Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Зяленскі абмеркавалі ўзаемныя візыты і ўборачную


Сёньня адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка краіны.

Уладзімір Зяленскі яшчэ раз пацьвердзіў запрашэньне Лукашэнку, наведаць Украіну ў рамках II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які адбудзецца ў кастрычніку гэтага года ў Жытоміры. Лукашэнка запрашэньне прыняў.

Акрамя таго, Зяленскі падзякаваў за арганізацыю эфэктыўнай перамоўнай пляцоўкі і ў цэлым за тую ролю, якую адыгрывае Беларусь у справе ўрэгуляваньня канфлікту. Лукашэнка запэўніў яго, што Менск працягне і ў далейшым прыкладаць усе намаганьні для ўрэгуляваньня сытуацыі ў рэгіёне і Ўкраіна заўсёды можа разьлічваць на Беларусь як краіну — прыхільніцу мірных ініцыятыў і працэсаў.

Лукашэнка і Зяленскі абмеркавалі пытаньні эканамічнага ўзаемадзеяньня і гандлю, разьвіцьцё супрацоўніцтва ў сфэры прамысловасьці, сельскай гаспадаркі. Асаблівую ўвагу, як перадае прэс-служба, кіраўнікі дзяржаў надалі ходу ўборачнай кампаніі ў абедзьвюх краінах.

Напрыканцы размовы Аляксандр Лукашэнка запрасіў прэзыдэнта Ўкраіны наведаць Беларусь у любы час і ў любым фармаце. Уладзімір Зяленскі гэта запрашэньне з задавальненьнем прыняў, падкрэсьлілі ў прэс-службе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG