Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сем’язнаўства ці ўсё ж сэксуальная асьвета?


Апошні званок. Ілюстрацыйнае фота.
Апошні званок. Ілюстрацыйнае фота.

Мне вельмі сьмешна і вельмі сумна назіраць, як улады спрабуюць адпавядаць сучасным тэндэнцыям, але не разумеюць іх сутнасьць і ў выніку ствараюць нешта, што нагадвае хутчэй цырк, а не сацыяльныя рэформы.

Сьцісла

  • Выглядае, што прапануецца школьны курс, у якім дзяцей будуць вучыць, што трэба раней брацца шлюбам і нараджаць дзяцей, і ўсё гэта пад соўсам «мацярынства і бацькоўства павінна быць сьвядомым».
  • Тэндэнцыя — павелічэньне ў разьвітых краінах узросту бацькоў, калі ў іх зьяўляецца першае дзіця. І зьвязана з тым, што да мацярынства і бацькоўства людзі ставяцца больш сьвядома і адказна.
  • У дзецях па-ранейшаму бачаць не асобаў, а рэпрадуктыўныя машыны, якія абавязаны працаваць на карысьць дзяржавы.​

Старшыня камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкаму Жанна Рамановіч заявіла, што ў беларускіх школах прапануецца ўвесьці курс «Сем’язнаўства». І гэта падобна да чарговай няўдалай спробы выглядаць прагрэсіўнымі ва ўмовах няведаньня так званай матчасткі.

Рамановіч адзначае важнасьць сьвядомага мацярынства і бацькоўства і адначасова кажа, што позьнія шлюбы і позьняе нараджэньне дзяцей — гэта праблема. Выглядае, што прапануецца школьны курс, у якім дзяцей будуць вучыць, што трэба раней брацца шлюбам і нараджаць дзяцей, і ўсё гэта пад соўсам «мацярынства і бацькоўства павінна быць сьвядомым».

Падаецца, што чыноўнікі, распрацоўвалі гэтую ідэю, паспрабаваўшы максымальна адарвацца ад рэальнасьці, бо я ня ведаю, як яшчэ можна патлумачыць, што ёй прыйшло да галавы зьвязаць раньняе і сьвядомае мацярынства.

Безумоўна, усё ў жыцьці неадназначна, бываюць розныя сытуацыі і кожную зь іх варта разглядаць асобна, але ёсьць тым ня менш выразныя тэндэнцыі, якія лёгка тлумачацца. І вось адна з такіх тэндэнцый — гэта павелічэньне ў разьвітых краінах узросту бацькоў, калі ў іх зьяўляецца першае дзіця. І гэта наўпрост зьвязана з тым, што да мацярынства і бацькоўства людзі ставяцца цяпер больш сьвядома і адказна.

Усё больш людзей пагаджаюцца з тым, што мець дзяцей — не абавязак, а толькі адна з жыцьцёвых опцыяў, і што абіраць альбо не абіраць гэтую опцыю трэба сьвядома, узважыўшы ўсе «за» і «супраць». І гэта наўпрост уплывае на тое, што дзяцей цяпер нараджаюць пазьней.

Тое, што нейкая асобна ўзятая жанчына нарадзіла ў 19 цалкам сьвядома, і што гэта цяжарнасьць была жаданай і заплянаванай, а ў жанчыны ёсьць плян, як яна будзе вучыцца «зь дзіцём на руках», не адмяняе агульнай тэндэнцыі — раньняе мацярынства і бацькоўства часта бывае неабдуманым і быццам бы па інэрцыі. «Ну, так атрымалася» — наўрад ці гэта найлепшы адказ маладой пары на пытаньне, чаму яны вырашылі завесьці дзіця. А чым людзі ў гэтай пары маладзейшыя, тым больш верагодна, што менавіта такім адказ і будзе.

Мне здаецца, што чыноўнікі пачынаюць разумець, што ў разьвітых краінах у школах уводзяць заняткі па сэксуальнай асьвеце, і што гэта ўвогуле добрая зьява. І яны таксама хочуць быць прагрэсіўнымі і не адставаць, але не разумеюць самой сутнасьці сэксуальнай асьветы. Так і нараджаюцца пад выглядам сэксасьветы курсы, дзе расказваюць пра важнасьць цнатлівасьці і пра тое, як добра рана брацца шлюбам і заводзіць дзяцей.

Сэкс-асьвета — гэта перш за ўсё пра адказнасьць і выбар, яна мусіць засяроджвацца на жаданьнях і патрэбах падлеткаў. Але тое ў разьвітых краінах. У нашых жа школах будзе сем’язнаўства, мэта якога — «пазытыўна паўплываць на дэмаграфічную сытуацыю». У дзецях па-ранейшаму бачаць не асобаў, а рэпрадуктыўныя машыны, якія абавязаны працаваць на карысьць дзяржавы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG