Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самая бедная вобласьць Беларусі — Магілёўская, — дасьледаваньне


Ілюстрацыйнае фота. Жанчына просіць міласьціну ля магілёўскай царквы
Ілюстрацыйнае фота. Жанчына просіць міласьціну ля магілёўскай царквы

У Беларусі самыя высокія маштабы беднасьці — у Магілёўскай вобласьці. Там ўзроўню абсалютнай беднасьці (стану, пры якім чалавек на свой даход ня здольны задаволіць базісныя патрэбы) дасягнула больш за траціну насельніцтва.

Пра гэта сьведчыць дасьледаваньне «Ацэнка беднасьці ў Беларусі за 2017–2018 гг.», праведзенае навуковым супрацоўнікам Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру BEROC Алегам Мазалём.

У працы дасьледаваліся фактары, якія ўплываюць на ўзровень беднасьці ў Беларусі, на падставе зьвестак Белстату з выбарачнага абсьледаваньня хатніх гаспадарак на ўзровень жыцьця за пэрыяд 2017–2018 гадоў.

Галоўныя высновы

  • Узровень абсалютнай беднасьці ў сярэднім па Беларусі за пэрыяд пасьля эканамічнага спаду 2015–2016 гадоў у 2017–2018 гадах зьнізіўся з 29,3% да 23,9%. Акрамя памяншэньня маштабаў абсалютнай беднасьці, адбылося таксама і зьніжэньне яе глыбіні з 7,1% да 5,5% (прыбыткі абсалютна беднага насельніцтва ў меншай ступені адставалі ад рысы беднасьці, чым у папярэднім годзе).
  • Сярод рэгіёнаў самыя высокія маштабы беднасьці ў Магілёўскай вобласьці — там узровень абсалютнай беднасьці дасягнуў 35,7% насельніцтва, глыбіня абсалютнай беднасці — 8,7%.
  • Найбольш істотна ўзровень абсалютнай беднасьці з 2016 году зьнізіўся ў Берасьцейскай і Віцебскай абласьцях (на 10,8% і на 6,2% адпаведна), чаму магла паспрыяць больш высокая ў параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі прымежная эканамічная актыўнасьць насельніцтва (у першым выпадку з Украінай, у другім — з Расеяй), а таксама сэзонная працоўная міграцыя.
  • Найменшы ўзровень абсалютнай беднасьці быў у Менску: ён зьнізіўся з 12,3% у 2016 годзе да 8,6% у 2018 годзе, а глыбіня абсалютнай беднасьці склала толькі 1,2% (г. зн. даходы абсалютна беднага насельніцтва Менску толькі на 1,2% адставалі ад рысы беднасьці).
  • Найбольш уразьлівымі групамі зьяўляюцца дзеці ва ўзросьце да 18 гадоў, якія жывуць у сем’ях з прыбыткам, ніжэйшым за рысу беднасьці; шматдзетныя сем’і (найперш няпоўныя) і жыхары сельскай мясцовасьці, дзе ўзровень аплаты працы ў сярэднім на 20% ніжэйшы, чым у горадзе.

Як гаворыцца ў дасьледаваньні, адным з далейшых шляхоў сацыяльнай палітыкі дзяржавы для пераадоленьня беднасьці можа быць узмацненьне ролі сацыяльнай дапамогі для найбольш уразьлівых груп насельніцтва: дзяцей, шматдзетных сем’яў і жыхароў сельскай мясцовасьці. Напрыклад, істотнае павышэньне дапамогі на дзяцей, а таксама беспрацоўным.

У працы ўжывалася мэтадалёгія вымярэньня абсалютнай беднасьці, якую выкарыстоўвае Сусьветны банк. Разьлік праводзіўся з выкарыстаньнем мэтаду ацэнкі выдаткаў на задавальненьне базавых патрэб, пры разьліку абсалютнай лініі беднасьці ўлічваўся мінімальны спажывецкі кошык (які ўключае прадукты харчаваньня і нехарчовыя тавары), неабходны для задавальненьня базавых спажывецкіх патрэб чалавека. Ацэнка паказьнікаў беднасьці (каэфіцыент абсалютнай беднасьці і індэкс глыбіні беднасьці) разьлічвалася на аснове індэксаў беднасьці Фостэра-Грыра-Торбэке (Фостэр і інш., 1984).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG