Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прайшлі масавыя ператрусы ў апазыцыйных палітыкаў


Ілюстрацыйнае фота. Палітык Дзьмітры Гудкоў
Ілюстрацыйнае фота. Палітык Дзьмітры Гудкоў

У Маскве ўвечары 24 ліпеня адбыліся ператрусы ў памяшканьнях некалькіх апазыцыйных палітыкаў, якія спадзяваліся стаць кандыдатамі ў дэпутаты мясцовай Думы.

Ператрусы і выклікі на допыты зьвязаныя з крымінальнай справай аб перашкодзе дзейнасьці выбаркамаў, заведзенай пасьля сэрыі мітынгаў з патрабаваньнем зарэгістраваць апазыцыйных кандыдатаў.

Каля 22:00 паліцыя прыйшла зь ператрусамі да палітыка Дзьмітрыя Гудкова, у палітыка былі канфіскаваныя тры ноўтбукі, сыстэмны дыск кампутара, флэшкі і смартфон. Пасьля ператрусу Гудкова выклікалі на допыт да сьледчага на 10:00 25 ліпеня.

Пазьней стала вядома пра ператрусы ў дырэктара зьвязанага з апазыцыйным палітыкам Аляксеем Навальным «Фонду барацьбы з карупцыяй» Івана Жданава (пасьля ператрусу яго павезьлі на допыт), каля паўночы паліцыя прыйшла да муніцыпальнага дэпутата раёну Міціна Мікалая Баландзіна і кандыдата ў гарадзкую думу Масквы Аляксандра Салаўёва. Актывістку Юлію Галяміну, супрацоўніцу «Фонду барацьбы з карупцыяй» Любоў Собаль і бацьку Дзьмітрыя Гудкова, былога дэпутата Дзярждумы Расеі Генадзя Гудкова выклікалі на допыты.

Крымінальную справу аб перашкодзе дзейнасьці выбаркамаў завялі днём 24 ліпеня. Як лічыць Сьледчы камітэт Расеі, менавіта з гэтай мэтай у Маскве былі арганізаваныя мітынгі каля выбарчай камісіі і на Трубнай плошчы. У прэс-рэлізе СК напісана, што чальцам выбаркамаў пагражалі гвалтам. Артыкул 141, па якім распачатая крымінальная справа, прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Увечары 24 ліпеня на 30 сутак быў арыштаваны палітык Аляксей Навальны. Падставай для арышту стаў ягоны заклік да правядзеньня акцыі каля мэрыі Масквы ў падтрымку незалежных кандыдатаў, а таксама ягоны пост у Facebook з заклікам прачытаць заяву саміх кандыдатаў з гэтай нагоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG