Палата прадстаўнікоў Беларусі 29 ліпеня адказала на пэтыцыю супраць закону аб адтэрміноўках, якую за дзень сайце petitions.by падпісалі 10 тысяч беларусаў.
Адказ разьмешчаны на афіцыйным сайце Палаты прадстаўнікоў (у разьдзеле «Пытаньне – адказ») без накіраваньня апавяшчэньняў заяўнікам, паколькі ён «носіць масавы характар». На сайце petitions.by адказ зьявіўся 31 ліпеня.
У ім гаворыцца, што ў Палаце прадстаўнікоў «прынялі да ведама» выкладзеныя ў звароце думкі і аргумэнты, аднак на стадыях падрыхтоўкі законапраект прайшоў працэдуру ўзгадненьня і, паводле экспэртных заключэньняў, ён адпавядае Канстытуцыі Беларусі і сумяшчаецца зь беларускім заканадаўствам.
Тое, што закон не дае адтэрміноўкі ад прызыву для працягу адукацыі студэнтам, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю II ступені, асьпірантам і дактарантам, «не пазбаўляе права грамадзян на адукацыю», пасьля дэмабілізацыі ім «гарантуецца працяг навучаньня на ранейшых умовах».
Таксама ў адказе падкрэсьліваецца, што ёсьць магчымаць даваць адтэрміноўку ад прызыву «таленавітым і запатрабаваным навукоўцам» — у адпаведнасьці з 8-м абзацам ч. 1 арт. 32 закону «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе».
Рэалізацыя палажэньняў закону дасьць магчымасьць забясьпечыць Узброеныя сілы Беларусі неабходнай колькасьцю прызыўнікоў, падвысіць матывацыю грамадзян да своечасовага праходжаньня службы, будзе садзейнічаць умацаваньню вайсковай бясьпекі дзяржавы, падкрэсьліваецца ў адказе. У выпадку нязгоды з адказам на зварот заяўнікі могуць яго абскардзіць.