Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды Лукашэнка паедзе спачатку: у Варшаву, Вену ці Рыгу?


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візытам у Турэччыну, 16 красавіка 2019 года

Дакладная дата візыту кіраўніка Беларусі ў Латвію пакуль не названая. Але падрыхтоўка яго працягваецца. Пра гэта 31 жніўня заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка на сустрэчы з амбасадарам Латвіі ў Менску Мартыньшам Вірсісам.

Латвійскі дыплямат, які працаваў у Беларусі з 2015 году, завяршае сваю кадэнцыю.

Запрашэньне для Лукашэнкі перадалі яшчэ два гады таму. Урэшце назвалі меркаваны тэрмін візыту — травень 2019 году. Аднак гэты час не падышоў абодвум бакам — у Латвіі рыхтаваліся да прэзыдэнцкіх выбараў, у Беларусі спасылаліся на недапрацоўку эканамічнага складніка візыту.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей на мінулым тыдні, прымаючы свайго латвійскага калегу Эдгарса Рынкевічса, пацьвердзіў гэтую інфармацыю. Макей заявіў, што «хочацца падпісаць шмат двухбаковых дамоў і пагадненьняў, а для іх падрыхтоўкі патрэбен час». Рынкевічс, адказваючы Свабодзе, удакладніў, што, запрашэньне Лукашэнку ад былога прэзыдэнта Латвіі «застаецца ў сіле».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, візыт Лукашэнкі ў Латвію адбудзецца ў чацьвёртым квартале 2019 году.

Купчына застанецца ў Вене да візыту туды Лукашэнкі

На прэзыдэнцкім узроўні Аляксандар Лукашэнка мае запрашэньне наведаць і Вену. Прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дэр Бэлен, віншуючы свайго беларускага калегу з афіцыйным Днём Незалежнасьці, напісаў, што чакае яго зь візытам у лістападзе 2019 году.

Амбасадарам Беларусі ў Аўстрыі працуе былая намесьніца міністра замежных спраў Алена Купчына. Паводле крыніц Свабоды ў МЗС, яна вернецца на сваю былую пасаду, паколькі цяперашні намесьнік міністра Алег Краўчанка накіроўваецца амбасадарам Беларусі ў Лёндан. Аднак, як сьцьвярджаюць у міністэрстве, Купчына зможа вярнуцца ў Беларусь толькі пасьля візыту Лукашэнкі ў Аўстрыю.

Дарэчы, менавіта Купчына здолела дамагчыся прыезду Ван дэр Бэлена ў Менск. Аўстрыйскі прэзыдэнт 29 чэрвеня 2018 году прысутнічаў на адкрыцьці мэмарыяльнага комплексу «Трасьцянец».

Дуда чакае Лукашэнку 1 верасьня

Польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда запрасіў Лукашэнку на ўрачыстасьці з нагоды 80-годзьдзя пачатку Другой сусьветнай вайны. Вялікая міжнародная сустрэча мае адбыцца 1 верасьня ў Варшаве.

У сакавіку ў Канцылярыі прэзыдэнта Дуды Свабодзе заявілі, што Польшча будзе ўшаноўваць гэтую дату «разам з краінамі, зь якімі сёньня блізка супрацоўнічае на карысьць міру ў сьвеце паводле прынцыпаў міжнароднага права». Да іх аднесьлі краіны NATO, Эўразьвязу і ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства», адным з удзельнікаў якой ёсьць Беларусь.

Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант адзначыла, што пытаньне візыту Лукашэнкі ў Польшчу знаходзіцца ў стадыі разгляду.

На ўрачыстасьці ў Варшаву не запрасілі Ўладзіміра Пуціна. «Было б недарэчна адзначаць гадавіну ўзброенай агрэсіі супраць Польшчы з удзелам лідэра, які сёньня дзейнічае такім чынам у дачыненьні суседа», — заявіў днямі віцэ-прэм’ер польскага ўраду Яцэк Сасін.

Гл. таксама

https://www.svaboda.org/a/30071564.html

https://www.svaboda.org/a/30074873.html

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG