Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантрактнай сыстэме 20 гадоў. Што яна дала і ці памяняюць яе?


Тлумачаць дэпутат Палаты прадстаўнікоў, прафсаюзны лідэр і эканаміст.

26 ліпеня 1999 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт №29 «Аб дадатковых захадах для ўдасканаленьня працоўных стасункаў, умацаваньня працоўнай і выканаўчай дысцыпліны».

З таго ўказу пачалася цяперашняя кантрактная сыстэма: з большасьцю работнікаў Беларусі заключаюць кантракт толькі на 1 год, нават калі праца мае пастаянны характар. На сыстэму нямала наракалі, а цяпер яе абяцаюць удасканаліць, абнавіўшы Працоўны кодэкс.

Дэпутат: кантрактная сыстэма «мае свае плюсы»

Віталь Шылаў
Віталь Шылаў

Свой погляд на кантрактную сыстэму і нядаўнія зьмены ў Працоўны кодэкс Свабодзе расказаў Віталь Шылаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і намесьнік старшыні пастаяннай камісіі працы і сацыяльных пытаньняў.

«Я заўсёды кажу, што крытыкаваць кантрактную форму найму можна было б, калі б яна выкарыстоўвалася толькі на прадпрыемствах і ў арганізацыях дзяржаўнай формы ўласнасьці, — разважае Віталь Шылаў. — Але гэтая форма актыўна выкарыстоўваецца і прыватным бізнэсам. Значыць, яна мае свае плюсы».

Дэпутат таксама расказаў пра зьмены ў Працоўны кодэкс:

«Прынятым законам плянуецца ўнясеньне каля 260 зьменаў і дапаўненьняў амаль у 170 артыкулаў Працоўнага кодэксу, — працягвае Шылаў. — Гэта сьведчыць пра вялікую праведзеную працу. Распрацоўшчыкі імкнуліся ўлічыць інтарэсы ўсіх бакоў. Асноўны ўпор рабіўся на пашырэньне сацыяльна-працоўных правоў работнікаў, у тым ліку і пры ўжываньні кантрактнай формы найму.

Наймальніка абавязалі падаўжаць кантракты з работнікамі, якія ня маюць парушэньняў, на максымальны тэрмін у межах пяцігадовага тэрміну дзеяньня кантракту, а новы заключаць ужо мінімум на тры гады. На работнікаў, якія працуюць паводле кантракту, будзе распаўсюджвацца абмежаваная матэрыяльная адказнасьць пры адсутнасьці намеру ўчыніць шкоду наймальніку. Выключылі так званую «дыскрымінацыйную» норму, якая дазваляла работнікам пэнсійнага ўзросту мець права на атрыманьне кампэнсацыі за датэрміновае скасаваньне кантракту ў сувязі з парушэньнем наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнай дамовы, у памеры трох сярэднямесячных заробкаў (для гэтай катэгорыі раней было прадугледжана двухтыднёвая дапамога).

Таму зьмены ў Працоўны кодэкс я ацэньваю са станоўчага боку, але не сумняваюся, што праца для далейшага ўдасканаленьня заканадаўства аб працы будзе працягнутая».

Эканаміст: гэта форма такога прыгоннага права

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

​Пра тое, як кантрактная сыстэма паўплывала на эканоміку Беларусі, Свабода спытала эканаміста Яраслава Раманчука. Ён разважае: можна па-рознаму ацэньваць тэмпы росту беларускай эканомікі ў параўнаньні зь іншымі і дынаміку даходаў людзей. Але дакладна, што няма ніводнага паказьніка, які б сьведчыў пра канкурэнтаздольнасьць беларускага рынку працы, прывабнасьць гэтага рынку для інвэстараў, прадпрымальнікаў ці самазанятых.

«У сыстэме, дзе мо 70% месцаў працы ствараюць дзяржаўныя прадпрыемствы, кантракты — гэта бізун, які выкарыстоўваюць „чырвоныя дырэктары» і розныя начальнікі супраць людзей на прадпрыемствах, — кажа Раманчук. — Гэта стала формай такога прыгоннага права, калі начальнік — галоўны самадур, а таленавітыя людзі і тыя, што крытычна мысьляць, ня могуць нічога пярэчыць, бо гэта пагражае проста звальненьнем».

Мітынг прафсаюзаў, 2009 год. Удзельнік мітынгу «здымае» імправізаваны кантракт, паводле якога яго самога і звольнілі
Мітынг прафсаюзаў, 2009 год. Удзельнік мітынгу «здымае» імправізаваны кантракт, паводле якога яго самога і звольнілі

Раманчук дадае, што і дырэктары прадпрыемстваў праз гэтую сыстэму ня могуць звольніць людзей, якіх няма сэнсу трымаць, бо для іх няма працы, а для тавараў няма рынку збыту.

Прафсаюзны лідэр: дэкрэт стаў пятлёй на шыі рабочага

Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

Былы шматгадовы кіраўнік прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), а цяпер дарадца дзейнай кіраўніцы Генадзь Фядыніч у камэнтары Свабодзе адзначае, што спачатку ў кантрактнай сыстэме быў пазытыўны момант.

«Калі ўводзіўся гэты дэкрэт у 1999 годзе, ён быў неабходны, бо на той момант наймальнік ня мог падняць заробак працаўнікам, якія былі карысныя прадпрыемству, — згадвае Фядыніч. — Дакумэнты не дазвалялі гэта рабіць, і людзі сталі звальняцца, шукаць сабе новую працу. Дэкрэт рабіўся, каб увесьці кантракты і падвысіць заробкі, і ў першыя гады ён спрацаваў. Кагосьці вярнулі, хтосьці не сышоў — не далі разбурыцца прадпрыемствам».

Пікет актывіста Рыгора Грыка ў Баранавічах, 2015 год
Пікет актывіста Рыгора Грыка ў Баранавічах, 2015 год

Але пасьля, кажа ён, дэкрэт стаў «пятлёй на шыі рабочага». За гэты час, мяркуе Фядыніч, ніхто з уладаў і ня думаў, які стрэс перажываюць людзі, пакуль думаюць, ці працягнуць зь імі кантракт. А ягоны прафсаюз мае «сотні такіх прыкладаў, калі прафэсіяналаў звальнялі толькі за тое, што яны сябры РЭП або маюць не такую думку, як у наймальніка». Такой формы кантрактаў, падкрэсьлівае ён, больш няма нідзе ў сьвеце, і нават Міжнародная арганізацыя працы прызнае, што кантрактная сыстэма мае элемэнты прымусовай працы.

Зьмены Працоўнага кодэксу дапамогуць?

«Прыпаркамі мёртваму не дапаможаш, — адказвае Яраслаў Раманчук. — Працаваць над кодэксам, калі няма фундамэнтальных зьменаў структуры ўласнасьці, калі няма намеру ўладаў пашырыць сфэру эканамічнай свабоды, матывацыю ўласьнікаў да актываў і зямлі… Ведаеце, можна і кодэкс пра жывёльны сьвет ці ахову расьлінаў зрабіць, але гэта прынцыпова не паўплывае на жаданьне людзей працаваць у нашай краіне».

Ня ягоную думку, кантрактная сыстэма вымушае разумных і творчых людзей проста зьяжджаць з краіны, і яна ня мае нічога агульнага з абаронай правоў работнікаў.

Генадзь Фядыніч лічыць, што праўкі ў Працоўны кодэкс збольшага касмэтычныя, хоць ёсьць і некалькі пазытыўных аспэктаў. Легалізацыя дыстанцыйнай працы — адназначна пазытыўны момант. Скасаваньне забароны слаць у службовыя выправы жанчын зь дзецьмі да 3 гадоў мо і добра для гендэрнай роўнасьці, але ў кодэксе не прапісана, што гэта мусіць рабіцца са згоды жанчыны, а жанчына зь дзіцём можа мець прычыны адмаўляцца ад выпраў, і за адмовы могуць даць вымову і не працягнуць кантракт за сыстэматычнае невыкананьне загадаў. Дазвол падчас працоўнага адпачынку працаваць няпоўны працоўны дзень выкліканы нізкімі заробкамі — Фядыніч жартам прапануе дзяржаве прыняць лёзунг «Зьмена працы — найлепшы адпачынак для работніка».

Акцыя пратэсту на афіцыйным «першамаі» ў Менску, 2018 год
Акцыя пратэсту на афіцыйным «першамаі» ў Менску, 2018 год

​Аднагадовыя кантракты, адзначае ён, «ніхто не забіраў»: гэта «добрасумленным» работнікам маюць прапаноўваць працяг кантракту на максымальны тэрмін, а азначэньне «добрасумленнасьці» можа быць суб’ектыўным. Да таго ж закон не абавязвае прадугледжваць у кантрактах індэксацыю заробкаў. І калі наймальнік мае права звольніць работніка, проста сказаўшы за 30 дзён пра гэта, то работнік ня можа так лёгка звольніцца.

Ён дадае, што ягоны прафсаюз настойвае: калі чалавек адпрацаваў па кантракце год і паказаў добрасумленную працу, то яго трэба пераводзіць на бестэрміновую дамову, якая ня толькі не забароненая, але і прадугледжаная цяперашнім Працоўным кодэксам.

А калі зусім адмяніць кантрактную сыстэму?

Генадзь Фядыніч перакананы, што скасаваньне кантрактнай сыстэмы дасьць і павагу да працоўнага чалавека, і матывуе да высокапрафэсійнай працы. Чалавек будзе «адчуваць сябе лепш як працаўнік і як грамадзянін, калі ягоныя правы не парушаюцца».

Яраслаў Раманчук жа мяркуе, што ад скасаваньня адной толькі кантрактнай сыстэмы наўрад ці зьменіцца шмат.

Пікет у Берасьці, 2016 год
Пікет у Берасьці, 2016 год

«Не кантрактамі адзінымі жыве беларускі дзяржплян і „савок», — кажа ён. — Гэта адзін з элемэнтаў кантролю працоўнай сілы і стварэньня ілюзіі занятасьці. Па сутнасьці, мы закансэрвавалі тую структуру рынку працы і тую структуру эканомікі, якія мелі сэнс мо 40 гадоў таму. Сёньня яна ня мае сэнсу».

Гэтая структура разам з залежнасьцю ад расейскага рынку не прыводзіць ні да якіх пазытыўных вынікаў ні для дзяржаўнага бюджэту, ні для заробкаў людзей.

«Відавочна, што калі нешта мяняць, то ня толькі кантрактную сыстэму», — рэзюмуе Раманчук і заклікае рабіць тое, што суседзі Беларусі зрабілі 20–30 гадоў таму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG