Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вышыванка перамагла Пятра І». У Горках замест помніка расейскаму цару заклікалі любіць горад


Лесьвіца-вышыванка ўдалечыні замест арт-аб’екта мелася стаяць гармата ў гонар Пятра І
Лесьвіца-вышыванка ўдалечыні замест арт-аб’екта мелася стаяць гармата ў гонар Пятра І

У Горках на пастамэнт, зроблены для памятнага знаку расейскаму цару Пятру І, паставілі арт-аб’ект з заклікам любіць горад. Яго назва пададзена на расейскай мове. Побач лесьвіца размаляваная вышыванкай.

Лесьвіца-вышыванка, як візуалізацыя беларускай прасторы ў расейскмоўных Горках

Лесьвіцу на вуліцы Якубоўскага ўпрыгожылі арнамэнтам сёлета. Ідэя візуалізаваць беларускую прастору ў расейскамоўным горадзе аб’яднала грамадзкаактыўных жыхароў райцэнтру. Камунальнікі адрамантавалі саму лесьвіцу, бізнэсоўцы набылі фарбу. Цяпер арт-аб’ект — улюблёнае месца для сэлфі.

Намалявалі вышыванку горацкая мастачка Марыся Каралькова і яе каляжанка з Магілёва Ганна Параханько.

Марыся Каралькова (на дальнім пляне) і Ганна Параханько
Марыся Каралькова (на дальнім пляне) і Ганна Параханько

«Арнамэнт — гэта моцны акцэнт на беларускасьць, якой замала ў Горках і мяне цешыць, што мне выпала спрычыніцца ў стварэньне кавалачка беларушчыны, які стаў дужа папулярны ў жыхароў гораду», — кажа Марыся Каралькова.

Чаму перадумалі ставіць памятны знак Пятру І?

Ідэя ўвекавечыць у Горках памяць пра Пятра І ўпершыню агучвалася ў 2015 годзе. Сёлета пра яе ўспомнілі. На пастамэнт непадалёк ад райвыканкаму зьбіраліся паставіць муляж гарматы ХVІІІ стагодзьдзя і шыльду. Такім чынам хацелі адзначыць знаходжаньне маскоўскага цара ў Горках падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе.

Арт-аб’ект з заклікам любіць Горкі. На пастамэнце зьбіралі паставіць гармату
Арт-аб’ект з заклікам любіць Горкі. На пастамэнце зьбіралі паставіць гармату

Адкрыць мэмарыяльны знак расейскаму цару плянавалі 26 чэрвеня, у гадавіну вызваленьня Горацкага раёну ад нацыстаў. Пасьля крытычных публікацыяў у незалежных мэдыя аблвыканкам вырашыў, што парушаныя працэдуры ўзгадненьня, таму ставіць гармату ў гонар Пятра І перадумалі.

Што рабілі Пётар І і яго войска ў Беларусі

​Увекавечваньне расейскага самадзержца было ўспрынята як неадэкватнае ўшанаваньне ўсяго таго, што ён учыніў у Беларусі.

Войскі расейскага цара Пятра І знаходзіліся на беларускіх землях падчас Паўночнай вайны (1700–1721). Рэч Паспалітая тады была саюзьніцай маскоўскага цара ў вайсковай кампаніі супраць швэдзкага караля Карла XII. Паводле гістарычных зьвестак, расейцы раскватаравалі ў Беларусі 70 тысяч сваіх жаўнераў, утрыманьне якіх стала абавязкам мясцовага насельніцтва.

Улетку 1705 году Пётар І разам са сваім хаўрусьнікам Аляксандрам Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі ў Полацкім Сафійскім саборы забілі пецярых уніяцкіх сьвятароў. Храм абрабавалі, а ў яго сутарэньнях зрабілі парахавое сховішча. Празь пяць гадоў яго ўзарвалі, зьнішчыўшы беларускую Сафію амаль дашчэнту. У верасьні 1708 году расейскія войскі спалілі Віцебск, Воршу, Амсьціслаў, Дуброўну, што непадалёк ад Горак. Да таго ж абрабавалі пасьля швэдаў і спалілі Магілёў.

За гады Паўночнай вайны Беларусь страціла ад баявых дзеяньняў, голаду і эпідэміяў 700 тысяч жыхароў — кожнага трэцяга. Вайна прывяла да глыбокага палітычнага крызісу і падзелу ў 1772 годзе тагачаснай дзяржавы беларусаў — Рэчы Паспалітай

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG