Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як нарвэжцы выхоўваюць дзяцей, калі іх нават нельга ўдарыць, як у Беларусі


Нарвэгія — гэта краіна-мара многіх імігрантаў. Вялікія заробкі, сацыяльная дзяржава, фантастычныя пэйзажы і спакой. Гэтую ідылію парушае хіба толькі ювэнальная юстыцыя і яе галоўны інструмэнт Барнэвэрнэт — сацыяльная служба, якая можа забраць у сям’і дзіця па ягоным жа даносе і толькі за тое, што бацькі забаранілі яму гуляць у Play Station. Ці ўсё ж не?

Гэта ведае польскі рэпартэр Мацей Чарнэцкі. Ён дзясяткі разоў наведаў Нарвэгію, правёў сотні размоваў з прадстаўнікамі Барнэвэрнэту і пацярпелых сем’яў і напісаў у выніку кнігу-расьсьледаваньне «Нарвэскія дзеці», якая раскрывае таямніцы працы дэманізаванай ва Ўсходняй Эўропе службы аховы дзяцей.

Мацей Чарнэцкі
Мацей Чарнэцкі

З нарвэскай на беларускую Барнэвэрнэт так і перакладаецца — «ахова дзяцей». Гэтую ўстанову стварылі ў 1989 годзе. Спачатку супрацоўнікі забіралі дзяцей зь сем’яў крымінальнікаў. Рабілася гэта, каб разарваць заганнае кола і каб у такіх сем’ях не выхоўваліся новыя злачынцы. Але з 1992 году працу Барнэвэрнэту рэгулюе «Закон аб ахове дзяцінства». Менавіта ён, як можна прачытаць на расейскамоўных форумах, дазваляе забраць у Нарвэгіі дзіця зь якой-хаця прычыны.

«Дзяцей забіраюць амаль столькі ж, колькі і ва Ўсходняй Эўропе»

— Гэта міты, што дзяцей там забіраюць праз дробязь. Увогуле галоўная місія Барнэвэрнэту — не забіраць дзяцей зь сем’яў, а працаваць зь сем’ямі на месцы, дома. 80% дзейнасьці Барнэвэрнэт — гэта акурат так званыя мяккія дзеяньні. Напрыклад, бацькоў накіроўваюць на курсы або даюць ім парады, дапамагаюць атрымаць фінансавую падтрымку, размаўляюць зь дзецьмі і гэтак далей, — кажа Мацей Чарнэцкі.

Ягоныя словы пацьвярджае статыстыка. Тры гады таму дапамогу Барнэвэрнэту атрымалі 36 800 дзяцей, або 2,9% усіх нарвэскіх дзяцей. І толькі ў 24% выпадкаў сацыяльныя службы прымалі рашэньні забраць дзіця зь сям’і. То бок гаворка пра 8 тысяч выпадкаў на 5-мільённую Нарвэгію.

Барнэвэрнэт у Осла
Барнэвэрнэт у Осла

— У год гэта 10 дзяцей на тысячу жыхароў. Гэты паказьнік моцна не адрозьніваецца ад многіх іншых краін: Швэцыі, Фінляндыі і нават Польшчы. У нас гэта 9,6 дзяцей на тысячу. Таму гэта міт, што дзяцей там забіраюць нашмат больш. Але трэба глядзець ня толькі на самую лічбу, колькі забіраюць, а ці проста іх потым вярнуць.

«Дзіця могуць не вярнуць, нават калі вы ўсё выправіце»

Тут пачынаецца больш складаная тэма. Дасьледаваньні паказваюць, што ў Нарвэгіі гэта зрабіць значна складаней, чым, напрыклад, у Ангельшчыне, ЗША і Аўстраліі. Але спачатку разьбярэмся, за што там могуць забраць дзіця.

— У Нарвэгіі нулявая талерантнасьць на гвалт супраць дзяцей. За гвалт там уважаецца нават пляскач. Яго там лічаць недапушчальным ані закон, ані грамадзтва. Але ніхто там не забярэ дзіця адразу пасьля аднаго плескача. Калі паміж бацькамі і Барнэвэрнэтам няма непаразуменьня і канфлікту, то вам проста паведамяць, што вы ў Нарвэгіі і так рабіць нельга. Рэальная пагроза ўзьнікае толькі тады, калі выпадкі будуць паўтарацца.

Крайнія выпадкі, калі дзіця забіраюць без дыскусіяў, здараюцца толькі тады, калі існуе пагроза ягонаму жыцьцю і здароўю. Тады супрацоўнікі Барнэвэрнэту спачатку забіраюць дзіця, а толькі потым зьвяртаюцца ў суд па згоду.

— Я размаўляў з супрацоўнікамі Барнэвэрнату, і яны самі кажуць, што ім даводзіцца прымаць вельмі драматычныя рашэньні на аснове абмежаванай інфармацыі. Яны ня ведаюць, хто кажа праўду: бацькі ці дзеці. Але часам яны казалі: «А што будзе, калі дзіця скажа нам нешта, мы ня зьвернем на гэта належнай увагі, а потым адбудзецца трагедыя?»

І гэта сапраўды не фантазіі. У Нарвэгіі было некалькі гучных справаў, калі ў трагедыях вінавацілі акурат Барнэвэрнэт за бязьдзеяньне. У 2000-х гадах была гучная справа хлопчыка Крыстафэра. Дзіця прыходзіла ў школу галоднае, зь сінякамі, ніхто гэтага не ўспрымаў сур’ёзна, а потым яго закатавалі ў сям’і. Такія выпадкі потым адбіваюцца на ўсёй сыстэме, і часам прадстаўнікі Барнэвэрнэту вырашаюць прэвэнтыўна забраць дзіця, каб дакладна ўсё праверыць і потым заняцца сьледзтвам.

Закон ясна тлумачыць, што калі зьнікаюць прычыны гвалту, то дзіця можна вярнуць. Але гэта не заўсёды такая лёгкая рэч. Бо ў той жа час у законе гаворыцца, што калі дзіця ўвайшло ў блізкую сувязь з прыёмнай сям’ёй і яго вяртаньне ў біялягічную сям’ю можа нанесьці шкоду ягонай псыхіцы і эмацыйнасьці, яго не вяртаюць. Як дадае Чарнэцкі, гэта датычыць найперш самых маленькіх дзяцей, якія хутка прывязваюцца да новых бацькоў. І таму нават калі біялягічная мама ці тата перастаюць піць, спажываць наркотыкі або біць, яшчэ зусім ня факт, што дзіця вернуць.

«Памылкі здараюцца і тут. Часам вельмі сур’ёзныя»

У справе так званай ювэнальнай юстыцыі Нарвэгіі ёсьць яшчэ адзін бок мэдаля, які часта ўзгадваецца на постсавецкай прасторы. А што калі дзіця, пакрыўджанае на бацькоў, вырашыць ім адпомсьціць даносам у Барнэвэрнэт? Паводле Мацея Чарнэцкага, супрацоўнікі службы аховы дзяцей выдатна разумеюць, што словы дзяцей варта ўспрымаць і крытычна. Пасьля кожнага даносу зь дзіцем размаўляюць прадстаўнікі самога Барнэвэрнэту, псыхолягі і нават паліцыя. Чарнэцкі аналізаваў шмат дакумэнтаў Барнэвэрнэту і рашэньняў судоў на гэты конт.

— Памылкі здараюцца і тут. Часам вельмі сур’ёзныя. І калі пра гэта пішуць СМІ, то ня дзіва, што нехта дэманізуе Барнэвэрнэт. Але гэта больш вынікае не з памылак, колькі з культурных адрозьненьняў. У нарвэжцаў іншы ўзровень дазволу на ўмяшаньне. У нашай культуры такое ўмяшаньне ў справы сям’і і дзяцей адбываеца толькі ў самых радыкальных выпадках: калі дзіця б’юць, выкарыстоўваюць сэксуальна. Але нават тады не заўсёды. У нас часам сям’ю хочуць склеіць церазь сілу. І ўжо толькі пасьля поўнага правалу нашая служба забірае дзіця.

У Нарвэгіі гэта працуе інакш. Карані гэтага сягаюць у XIX стагодзьдзе, калі пачала мяняцца філязофія выхаваньня дзяцей. Апагею яна дасягнула ў 1950-1970-х гадох, калі ў краіне стала вельмі папулярнай дзіцячая псыхалёгія. Новыя тэорыі псыхолягаў пашыраліся праз радыёперадачы, тэлевізію, кніжкі, дыскусіі. Плёнам гэтага стала адказнасьць усяго грамадзтва за гвалт супраць дзяцей. Свой Барнэвэрнэт у Нарвэгіі мае кожная сельская грамада. Важная дэталь: працаўнікоў у гэтую службу не бяруць з вуліцы. Для працы ў Барнэвэрнэце неабходна мець спэцыяльную трохгадовую адукацыю.

Абавязак паведамляць службе аховы дзяцей пра падазрэньне на гвалт маюць ня толькі настаўнікі, выхавальнікі, лекары, псыхолягі. Калі ты чуеш, што за сьцяной нехта б’е дзіця, і нічога ня робіш, то за бязьдзеяньне можна трапіць за краты на 2 гады.

Пратэст супраць Барнэвэрнэту ў Гішпаніі
Пратэст супраць Барнэвэрнэту ў Гішпаніі

— Але важна разумець, што дзіця ў Нарвэгіі ня ёсьць уласнасьцю дзяржавы. Тое, што мы чытаем пра гэта ў сеціве, — звычайны міт. Там таксама, як і ў рэшце Эўропы, дзейнічае прынцып, паводле якога дзіця выхоўваецца ў біялягічнай сям’і. Але ўмяшаньне дзяржавы ў сям’ю адбываецца прасьцей, чым у нас, і дзеля значна прасьцейшых прычынаў.

Калі сям’я мае часовыя фінансавыя праблемы, то дзяржава ў Нарвэгіі дапаможа на выходныя знайсьці сям’ю, дзе дзеці могуць спакойна правесьці час. Можна нават дамовіцца, каб Барнэвэрэнт дапамог на паўдня адправіць дзіця, напрыклад, узімку пакатацца на іртах з кімсьці, каму давярае служба, і каб бацькі мелі час заняцца сваімі справамі.

У выніку сур’ёзных умяшаньняў большасьць дзяцей трапляе ў прафэсійныя прыёмныя сем’і. Бацькі могуць кантактаваць зь дзецьмі толькі на адмысловых сустрэчах пад наглядам псыхолягаў. Гэтыя спатканьні кантралююць, апісваюць у спэцыяльных рапартах і потым аналізуюць супрацоўнікі Барнэвэрнэту.

— Такія расстаньні — заўсёды траўма. Ёсьць дасьледаваньне, якое паказвае, што больш за 50% дзяцей, якія выхоўваліся ў прыёмных сем’ях або іншых установах, маюць у пазьнейшым жыцьці псыхічныя праблемы. Але нарвэжцы лічаць, што гэтыя траўма значна меншыя за тое, што можа сустрэць іх у біялягічнай сям’і, дзе адбываецца гвалт.

Між іншым, і таму давер нарвэжцаў да працы службы вельмі высокі.

— У нас яшчэ з камуністычнай эпохі засела ў памяці, што дзяржава наш вораг, а ня сябар. У Нарвэгіі ж найвышэйшы ў сьвеце ўзровень даверу да дзяржавы. Гэта перакладаецца і на давер да Барнэвэрнэту, які ёсьць часткаю нарвэскай сацыяльнай дзяржавы дабрабыту.

Менавіта гэтае культурнае адрозьненьне ў стаўленьні да дзяржавы прычынілася да таго, што асноўныя крытыкі працы Барнэвэрнэту — імігранты. Пры гэтым, што важна, статыстыка акурат не на баку саміх нарвэжцаў.

— Часьцей, чым у саміх нарвэжцаў, дзяцей у Нарвэгіі забіраюць у самалійцаў і афганцаў. Але агулам у іншаземцаў у Нарвэгіі дзяцей забіраюць не часьцей, чым у саміх нарвэжцаў. Лічбы падобныя. А ў прадстаўнікоў некаторых народаў дзяцей забіраюць нават радзей, напрыклад, у палякаў.

Але ня варта мець ілюзіяў, што толькі эмігранты крытыкуюць Барнэвэрэнт, а нарвэжцы выключна за. Мэдыя неаднаразова крытыкавалі службу аховы дзяцей за памылкі, праходзілі нават дэманстрацыі пратэсту. Яны распачалі дыскусію ў самой Нарвэгіі наконт Барнэвэрнэту. Тры гады таму сотня інтэлектуалаў, юрыстаў і псыхолягаў апублікавала адкрыты ліст, у якім згадваліся памылкі ў дзейнасьці Барнэвэрнэту.

— Гэта была вельмі гучная падзея. А ў ліпені сёлета ўнесьлі папраўкі ў закон. Нельга сказаць, што яны на 180 градусаў разьвярнулі палітыку Барнэвэрнэту — гэта частка ДНК нарвэскай дзяржавы дабрабыту. Але бачна, што яны нешта робяць, спрабуюць ліквідаваць злоўжываньні ў гэтай сыстэме, і паляпшаюць яе. І паўтаруся, што галоўная задача гэтай установы — не забіраць дзяцей.

«У Нарвэгіі няма тэрміну "пакараньне"». Як жа яны выхоўваюць дзяцей?

​Гэта можа шакаваць шмат каго на постсавецкай прасторы, кажа з сарказмам Мацей Чарнэцкі, але ў Нарвэгіі дзецям таксама ня ўсё дазволена.

— Проста ў іх няма тэрміну «пакараньне». Яны гэта называюць «выхаваўчыя наступствы». Дзецям там таксама ставяць умовы і забараняюць розныя рэчы. Напрыклад, можна забараніць дзіцяці карыстацца ноўтбукам у рамках выхаваўчага наступства, і гэтым ня зоймецца Барнэвэрнэт.

Але ў Нарвэгіі, кажа Чарнэцкі, ад дзяцей не дамагаюцца, каб яны яны пастаянна былі паслухмянымі і слухаліся бацькоў. Там дзіця ўспрымаюць як малога дарослага і ад самага маленства вучаць самастойнасьці, каб дзіця пачувалася незалежнай асобай.

— Я заўсёды апавядаю гісторыю з нарвэскага дзіцячага садка. Калі на вуліцы тэмпэратура мінус 20 і дзіця ня хоча апрануць куртку, то нарвэская выхавальніца скажа: — Добра, ідзі на вуліцу бяз курткі і паглядзі сам. Праз 2 хвіліны дзіця вяртаецца і само просіць куртку, бо яно на ўласнай скуры адчула, што на вуліцы холадна. У нас было б інакш: выхавацелька не разводзіла б зь дзіцем ніякай дыскусіі, а сілаю апранула б куртку.

У Нарвэгіі немагчыма ўявіць, каб палітык, напрыклад, публічна прызнаўся ў тым, што б’е дзяцей. Гэта быў бы ягоны канец як палітыка, лічыць журналіст. Па-першае, ніхто гэтага не зразумее. А па-другое, у Нарвэгіі большая адказнасьць за словы, і таму, каб сапсаваць меркаваньне пра сябе, неканечне казаць вельмі шмат.

«Нарвэская дзяржава, якая шмат дае грамадзянам, шмат і вымагае ад іх. Ва Ўсходняй Эўропе дзяржава дае значна менш, таму і менш хоча ўзамен», — піша Чарнэцкі ў сваёй кнізе. Які з гэтых падыходаў лепшы, яму складана адказаць нават пасьля працы над кнігай.

— Мы ніколі не дазнаемся, што было б, калі б гэтай палітыкі не было. Кожная сыстэма мае і мінусы, і плюсы. Ва ўсходнеэўрапейскай сыстэме менш памылак, калі дзіця забіраюць зь сям’і, але, з другога боку, у нас часьцей чуваць пра чарговыя выпадкі забойства або зьбіцьця дзяцей ці прыклады, калі бацькі пакідаюць дзяцей без апекі. Лепш, каб была прафэсійная падтрымка сям’і: курсы, парады, грошы. Гэта вельмі важна. Я ўпэўнены, што калі ў Нарвэгіі бацькі добра ставяцца да дзяцей, то ім нічога не пагражае. Але я бачыў і сур’ёзныя памылкі. Таму калі б мне давялося жыць у Нарвэгіі, я ня быў бы цалкам спакойны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG