Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абсалютная беднасьць у Беларусі павялічылася ў два разы


Ілюстрацыйнае фота

Колькасьць беларусаў, якіх навукоўцы адносяць да катэгорыі «абсалютнай беднасьці» (стан, пры якім індывід на свой даход ня здольны задаволіць нават базісныя патрэбы) дасягнула 29% насельніцтва.

Такую выснову робіць навуковы супрацоўнік цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Алег Мазоль, аўтар дасьледаваньня «Дэтэрмінанты беднасьці ў пэрыяд эканамічнага росту і яго адсутнасьці. Ацэнка дынамікі беднасьці ў Беларусі ў 2009-2016 гадах».

У працы дасьледаваліся ўзровень і фактары, якія ўплываюць, на ўзровень беднасьці ў Беларусі, на падставе зьвестак Белстату па выбарачным абсьледаваньні хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцьця за пэрыяд 2009-2016 гг.

Дасьледаваньне паказала, што з 2009 па 2016 гады самы высокі ўзровень абсалютнай беднасьці назіраўся ў 2011 годзе і складаў 32,58% насельніцтва. На працягу 2012-2014 году адбылося значнае памяншэньне маштабаў беднасьці — у 2014 годзе ўзровень абсалютнай беднасьці зьнізіўся да 14,87% насельніцтва, што было дасягнута ў асноўным за кошт росту даходаў насельніцтва (на 39%). Аднак у 2015-2016 гады ўзровень беднасьці зноў пачаў расьці і за 2 гады вырас удвая — у 2016 годзе ён склаў 29,3% насельніцтва, што, паводле дасьледаваньня, абумоўлена эканамічным крызісам у Беларусі.

На працягу ўсяго пэрыяду дасьледаваньня зафіксаваны ўзровень абсалютнай беднасьці ў сельскай мясцовасьці нязьменна вышэйшы, чым у гарадах: напрыклад, у 2016 годзе ён склаў 40,55% насельніцтва у сельскай мясцовасьці, у той час як у гарадах — 25,27% насельніцтва. У цэлым узровень беднасьці ў сельскіх раёнах краіны ў 2009-2016 гадах у сярэднім складае прыкладна на 10,5% працэнтных пунктаў (ці 44%) вышэй, чым сярэдні па краіне, у той час як у гарадзкіх раёнах — прыкладна на 4 працэнтных пунктаў (або 16%) ніжэйшы за сярэдні па краіне. Гэта зьвязана з тым, што прыбыткі сельскіх жыхароў значна ніжэйшыя, чым у гарадах, а таксама з абмежаванымі магчымасьцямі працаўладкаваньня на вёсцы.

Таксама вынікі паказваюць на наяўнасьць вялікіх рэгіянальных адрозьненьняў ва ўзроўні беднасьці. У прыватнасьці, узровень беднасьці насельніцтва для Гарадзенскай вобласьці ў 2016 годзе прыкладна на 3% ніжэйшы за сярэдні па краіне, а для Берасьцейскай і Магілёўскай абласьцей — адпаведна на 31% і 21% вышэйшы, чым сярэдні па краіне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG