Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Еспэр Юль, «гуру неаўтарытарных бацькоў». Што ён казаў пра выхаваньне


Еспэр Юль
Еспэр Юль

Еспэру Юлю быў 71 год. Кнігі гэтага дацкага сямейнага тэрапэўта сталі бэстсэлерамі і перакладзеныя на многія мовы сьвету. Юля называлі адным зь лідэраў прарыву у сучаснай пэдагогіцы.

Ён нарадзіўся ў 1948 годзе ў дацкім Вордынгборгу. Пасьля атрыманьня дыплёму выкладчыка гісторыі і рэлігіі вывучаў гісторыю ідэяў у Оргускім унівэрсытэце. У 1979 годзе разам з амэрыканскім псыхіятрам Уолтэрам Кемплерам стварыў Скандынаўскі інстытут Кемплера для будучых пэдагогаў. Пасьля выяўленьня ў яго сур’ёзнай нэўралягічнай хваробы апошнія пяць гадоў працаваў он-лайн.

Менавіта Еспэр Юль стаў пачынальнікам ідэі неаўтарытарнага выхаваньня.

Свабода сабрала цытаты пэдагога, якія выяўляюць ягоныя погляды. Сам ён не любіў, калі яго называлі «экспэртам у выхаваньні», заўсёды падкрэсьліваў, што ніякі выхаваўчы мэтад ня ў стане замяніць сапраўдных адносінаў дарослага і дзіцяці.

  • Найбольшая страта для дзяцей цягам апошніх 30 гадоў — гэта факт, што яны больш ня маюць прасторы без дарослых. Няма дрэва ў двары, пад якім яны маглі б быць самі. Раней дзеці фармавалі свае сацыяльныя кампэтэнцыі ў гульні і размовах зь іншымі дзецьмі. Больш такой магчымасьці ў іх няма, бо нават калі дзеці разам, то побач стаяць дарослыя, якія ўва ўсё ўмешваюцца.
  • Самае лепшае і проста правіла: ніколі не рабіць за дзяцей таго, што яны могуць зрабіць самі.
  • Сёньняшняе грамадзтва жыве з крэатыўнасьці, яму больш не патрэбныя дрэсаваныя салдаты. А школа ўсё яшчэ стварае людзей для індустрыяльнага грамадзтва, якое перастала існаваць.
  • Калі мы не дазволім дзецям вывучаць, спрабаваць і памыляцца, мы зьнішчым аснову іхнае веры ў свае сілы і давер да сябе.
  • Дайце кароткі адпачынак свайму ego, і тады адкрыецца прастора для рэчаў, якія дасюль вам нават ня сьніліся.
  • Пахвала не мацуе ў дзіцяці пачуцьця ўласнай вартасьці. Калі бацькі і атачэньне паводзяць сябе так, што ты чэмпіён сьвету ўва ўсім, то калі ты апынесься ў сапраўдным сьвеце — можаш перажыць шок. Бо там шмат іншых чэмпіёнаў сьвету. Бацькі, якія так выхоўваюць дзяцей, робяць ім мядзьведжую паслугу, бо пазьней тыя ня могуць прыняць, што жыцьцё можа быць балючым, што чалавек можа быць расчараваны і злы. Шмат дарослых, некалі выхаваных у такіх сем’ях, лічаць, што калі ў шлюбе зьяўляюцца першыя канфлікты, то трэба разводзіцца.
  • ​Найлепшы падарунак, які бацькі могуць даць дзіцяці, — усьведамленьне, што яны думаюць тое, што кажуць, і кажуць тое, што думаюць.
  • Эўрапейскія мамы ўсё яшчэ выхоўваюць сваіх сыноў інакш, чым дачок. Дзяўчатам рана прышчапляюць асабістую і грамадзкую адказнасьць, што, натуральна, робіць іх больш незалежнымі і адказнымі за хлопчыкаў. З другога боку, шмат хто з хлопчыкаў вырастаюць такімі мужчынамі, за якіх самі іхныя маткі не захацелі б выйсьці замуж, бо яны цалкам залежаць ад жаночага абслугоўваньня, яны безадказныя і нясьпелыя.
  • Мы павінны ставіцца да жаданьняў дзяцей гэтаксама, як і да жаданьняў нашага партнэра, які зараз хоча займацца сэксам альбо прапануе пайсьці на шпацыр замест таго, каб сядзець перад тэлевізарам.
  • Тваё дзіця — гэта тваё дзіця, а не суседа, цешчы або дзіцячага садка. Гэта ты ўсталёўваеш правілы! Турбуйся пра тое, як дзіця пачуваецца і як вам жывецца разам. Гэта значна важней, чым выпадковыя погляды іншых людзей.
  • Любоў — гэта ня тое самае, што абслуга.
  • Бацькі, расчараваныя тым, што яны не аўтарытэты для сваіх дзяцей і недастаткова моцныя, каб на іх уплываць, вельмі часта маюць такую самую праблему і зь іншымі дарослымі. Калі гаворка пра партнэра, бацькоў, начальства, сяброў — яны адчуваюць, што тыя іх або не разумеюць, або недастаткова паважаюць, што іх выкарыстоўваюць, абражаюць, ігнаруюць. Тое самае і зь дзецьмі: яны несьвядома дакранаюцца да нашых чулых месцаў і дзякуючы гэтаму дапамагаюць нам стаць сапраўднымі дарослымі.
  • На сьвеце жывуць шмат вясёлых, задаволеных і гарманічных сем’яў, створаных на грунце абсалютна розных каштоўнасьцяў і сьветапоглядаў. У некаторых зь іх я ня змог бы жыць, але цешуся, што яны існуюць, бо яны нагадваюць мне адну важную праўду: можа быць шмат розных адказаў на пытаньне, што слушна, а што не.
  • Калі жанчына нараджае дзіця, то ўсьведамляе адзін з самых таемных сакрэтаў любові: найлепшае ў жыцьці — даваць. Яна адкрывае гэта пры грудным кармленьні, калі не раней. Мужчыны, на жаль, нічога падобнага не перажываюць. Большасьць зь іх перакананыя, што лепш за ўсё атрымоўваць. Таму яны вельмі расчароўваюцца, калі партнэрка адмаўляе ім у чым-небудзь.
  • Мы мала дбаем пра нашыя індывідуальныя межы і патрэбы, а потым скідаем за гэта віну на іншых. Мастацтва казаць НЕ азначае таксама ўменьне ўзяць на сябе адказнасьць за сваё жыцьцё — у інтарэсе ўсіх.
  • Шлях у спальню вядзе праз гасьцінны пакой.
  • Расьпешчанае дзіця — такое, якое атрымлівае зашмат таго, што яму непатрэбна, і замала таго, чаго яму трэба.

  • У бацькоў павінна быць толькі адна амбіцыя: як найлепш зразумець сваё дзіця.
  • Зьвяз, дзе людзі кажуць «гэта твая праблема, а гэта мая праблема», ня ўдасца выратаваць. Выклікі і праблемы супольныя.
  • Дзеці — гэта баромэтар, які перадае інфармацыю пра атмасфэру ў сям’і.
  • Калі бацькі спрабуюць паводзіць сябе як пэдагогі, дзеці расчароўваюцца. Бо ім патрэбныя зусім іншыя дачыненьні з бацькамі — больш асабістыя і блізкія.
  • Калі мы заўсёды даем дзецям тое, чаго яны хочуць, то яны не атрымліваюць таго, што насамрэч ім трэба: сваіх бацькоў.
  • Выхаваньне дзяцей адбываецца паміж радкамі. Як дзеці разьвязваюць канфлікты? Назіраюць, як гэта робяць дарослыя. Ніякія заўвагі бацькоў не навучаць дзяцей размаўляць ветліва, калі самі яны адно з адным размаўляюць крыкам і абразамі. Дзеці робяць ня тое, што мы ім кажам. Яны робяць тое, што робім мы.
  • Дасьледнікі мозгу адкрылі нядаўна, якая атмасфэра найлепш спрыяе вучобе. Здольнасьць засвойваць веды зьмяншаецца, калі перадача інфармацыі адбываецца разам з крытыкай. Даказана, што тое самае датычыць і сацыяльных навыкаў. Крытыка абсалютна контрапрадуктыўная, калі мы кажам пра перадачу дзецям інтэлектуальных і практычных навыкаў. Больш за тое, яна выклікае адваротны эфэкт. Альтэрнатывай крытыцы ёсьць пазытыўная матывацыя, то бок пахвала за сутнасьць.
  • Пэўнае старое правіла кажа, што асоба мусіць ахвяраваць сваёй індывідуальнасьцю, каб моцнай магла быць група. Але псыхалёгія і сацыялёгія, а таксама тэрапэўтычная практыка апошніх 40 гадоў вучаць нас адваротнаму: чым мацнейшая адзінка, тым мацнейшая і група.

  • Некаторыя сем’і хочуць мець падкантрольных дзяцей. Гэтаксама як і некаторыя грамадзтвы аддаюць перавагу грамадзянам, якія знаходзяцца пад кантролем. У сям'і так, як у дзяржаве.
  • Нам трэба зразумець, чаго мы хочам і чаго ня хочам, і вызначыць свае межы, а ня мучыць сябе тым, што гэта мы маем рацыю.
  • Толькі калі ў вашага дзіцяці зьявяцца дзеці, вы ўбачыце, колькі ўсяго яны ўзялі з дому.
  • Спытайце ў бацькоў наркаманаў, маладых алькаголікаў або прастытутак, ці маюць яны добрыя парады для бацькоў, і вы заўсёды пачуеце тое ж самае: дбайце пра кантакт зь дзіцем! Дбайце пра дыялёг.
  • Быць зь дзецьмі значна важней, чым мець парадак у хаце і дбаць, каб ежа заўсёды была здаровая.
  • Памылкова думаць, што, даючы дзіцяці поўную свабоду дома, мы робім яму нешта карыснае.
  • Дзяцінства — гэта маратон. Дарослыя могуць падтрымліваць дзяцей, але ня бегчы замест іх. Гэты шлях дзеці мусяць прабегчы самі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG