Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нідэрляндах ад сёньня забаронена насіць бурку і нікаб


Ілюстрацыйнае фота

У Нідэрляндах 1 жніўня набыла моц афіцыйная забарона на нашэньне адзеньня, якое закрывае твар, ва ўсіх грамадзкіх месцах і дзяржаўных установах.

Забарона тычыцца паранджы і яе разнавіднасьці: нікабы і буркі, а таксама балаклаваў, розных масак і роварных шлемаў Адзеньне такога роду ў Нідэрляндах цяпер нельга насіць у школах, шпіталях і ў грамадзкім транспарце.

Міністэрства ўнутраных справаў Нідэрляндаў заклікала паліцыю і муніцыпальныя ўлады забясьпечыць дзеяньне забароны. Напрыклад, калі супрацоўнікі органаў бясьпекі ўбачаць жанчыну ў нікабе, яны павінны запатрабаваць ад яе адкрыць твар. Калі жанчына адмовіцца гэта рабіць, ёй можа быць забаронены ўваход у будынак і пагражае штраф 150 эўра.

Мусульмане складаюць каля 5% жыхароў Нідэрляндаў: у асноўным гэта выхадцы з Турэччыны, Сурынаму, Інданэзіі і Марока.

Некаторыя паліцэйскія і мэдыцынскія ўстановы ўжо адкрыта заявілі, што не будуць фарсіраваць выкананьне закона. Але кіраўнік правай Партыі свабоды Герт Вілдэрс у відэазвароце заявіў: «калі паліцыя і бальніцы ня будуць гэта рабіць, гэта змогуць зрабіць самі грамадзяне». І заўважыў, што зьбіраецца сам умешвацца ў сытуацыю, калі, напрыклад, кіроўца трамвая не настойвае на тым, каб жанчына ў нікабе пакінула салён.

Раней нашэньне адзеньня і галаўных убораў, якія закрываюць твар, забаранілі Францыя, Данія, Баўгарыя, Аўстрыя, Бэльгія, Францыя, у некаторых раёнах Швайцарыі і Гішпані, у канадзкай правінцыі Квэбэк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG