Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантракты на 1 год зьнікнуць? Разьбіраемся з навацыямі ў Працоўным кодэксе


Паводле абноўленага Працоўнага кодэксу Беларусі, калі чалавек адпрацаваў паводле кантракту, заключанага на 1 год, і наймальнік хоча працягнуць працоўныя стасункі, то абавязаны прапанаваць кантракт на максымальны тэрмін.

Міністэрства працы разьлічвае, што гэта дапаможа зьмяніць сыстэму, у якой большасьць кантрактаў заключаецца на год. Але ёсьць нюанс.

Мінпрацы супраць кантрактнай сыстэмы?

Не зусім: яно за захаваньне кантрактаў, але выказваецца супраць аднаго з самых заўважных аспэктаў гэтай сыстэмы. У новым Працоўным кодэксе захоўваецца аснова кантрактнай сыстэмы, але праўкі, як мяркуюць у Мінпрацы, дазволяць выправіць загану, зьвязаную з кантрактамі на 1 год.

«Практыка паказвае, што дастаткова часта наймальнікі на многіх прадпрыемствах ужываюць такі падыход, калі работнікі працуюць ужо шмат гадоў, але пры гэтым ім з году ў год прапануецца на адзін год працягваць кантракт або заключаць новы кантракт, калі мінаюць пяць гадоў, — перадае БелаПАН словы намесьніка міністра працы Ігара Старавойтава. — Гэта, вядома, ня вельмі добра, паколькі трэба, каб працаўнік адчуваў пэўную сувязь з прадпрыемствам, разумеў, што ён не дачасьнік, і калі ён працуе добра, то павінен разьлічваць на больш важкі і працяглы кантракт».

Старавойтаў растлумачыў новую сыстэму так:

  • калі чалавек заключыў кантракт і не дапускаў парушэньняў, то за месяц да заканчэньня кантракту ён і працадаўца паведамляюць адзін аднаму, ці хочуць працягнуць супрацу;
  • калі абодва бакі згодныя працягнуць супрацу, то працадаўца абавязаны прапанаваць працяг кантракту на максымальны тэрмін (адпрацаваў 1 год — прапануюць яшчэ 4, адпрацаваў 2 — прапануюць 3, адпрацаваў 5 — новы кантракт);
  • калі толькі сам працаўнік захоча кантракт на меншы тэрмін, то зь ягонай згоды працадаўца зможа прапанаваць карацейшы кантракт (але ня менш як на 1 год).

«Такім чынам, я думаю, з аднагадовымі кантрактамі сытуацыя будзе выпраўленая, — казаў Старавойтаў. — Мы разьлічваем на тое, што практыка аднагадовых кантрактаў, дзесьці празьмерная, адыдзе ў мінулае».

Чаму гэта можа не спрацаваць

Канчатковы тэкст правак у Працоўны кодэкс пакуль не апублікаваны — даступныя толькі афіцыйныя камэнтары. Невядома, ці абароняць працаўніка ад ціску і схіленьня да заключэньня аднагадовых кантрактаў — могуць паставіць ультыматум: «Або просіш кантракт на 1 год, або не прапануем ніякага», зазначае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

Аляксандар Ярашук, архіўнае фота
Аляксандар Ярашук, архіўнае фота

«Вы ведаеце, наколькі нашыя працаўнікі самастойныя і што вынікае з таго, што працаўнік можа папрасіць заключыць кантракт на год, — кажа Свабодзе Аляксандар Ярашук. — Гэта можа абярнуцца тым, што абсалютная большасьць будзе прасіць у адміністрацыі заключыць зь імі кантракт толькі на адзін год».

Ярашук перакананы: выпадак, калі чалавек сам захоча карацейшы кантракт, — гэта хутчэй выключэньне, бо амаль кожны зацікаўлены ў забясьпечанасьці працай на працяглы тэрмін.

Ён дапускае, што ў цэлым сыстэму працоўных кантрактаў хацелі палепшыць, але магчыма гэта, на яго думку, ня больш, чым палепшыць гільятыну: усё роўна яна застанецца вісець над чалавекам.

«Беларусь — адзіная ў сьвеце краіна часовай занятасьці»

Ярашук заяўляе, што кантрактная сыстэма, якая склалася ў Беларусі, — «нялюдзкая». Ва ўсім сьвеце, кажа ён, кароткатэрміновыя кантракты — гэта выключэньне, а ў Беларусі яны сталі правілам. Акрамя таго, фактычная немагчымасьць звольніцца падчас кантракту — элемэнт прымусовай працы.

Ён дадае, што Беларусь, верагодна, «адзіная ў сьвеце краіна часовай занятасьці»:

«Гэта значна пагаршае прававое становішча працаўніка, — кажа Ярашук пра кароткатэрміновыя кантракты. — Але за мяжой узамен яму ў разы — у два, тры, пяць — падвышаюць заробак. У нас людзей купілі без усялякага падвышэньня заробкаў, літаральна прымусілі перайсьці на сыстэму кароткатэрміновых кантрактаў».

Пры тым няма ніякай неабходнасьці і эканамічнай мэтазгоднасьці трымаць токара або прыбіральшчыцу на кароткіх кантрактах, а ёсьць толькі палітычная мэтазгоднасьць, адзначае Ярашук. І калі раней такіх працаўнікоў было нават забаронена пераводзіць на кароткія кантракты пры пастаянным характары працы, то цяпер у Працоўным кодэксе замацаванае права заключаць кароткатэрміновыя кантракты з усімі працаўнікамі. Гэта ператварае апошніх «у безыніцыятыўных людзей на ланцужку кантрактаў», у «паслухмяныя шрубы, якімі можна лёгка маніпуляваць», рэзюмуе ён.

Тым часам іншая зьмена ў Працоўны кодэкс дае перавагу фактычна праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі: калі працаўнік не ўваходзіць у прафсаюз ФПБ, то можа страціць бонусы, прадугледжаныя калектыўнай дамовай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG