўдавалася толькі ў моманты вялікіх гістарычных узрушэньняў і аслабленьня Расеі — 1918, 1991.

Таму, калі ў Маскве «пачнецца», калі палітычны жалезабэтон дасьць трэшчыну, калі Крамлю ў выніку ўнутранага крызісу на нейкі час стане «не да нас», — беларусы павінны быць гатовыя злавіць гэты момант і зрабіць юрыдычныя крокі ў бок большай незалежнасьці і эўрапейскай пэрспэктывы.

Апошнія гады нарастае плынь інфармацыі, сацыялягічных дадзеных, якія сьведчаць, што расейская ўлада губляе аўтарытэт, што ў расейскім грамадзтве расьце нездавальненьне жыцьцём, сацыяльнай несправядлівасьцю і нахабствам улады, што ўнутраныя праблемы пераважаюць над замежнапалітычнымі і пытаньне «што там у хахлоў?» ужо ня здольнае адцягнуць увагу расейскіх грамадзян ад таго факту, што ў краіне чацьвёрты год запар адбываецца зьніжэньне ўзроўню жыцьця. Гэта, вядома, пакуль ніяк не гарантуе сацыяльнага выбуху, гэта зусім не азначае, што Крэмль не прыдумае сродак перанакіраваць народнае нездавальненьне ў нейкі зручны канал. Але гэта ўжо азначае якасна новую сытуацыю, у якой турбулентнасьць больш імаверная, чым стабільнасьць, у якой шанцы на выбух і пералом ужо вышэйшыя за шанцы на эвалюцыйныя перамены.

Беларусы ня могуць фанабэрліва казаць, што падзеі ў Расеі нас не цікавяць і ніяк не ўплываюць на наша жыцьцё. Мы павінны разумець, што парадаксальным чынам найлепшыя часы для беларускай незалежнасьці прыходзяць у найгоршыя часы для расейскай дзяржаўнасьці.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG